Справа Генадзія Шуміка жыве: у Шчучыне прайшоў традыцыйны турнір памяці Генадзія Шуміка

 

22 кастрычніка ў Шчучыне ў 24 раз прайшоў турнір памяці былога намесніка дырэктара завода “Аўтапровад” Генадзія Шуміка.

 

Генадзій Шумік шмат зрабіў для развіцця шчучынскага футбола, на жаль, ён трагічна загінуў у аўтакатастрофе ў 1998 годзе. Аднак памяць пра гэтага чалавека жыве.

 

Вось што нам расказаў былы прэзідэнт футбольнай каманды “Аўтапровад”, а сёння дырэктар раённага спартыўнага клуба Віктар Струкель:

 

 

– Дзякуючы Генадзію Аляксандравічу Шуміку ў пачатку 90-х гадоў наш футбольны клуб атрымаў спонсарскую падтрымку ад завода “Аўтапровад”. Гэта дазволіла нам перамагчы на першынстве вобласці і потым выступаць у трэцяй лізе чэмпіянату рэспублікі. Спартыўныя дасягненні даваліся нам не проста, але энтузіязм і настойлівасць Генадзія Шуміка, які і сам быў гульцом нашай каманды, заўсёды дапамагалі калектыву і давалі сілы на новыя перамогі.

 

Сёлета спаборніцтвы праводзіліся ў фармаце міні-футбола і сабралі чатыры каманды: ФСК “Шчучын”, “Аўтапровад”, МФК “Ліда” і МФК “Лідар” са Скідзеля.  Адкрывала турнір паўфінальная сустрэча ФСК “Шчучын” і МФК “Ліда”, у якой мацнейшымі аказаліся госці. У другой пары, дзе за выхад у фінал змагаліся скідзельскі “Лідар” і наш “Аўтапровад”, перамогу атрымалі менавіта шчучынскія спартсмены.

 

 

Такім чынам, у матчы за 3 месца ФСК “Шчучын” гуляў з “Лідарам”. Сустрэча пачалася на карысць гасцей, якія змаглі забіць два хуткія галы. Аднак у другім тайме лік на табло быў ужо 3:3. Далей дзякуючы намаганням нашых футбалістаў у канцоўцы гульні перамогу атрымаў ФСК “Шчучын”. Выніковы лік матча за трэцяе месца – 4:3.

 

У фінале турніру сустрэліся “Аўтапровад” і “Ліда”. Госці з суседняга раёна ў мінулым сезоне гулялі ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па міні-футболе, таму на лёгкую гульню наша каманда не разлічвала. З самага пачатку матча лідскія футбалісты паказалі высокі ўзровень майстэрства. Але дзякуючы эфектыўным дзеянням у абароне і хуткім выхадам у контратакі “Аўтапровад” першым забіў два галы. Пасля гэтага госці гуляць не кінулі і ў адказ забілі ў вароты “Аўтапровада” тры мячы. У другім тайме шчучынцы зраўнялі лік на табло – 3:3, але канцоўка гульні прайшла пад дыктоўку лідчан, якія да фінальнага свістка паспелі правесці яшчэ дзве паспяховыя атакі і перамаглі.

 

 

Па выніках спаборніцтваў пазіцыі каманд размеркаваліся наступным чынам: чацвёртае месца – у скідзельскага “Лідара”, бронзавае трэцяе месца ўзяў ФСК “Шчучын”, другую п’едэстальную прыступку заняў “Аўтапровад”, а золата турніру дасталася МФК “Ліда”. Дзякуем удзельнікам за добрую гульню!

 

Вынікі турніру пракаментаваў галоўны трэнер шчучынскіх футбольных каманд Дзмітрый Кірылаў:

 

– Канечне ж, хацелася перамагчы, але якасцю нашай гульні я цалкам задаволены. Гэтым разам мы выставілі на турнір дзве каманды. Першая – “Аўтапровад” – скажам так, больш асноўная. У другой камандзе – ФСК “Шчучын” – мы зрабілі акцэнт на моладзі. Абедзве каманды паказалі сябе добра. Зараз мы рыхтуемся да ўдзелу ў кубку рэспублікі Беларусь па міні-футболе, таму турнір выдатна ўвайшоў у план падрыхтоўкі.

 

Падзяліўся з намі думкамі пра турнір галоўны трэнер МФК “Ліда” Аляксандр Кавалёў:

 

– Мы з радасцю прынялі запрашэнне ад Дзмітрыя Кірылава. Турнір атрымаўся добры, выдатна арганізаваны. Тым больш, што мы ўшанавалі памяць добрага чалавека – Генадзія Шуміка. Мы паважаем яго за тое, што ён развіваў футбол у Шчучыне. Дзякуючы такім людзям, спорт у нашым рэгіёне развіваецца і гэта варта павагі і памяці.

 

 

Як бачым, футбольныя традыцыі ў Шчучыне захоўваюцца і памнажаюцца. У нашым раёне Генадзію Аляксандравічу ўдзячна не адно пакаленне спартсменаў і заўзятараў. Таму памяць аб ім жыве і што самае галоўнае – справа яго жыве!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!