Круіз па-беларуску. На Аўгустоўскім канале катаюцца на цеплаходзе, лодках і... роварах

 

Сёлета стаўка робіцца на ўнутраны турызм. Дзеля гэтага ў краіне будуць больш актыўна задзейнічаць патэнцыял рэк і азёр. На Гро­дзеншчыне зонай прыцягнення ў апошнія гады з’яўляецца Аўгустоўскі канал. Пасля ўключэння ўнікальнай вод­най артэрыі ў бязвізавую зону на яе берагі накіраваліся тысячы замежнікаў. Аднак пандэмія каранавіруса балюча ўдарыла па ўязным турызме: калі ў 2019-м на канале пабывала больш за 120 000 чалавек з 70 краін свету, то летась — усяго каля 15 000. Тут працягвае ўдасканальвацца інфраструктура, арганізоўвацца падзейныя мерапрыемствы.

 

Актыўна развіваецца веласіпедны рух, ствараюцца ўмовы для байдарачнікаў і маламерных суднаў. Гэта значыць, на Аўгустоўскім канале можна будзе пакатацца не толькі на цеплаходзе “Нёман”, і не толькі ў выходныя дні.

 

Трапіць у рэйс са шлюзаваннем

 

Эпідэміялагічная сітуацыя як і раней складаная, але нягледзячы на звязаныя з ёй абмежаванні, людзі ўсё роўна прыязджаюць на Аўгустоўскі канал невялікімі групамі, каб палюбавацца прыгажосцю прыроды ў акваторыі воднай жамчужыны.

— За мінулы год на нашым цеплаходзе «Нёман» пракацілася ўсяго каля 9000 чалавек, — пры­водзіць лічбы намеснік гендырэктара па эканоміцы і фінансах АУП «Гроднамеліявадгас» Павел КОХАНАЎ. — Сёння заказы на экскурсіі фарміруюцца даволі актыўна, таму ёсць надзея сёлета навярстаць упушчанае. Акрамя таго, у маі прыбудзе другое судна, якое было спецыяльна выраблена для нас, дзякуючы ўдзелу ў праекце ПРААН.

Гэта доўгачаканая падзея, паколькі яно дазволіць катаць па канале невялікія групы турыстаў, да 30 чалавек. Безумоўна, раней на Аўгустоўскі канал ехалі ў асноўным замежныя турысты, а цяпер тут свае грамадзяне, якія вандруюць па Беларусі.

На дадзены момант цеплаход «Нёман» катае турыстаў групамі ў любы дзень, а індывідуальна ў выходныя. Каб вывесці судна на маршрут, трэба як мінімум 20 чалавек — тады кошт білета будзе прымальны, бо гадзіна арэнды каштуе 380 рублёў. Звычайна на борт падымаецца 40–50 пасажыраў. Лодка або водны ровар на гадзіну будуць каштаваць 10 рублёў. Адзін квіток гадзіннага катання на цеплаходзе «Нёман» (дзеці да 5 гадоў — бясплатна) абыдзецца ў 8 рублёў.

— Індывідуальныя турысты часцей за ўсё прыязджаюць на шлюз «Дамброўка» ў выхадныя дні — суботу і нядзелю, калі пацяплее. Для гэтага мы браніруем спецыяльныя гадзіны, калі цеплаход «Нёман» здзяйсняе адзін-два рэйсы з 13:00 да 16:00 па прыватных заяўках. Гэта зроблена спецыяльна, каб наведвальнікі канала маглі адправіцца на прагулку па вадзе, купіўшы квіток на месцы, — тлумачыць генеральны дырэктар прадпрыемства Барыс БАГДАНЕЦ.

Летась была спроба катаць зборныя групы. Напрыклад, калі на суботу невялікая група да дзесяці чалавек планавала паездку, то ва ўзгадненні з турыстычнымі кампаніямі адбываўся дабор заявак на поўную загружанасць судна.

Цікавей за ўсё трапіць у рэйс са шлюзаваннем – унікальны чатырохкамерны шлюз дазваляе за чатыры этапы пераадолець амаль дзесяціметровы перапад вышыні, праўда расцягнецца гэта задавальненне на цэлую гадзіну – лічы, цэлы круіз.

За звесткамі – у Сапоцкін

За некалькі кіламетраў ад канала размешчана не менш цікавае мястэчка – гарадскі пасёлак Сапоцкін. Там у любы час года гатовыя прыняць адпачывальнікаў, правесці экскурсіі і пачаставаць мясцовымі далікатэсамі. Пра гэта паведаміла загадчыца мясцовага музея пісанкі Ганна ГАЛУБЦОВА:

— Увесну пачалі памалу прыязджаць турысты — у асноўным беларусы. Практычна ўсе вялікія групы праходзяць праз мае рукі. Цікавяцца славутасцямі канала і яго ваколіц. Паверце, ёсць што паказаць. У пасёлку захаваліся касцёл XVIII стагоддзя, капліцы-пахавальні Гурскага і Дыяканскай, старадаўнія могілкі, у тым ліку адны з самых старых у краіне яўрэйскіх могілак. Ёсць пахаванне салдат Першай сусветнай вайны, вуліца імя Яна Паўла II, побач — фартыфікацыйныя збудаванні, мноства дотаў. Актыўна займаемся арганізацыяй і правядзеннем масавых мерапрыемстваў, якія спрыяюць захаванню культурнай спадчыны беларускага народа, выхаванню павагі і гонару за сваю малую радзіму.

У Гродне і Сапоцкіне працуе турысцка-інфармацыйных цэнтр, дзе вандроўцы могуць пракансультавацца. У прыватнасці, турысты могуць падрабязней даведацца аб Аўгустоўскім канале і размешчаных на тэрыторыі раёна маршрутах – пешаходных, веласіпедных, аўтамабільных. Там жа прадаюцца сувеніры, ёсць Wi-Fi са свабодным доступам.

У цэлым, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці размяшчаецца дванаццаць турысцка-інфармацыйных цэнтраў.

– Але на Гродзеншчыне адсутнічае іх адзіная сетка, з дапамогай якой аператыўна аказваюцца паслугі па атрыманні даведачнай інфармацыі, браніраванню гасцінічных месцаў, выбару экскурсій і тураў, забеспячэнні рэкламна-інфармацыйнай прадукцыяй, – адзначае намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Таццяна ЛІДЗЯЕВА.

Дарэчы, у вобласці распрацавана 268 турыстычных маршрутаў па Гродзеншчыне, 18 з іх – у мінулым годзе.

Нагадаем, што Аўгустоўскі канал – гэта свабодная для наведвання зона, куды можна прыехаць на адпачынак у любы дзень і любы час.

 

ЗВЯЗДА

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!