У СВУ “Пратасаўшчына” на жніве задзейнічаны шэсць зернеўборачных камбайнаў айчыннай вытворчасці, адзін з якіх – “КЗС-1218”, набыты акурат перад уборачнай кампаніяй

 

Новую тэхніку даверылі механізатару з амаль 30-гадовым стажам Яўгенію Кралька.

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Аздобічы, камбайн Яўгенія Эдуардавіча па самую кабіну патанаў у рапсе – такімі высокімі вымахалі расліны. Ён размерана рухаўся з хуткасцю тры кіламетры ў гадзіну, як таго патрабуюць тэхналогіі для мінімалізацыі страт ураджаю, і пакідаў пасля сябе палосы свежаабмалочаных сцяблін, якія пасля завяршэння ўборкі будуць закультываваны.

 

– На новай тэхніцы працаваць камфортна, – задаволены Яўгеній Кралька. – У бункер змяшчаецца каля 7 тон зерня. Дзякуючы джойстыку ўпраўлення я паўтараю жаткай контуры поля, што дазваляе зрэзваць расліны на аптымальнай вышыні і абмалочваць толькі зерне.

 

Як толькі бункер камбайна Яўгенія Эдуардавіча быў запоўнены, да яго аператыўна пад’ехаў на загрузку новы 30-тонны МАЗ з прычэпам. Некалькі хвілін, і магутны грузавік узяў курс на зернесушыльны комплекс.

 

 

– Я атрымаў новенькі МАЗ у маі, – дзеліцца вадзіцель Уладзімір Дужык. – Сам ездзіў забіраць яго на завод у Мінск, а адтуль – сваім ходам у Магілёў па прычэп. Калі вярнуўся ў гаспадарку, мы на паўметра “нарасцілі” на кузаве і прычэпе барты для павелічэння грузападымальнасці. Я задзейнічаны не толькі на адвозцы зерня новага ўраджаю, але і пры неабходнасці езджу па ўгнаенні, выконваю іншыя работы. За дзень праязджаю ў сярэднім 200 кіламетраў і “спальваю” да 100 літраў саляркі. У кабіне ўсталяваны навігацыя і рэгістратар, бакавыя люстэркі рэгулююцца аўтаматыкай, вышыню руля можна ўстанавіць пад сябе для камфорту кіравання. Адным словам, абноўкай вельмі задаволены!

 

Дарэчы, гэта далёка не ўсе тэхнічныя навінкі ў СВУ “Пратасаўшчына”: сёлета ў сельгаспрадпрыемстве набылі 7 адзінак новай тэхнікі, сярод якіх кран, сеялка, культыватар і каток. Такім чынам мясцовыя аграрыі істотна ўзмацнілі свой тэхнічны парк.

 

 

– Усё гэта для таго, каб аператыўна і максімальна якасна праводзіць усе сельскагаспадарчыя работы, – зазначае галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Мінько. – Большасць тэхнікі мы ўжо паспяхова абкаталі. Да прыкладу, новы камбайн “КЗС-1218” ва ўмелых руках Яўгенія Кралька замяніў два старыя, якія з-за моцнай зношанасці прыйшлося спісаць. Цяпер у нас шэсць камбайнаў, і іх дастаткова, каб своечасова ўбіраць хлеб. Зерневы клін у гаспадарцы налічвае 905 гектараў, з якіх большасць засеяны азімым трыцікале (295 гектараў), пшаніцай (200 гектараў) і жытам (80 гектараў). Яравыя культуры прадстаўлены тым жа трыцікале (140 гектараў) і пшаніцай (50 гектараў), а таксама ячменем (70 гектараў) і зернебабовымі (70 гектараў). Пакуль ураджайнасць зерневых складае каля 60 цэнтнераў з гектара. Асабліва радуе рапс: мы правялі фунгіцыдныя і тры інсектыцыдныя апрацоўкі пасеваў, унеслі каля 250 кілаграмаў азотных угнаенняў на кожны гектар, таму разлічваем атрымаць не менш за 50 цэнтнераў масланасення з кожнага гектара. Для яго дасушкі ў нас ёсць сучасная зернесушыльная лінія, а для перапрацоўкі – лінія па вытворчасці рапсавага алею.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!