З першым пашпартам у дарослае жыццё. Юным шчучынцам урачыста ўручылі галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Па добрай традыцыі напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Шчучынскім раёне ўручаюць пашпарты лепшым прадстаўнікам вучнёўскай моладзі, якія маюць асаблівыя заслугі ў вучобе, спорце і грамадскім жыцці.
Сёлета святочная цырымонія ўручэння пашпартоў адбылася ў сценах музея сімволікі Гродзенскай вобласці, што знаходзіцца ў СШ № 2 горада Шчучына. Адна з галоўных экспазіцый музея прысвечана менавіта Канстытуцыі нашай краіны. Сімвалічна, што ў гэтым годзе спаўняецца 30 гадоў са дня прыняцця першай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Галоўны Закон краіны стаў гарантам правоў і свабод грамадзян.
Святочнае мерапрыемства на базе другой школы наведалі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна, пракурор раёна Алег Вялічка, часова выконваючы абавязкі першага намесніка начальніка РАУС – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Павел Найда.
– Сёння для вас асаблівы дзень, – звяртаючыся да школьнікаў адзначыла Таццяна Цюсіна. – Той дакумент, які вы зараз атрымаеце, будзе суправаджаць вас на працягу ўсяго жыцця. І я ўпэўнена, што маючы гэты дакумент, вы будзеце старацца зрабіць нашу краіну лепшай, захоўваць мір і парадак на гэтай зямлі. З вамі заўсёды будзе пашпарт, як частка грамадзяніна, як частка патрыёта.
З рук кіраўніцтва раёна і праваахоўнікаў таленавітыя школьнікі атрымалі галоўны дакумент грамадзяніна – пашпарт. Ганаровыя госці заўважылі, што разам з правамі кожны грамадзянін мае абавязкі, якія павінен з гонарам выконваць на карысць краіны. Таксама хлопчыкам і дзяўчынкам былі ўручаны экзэмпляры Канстытуцыі.
Яшчэ ў гэты дзень папоўніліся шэрагі БРСМ, членскія білеты моладзевай арганізацыі школьнікі атрымалі падчас урачыстага мерапрыемства.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.