Вытворчы ўчастак СВУ “Пратасаўшчына” – у перадавіках
Вытворчы ўчастак СВУ “Пратасаўшчына” па выніках мінулага года прызнаны лепшым сярод вытворчых падраздзяленняў гаспадарак Шчучыншчыны. Летась валавы збор зерневых тут склаў 6090 тон пры сярэдняй ураджайнасці хлебнай нівы 66,2 цэнтнера з гектара.
– У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія не лічацца з асабістым часам і ўмеюць дабівацца пастаўленых задач, – характарызуе сваіх калег брыгадзір вытворчага ўчастка СВУ “Пратасаўшчына” Іван Жывушка. – І хлебная ніва шчодра аддзячвае нам за клопат! Летась дзякуючы строгаму выкананню ўсіх тэхналогій, унясенню ў поўнай меры мінеральных угнаенняў і своечасова праведзенай хімпраполцы ўсходаў мы вырасцілі дастойны ўраджай зерневых і зернебабовых культур, рапсу і кукурузы. Таксама заклалі неабходную колькасць кармоў для буйной рагатай жывёлы, якой у гаспадарцы амаль 6 тысяч галоў.
Летась агульная плошча сельгасугоддзяў у СВУ “Пратасаўшчына” налічвала 4408 гектараў. Для правядзення ўсіх відаў работ на зямлі ў мясцовых механізатараў ёсць 36 трактароў, з якіх 5 – энерганасычаныя, 3 кормаўборачныя і 6 зернеўборачных камбайнаў, а таксама неабходныя навясныя і прычапныя агрэгаты.
У тым, што працоўны калектыў СВУ “Пратасаўшчына” функцыяніруе як адзіны арганізм, вялікая заслуга дырэктара Віктара Семяновіча. Энергічны, чулы і мэтанакіраваны, ён умела кіруе ўсім вытворчым працэсам і заўсёды дабіваецца выканання пастаўленых задач.
– Якой бы сучаснай і магутнай ні была тэхніка, высокіх вытворчых паказчыкаў немагчыма дабіцца без зладжанай і самаадданай працы ўсяго калектыву, – перакананы Віктар Анджэевіч. – Як вядома, кадры вырашаюць усё! І ў гэтым плане нам сапраўды пашанцавала. Наш галоўны аграном Віктар Мінько – сапраўдны прафесіянал: адказны, уважлівы і ўніклівы, ён умее арганізаваць вытворчы працэс. Заўсёды гатовы падставіць яму плячо галоўны інжынер Сяргей Клачко. Галоўны заатэхнік Марыя Сухарэвіч ведае пра жывёл усё. Бездакорна выконваюць свае абавязкі механізатары Андрэй Вербаль, Мікалай Карпач, Уладзімір Бодак, Валерый Клімовіч, Станіслаў Росенік і яго сын Андрэй і многія іншыя.
З надыходам вясны працы ў аграрыяў СВУ “Пратасаўшчына” значна прыбавілася. Механізатары ўжо выйшлі ў поле: актыўна рыхтуюць палеткі да сяўбы і ўносяць неабходную колькасць мінеральных угнаенняў. Як толькі надвор’е стане больш цёплым і на працягу пяці дзён тэмпература паветра будзе трымацца на ўзроўні +8 градусаў, тут пачнуць сеяць яравыя культуры – пшаніцу, ячмень і трыцікале.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.