Першы сноп нажалі. У СВУ “Пратасаўшчына” прайшлі карпаратыўныя “Зажынкі” арганізацый аграпрамысловага комплексу ДВА “Белпалівагаз”

 

Старадаўнім абрадам “Зажынкі” ўрачыста далі старт уборачнай кампаніі ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу ДВА “Белпалівагаз”. Мерапрыемства сабрала хлебаробаў і работнікаў энергетычных кампаній з розных абласцей нашай краіны і прайшло на базе СВУ “Пратасаўшчына” Шчучынскага раёна.

 

 

Сярод ганаровых гасцей былі намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліве і газіфікацыі “Белпалівагаз” Віктар Семяновіч, генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблгаз” Яўгеній Смірноў, дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Генадзій Шатуеў.

 

Права першым прывітаць удзельнікаў свята выпала Віктару Семяновічу:

 

– Здаўна свята “Зажынкі” з’яўлялася пачаткам найважнейшай вехі земляробства – пачатку збору ўраджаю. Багацце любой краіны вызначалася наяўнасцю хлеба, і гэта актуальна і па сённяшні дзень. Забяспечваць харчовую бяспеку краіны, не залежаць ад іншых дзяржаў – гэта задачы, якія перад намі ставіць не толькі наш Прэзідэнт, але і жыццё. Сёння свята ўсіх земляробаў, не толькі камбайнёраў, якія зробяць першы праход, не толькі кіроўцаў, якія адвязуць гэты ўраджай. Гэта свята ўсіх тых, хто цэлы год працаваў на фермах, у майстэрнях і адміністратыўных будынках. Гэта вянец усіх нашых старанняў, бо сёння многа ўкладзена працы і сродкаў ва ўраджай. І ён атрымаўся добры.

 

Як заўважыў Віктар Семяновіч, перад аграрыямі стаіць грандыёзная задача. Усяго ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах ДВА “Белпалівагаз” трэба ўбраць 8830 гектараў каласавых культур і 2850 гектараў алейных культур, што адпавядае аб’ёмам сярэднестатыстычнага раёна Беларусі. Для выканання пастаўленых задач у аграрыяў сістэмы “Белпалівагаз” ёсць камбайнавы парк у колькасці 54 адзінак, 14 зернесушыльных комплексаў і 58 машын для адвозкі ўраджаю.

 

З даўніх часоў беларускі народ адзначае “Зажынкі”. Нашы продкі верылі, што перад пачаткам жніва трэба падзякаваць роднай зямлі за добры ўраджай, таму першы сноп не малацілі, а зберагалі. Традыцыі жывуць і па сённяшні дзень. І вось жанчыны з сярпамі ў нацыянальных строях ідуць у каласістае поле прыгаворваючы: “Божа, дапамажы хлеб сабраць. Дапамажы, Божа, каб лёгка жалася, каб усё жніво грэла сонейка, каб сабраць багаты ўраджай”.

 

 

Па добрай традыцыі сімвал сёлетняга ўраджаю – першы сноп жнеі перадалі кіраўніку гаспадаркі Генадзію Шатуеву.

 

 

“Зажынкі” – хвалюючы абрад, бо ўвасабляе працу практычна ўсяго нашага калектыву, – адзначыў Генадзій Шатуеў. – Пачынаючы ад галаўнога прадпрыемства да працаўнікоў у палях і майстэрнях. Мы вырасцілі добры хлеб, хачу толькі папрасіць у Бога добрага надвор’я. Каб было светлае неба, без навалы і ўраганаў. Каб мы сабралі ўвесь ураджай без страт. І каб кожнаму ўдзельніку ўборачнай кампаніі хапіла на гэта сіл і здароўя. Механізатары ведаюць сваю працу – 400 гектараў рапсу і 1310 гектараў каласавых трэба ўбраць у гэтую кампанію. Сёлета наш парк папоўніўся новай машынай “Гомсельмаш”, таму ўпэўнены, што мы выканаем пастаўленую задачу.

 

Згодна з народнымі традыцыямі айцец Анатолій і ксёндз Андрэй маліліся і бласлаўлялі хлебаробаў, каб без страт сабралі вялікі ўраджай і каб надвор’е спрыяла аграрыям.

 

 

Хлебаробаў і гасцей свята частавалі духмяным караваем і квасам, а добры настрой падтрымліваў народны ансамбль песні “Васільковая раніца”. Напрыканцы свята пачуўся гук магутных машын – гэта камбайны рушылі ў першы праход.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!