Асабісты прыём грамадзян і сустрэчу з працоўнымі калектывамі дзіцячых садоў Шчучына правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Надзея Хальцова

 

На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзея Хальцова працавала ў выбарчай акрузе на тэрыторыі Шчучынскага раёна. Сумесна з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Цюсінай дэпутат правяла асабісты прыём грамадзян, прамую тэлефонную лінію і сустрэлася з працоўнымі калектывамі дзіцячых садоў № 6 і № 4 горада Шчучына.

 

Падчас асабістага прыёму жыхароў нашага раёна цікавілі пытанні, звязаныя з работай устаноў культуры. Таксама грамадзяне звярталіся з пытаннямі аб льготах для інвалідаў і прасілі патлумачыць нюансы зямельнага заканадаўства.

 

 

Некаторыя жыхары Шчучыншчыны скарысталіся магчымасцю задаць пытанні дэпутату па прамой тэлефоннай лініі. Яны цікавіліся рамонтам дарог і магчымасцю працаўладкавання. Усе праблемныя пытанні былі ўзяты на кантроль.

 

 

Сустрэча з працоўным калектывам дзіцячага сада № 6 была прысвечана галоўнай палітычнай падзеі – выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 года. Прысутныя абмеркавалі бягучую электаральную кампанію, асобна звярнулі ўвагу на добры досвед правядзення адзінага дня галасавання ў пачатку гэтага года. Таксама Надзея Хальцова расказала аб заканатворчай дзейнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

 

 

– Лічу, што мы павінны актыўна праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і зрабіць правільны выбар, – адзначыла Надзея Хальцова. – Паважаныя калегі, педагогі заўсёды былі актыўнымі ў гэтым плане. Нам трэба годна і свядома падысці да гэтай палітычнай падзеі і разумець, што менавіта мы з вамі вызначаем будучыню краіны.

 

 

Напрыканцы сустрэчы прысутныя мелі магчымасць задаць дэпутату хвалюючыя пытанні і абмеркаваць актуальныя тэмы.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!