Пакатацца на цеплаходзе па Аўгустоўскім канале можна будзе ў пачатку красавіка
Як распавялі ў АУП «Гроднамеліяводгас», афіцыйны пачатак турыстычнага сезона запланаваны на 9 красавіка. У пазначаныя выхадныя ўсе жадаючыя змогуць зноў здзейсніць падарожжа па Аўгустоўскім канале на цеплаходзе «Нёман».
Зараз судна праходзіць старанную падрыхтоўку да таго, каб з поспехам пачаць новы сезон і ва ўдарным рэжыме прапрацаваць усё лета.
— Мы плануем пачаць катаць людзей па Аўгустоўскім канале з 9 красавіка, — распавёў намеснік гендырэктара па эканоміцы і фінансах АУП «Гроднамеліяводгас» Павел Коханаў, — На дадзены момант цеплаход «Нёман» стаіць на шлюзе «Нямнова» і праходзіць падрыхтоўку да пачатку турыстычнага сезон.
Падрыхтоўчыя працы ўключаюць рамонт і наступнае тэхнічнае абслугоўванне. У прыватнасці, ужо ўсталяваны новы кандыцыянер, будуць праведзены частковыя аздобныя працы, пазней спецыялісты пачнуць афарбоўку.
— Цяпер на Аўгустоўскім канале ў месцах з цячэннем і роўнымі паверхнямі без лесу ўжо няма лёду, аднак ён не сышоў у цяньку і пакуль досыць цвёрды, дасягае сем-восем сантыметраў у таўшчыню, — растлумачыў спецыяліст.
У АУП «Гроднамеліяводгас» распавялі аб доўгачаканым папаўненні. Сёлета індывідуальным турыстам будзе на чым разгуляцца як па водных прасторах Аўгустоўскага канала, так і па сцяжынках і дарожках уздоўж артэрыі. Ужо закуплены і чакаюць сваёй гадзіны электрафэтбайкі і квадрацыклы.
— У гэтым годзе на Аўгустоўскім канале ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка прадпрымальніцтва ў сферы турызму на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» згодна з Праграмай разьвіцьця ААН (ПРААН) атрымалася абнавіць тэхніку і пашырыць асартымент арэнды. У прыватнасці, для водных прагулак будуць даступныя трынаццаць абноўленых катамаранаў. Пакатацца ўздоўж канала таксама можна будзе не проста на электравеласіпедах, а ўзяць у арэнду электрафэтбайкі. У пракаце таксама з’явіцца чатыры квадрацыклы, — распавёў Павел Аляксандравіч.
Верагодна, новая тэхніка на Аўгустоўскім канале будзе даступная для арэнды не адразу. Паводле слоў спецыяліста, электрафэтбайкі і квадрацыклы здольныя развіваць хуткасць да 60 км/г, а гэта значыць, пытанне патрабуе рэгулявання для забеспячэння бяспекі адпачывальнікаў.
Не забыліся і пра маленькіх турыстаў. Сёлета асаблівую ўвагу надалі адпачынку дзяцей. Для іх закупілі гульнявы комплекс у выглядзе карабля «Галеон», які мае вельмі вялікія памеры. Для дзетак гэта будзе вялікае раздолле. Гульнявую пляцоўку ўсталююць на шлюзе «Дамброўка», куды прыязджае больш за ўсё турыстаў.
Мінулы сезон паказаў, што неабходна рабіць акцэнт на вандроўкі ўнутры краіны. У арганізацыі на гэта вельмі разлічваюць, таму было вырашана не змяняць цэнавую палітыку, нягледзячы на падаражанне паліва. Індывідуальныя турысты наўрад ці адчуюць розніцу ў кошце паслуг. Па-ранейшаму пракаціцца на цеплаходзе можна будзе за 10 рублёў за квіток. Даражэй стане поўная арэнда «Нёмана» на гадзіну — кошт перавысіць 400 рублёў. Неўзабаве на сайце з’явіцца ўся актуальная інфармацыя па цэнах і прапановах, таксама будуць унесены новыя пазіцыі па пракаце тэхнікі.