Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзея Хальцова сустрэлася з працоўнымі калектывамі і моладдзю Шчучынскага раёна
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзея Хальцова працавала на гэтым тыдні у выбарчай акрузе на тэрыторыі Шчучынскаг раёна. Парламентарый правяла сустрэчы з працоўнымі калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў Шчучына, а таксама ўзяла ўдзел у дыялогавай пляцоўцы з актывам і моладдзю нашага раёна.
У рамках сустрэч з працоўнымі калектывамі нашага горада Надзея Хальцова сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ганнай Хвядзюк наведалі сярэднюю школу № 2, РУП ЖКГ і прадпрыемства “Аромавкус”. Падчас сустрэч удзельнікі абмеркавалі бягучую электаральную кампанію, спецыфіку і асноўныя прававыя аспекты выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года.
– У нашай краіне выбары Прэзідэнта свабодныя і адкрытыя. Не трэба думаць, што ваш голас нічога не вырашыць. Паверце, кожны голас мае значэнне для будучага краіны, – расказала Надзея Хальцова.
На тэрыторыі Беларусі ўжо арганізаваны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, плануецца, што не пазней за 26 снежня будуць створаны больш за 5000 участковых камісій.
Акрамя электаральнай кампаніі падчас сустрэчы была таксама абмеркавана заканатворчая дзейнасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у прыватнасці прысутныя абмеркавалі нядаўнія змены ў заканадаўстве звязаныя з адтэрміноўкамі па банкаўскіх крэдытах. Таксама грамадзяне змаглі звярнуцца да дэпутатаў з асабістымі пытаннямі і прапановамі.
Грунтоўная размова адбылася падчас дыялогавай пляцоўкі з актывам і працоўнай моладдзю раёна “У будучыню глядзім разам”. Акрамя Надзеі Хальцовай і Ганны Хвядзюк удзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Юрый Пашук, член Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Наталля Сямашка і першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Дзмітрый Чывіль.
На сустрэчы прысутныя паглядзелі фільм аб дасягненнях, якімі славіцца наш раён. Вялікая частка мерапрыемства была прысвечана заканадаўчай аснове выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Спікеры падзяліліся сваім меркаваннем аб значнасці гэтай падзеі, якая вызначыць палітычны курс нашай краіны на наступныя гады. Асобна была адзначана роля моладзі ў фармаванні ўстойлівага грамадства.
Кожны з прысутных, хто хацеў задаць пытанне спікерам, мог скарыстацца адкрытым мікрафонам, каб напрамую выступіць з прапановай альбо падзяліцца сваёй ініцыятывай. Моладзь цікавілася развіццём сацыяльнай сферы нашага раёна, абмеркавалі важнасць палітычнай актыўнасці сярод маладога пакалення беларусаў. Таксама прагучала тэма праверкі і верыфікацыі інфармацыі ў розных СМІ.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.