У Гродзенскай вобласці не адзін дзясятак вуліц носіць назву «17 Верасня»

 

У некаторых раёнах іх сустракаецца да 3-4 у розных населеных пунктах. Такая колькасць сімвалаў ушанавання гэтай даты невыпадковая. Як вядома, увесь Гродзенскі рэгіён з 1921 года ўваходзіў у склад Польшчы. Тут чакалі прыходу Чырвонай Арміі. І такі паход пачаўся 17 верасня 1939 года. Літаральна за некалькі дзён Гродзенская вобласць разам з іншымі рэгіёнамі была аб'яднаная ў адну краіну. Водгукі тых падзей знайшлі адлюстраванне і ў тапонімах. Можна сказаць, што дата 17 верасня — самая распаўсюджаная ў назве вуліц.

 

Напрыклад, у Воранаўскім раёне налічылі чатыры такія: у вёсках Бастуны, Нача, Воранаўка і гарадскім пасёлку Радунь. Усе яны атрымалі свае назвы адразу пасля прыходу Чырвонай Арміі. Праўда, не ўсюды захаваліся нейкія звесткі адносна тых падзей. Больш вядомыя гісторыі вуліц у гарадах і раённых цэнтрах.

 

Назву «17 Верасня» носіць і адна з цэнтральных вуліц Слоніма — буйнога горада Гродзенскай вобласці. Праўда, у мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі аб гісторыі самой вуліцы звестак няма. Магчыма, яе назва не мае гістарычных каранёў. Затое вядомы некаторыя падрабязнасці кампаніі 1939 года. Супрацоўнікі расказалі, што падчас прыходу Чырвонай Арміі адбылося святкаванне на цэнтральнай плошчы горада. Напачатку быў мітынг, потым — народнае гулянне. На сцяне аднаго з дамоў устанавілі палатно і дапазна круцілі савецкія фільмы.

 

Жыхары найбліжэйшых вёсак дасталі аднекуль зброю, вінтоўкі для таго, каб дапамагаць чырвонаармейцам. Гэтага не спатрэбілася, бо паліцыя, якая тут знаходзілася, сама пакінула горад. Да гэтага стаялі дзве польскія часці, іх, па ўсёй бачнасці, перакінулі да Брэста. Тут была толькі паліцыя, але і яна ноччу сышла. Бабуля аднаго з супрацоўнікоў музея расказвала, што савецкія войскі ішлі з двух бакоў — па Баранавіцкай шашы і па Ружанскай. Першымі ў горад увайшлі танкі, ім кідалі кветкі. Адбылося гэта 18 верасня.

Больш вядома гісторыя вуліцы 17 Верасня ў Свіслачы. Яна згадваецца яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя, а самым вядомым будынкам на ёй была гімназія. Вуліцу называлі гімназічнай, а таксама прафесарскай, бо тут жыў асноўны састаў выкладчыкаў гімназіі. У 1928 годзе назвалі імем Рамуальда Траўгута, ваеннага і рэвалюцыйнага дзеяча, удзельніка паўстання Каліноўскага. Дарэчы, у яго гонар тут узведзена стэла.

 

А ў 1939 годзе вуліца атрымала назву 17 Верасня. Здаецца, што яна адлюстроўвае ўсе найважнейшыя перыяды гісторыі мястэчка. Людміла Жук, навуковы супрацоўнік Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея, паведаміла, як ішло вызваленне будучага райцэнтра. Менавіта 17 верасня 1939 года на яго тэрыторыю ўступілі два браневікі. 19 верасня ўвайшлі часці конніцы і пяхоты. Вызваленчую місію ажыццяўлялі кавалерыйскі корпус Аляксандра Яроменкі і 48-ы полк казацкай дывізіі. На плошчы сабралася ўсё мясцовае насельніцтва горада, была ўстаноўлена брама з зялёных бярозак. Вісеў транспарант: «Дзякуй за вызваленне». Ваенных сустракалі хлебам-соллю. Як сведчаць расповеды відавочцаў, людзі былі рады прыходу савецкай арміі, прапанавалі вайскоўцам застацца ў іх на кватэрах. Нейкі час тыя часці, якія вызвалялі горад, жылі у Свіслачы. Тады цэнтральная вуліца і атрымала назву «17 Верасня».

 

Дарэчы, вуліца знакамітая сваёй Алеяй помнікаў. Побач з манументам Траўгуту ў 1944 годзе ўстаноўлены помнік воінам-вызваліцелям, пазней — помнік Леніну і бюст Сталіна, ёсць памятны знак воінам-афганцам. А вось памятнага знака ў гонар 17 верасня пакуль няма.

Затое ён з'явіцца ў Шчучыне. Сёлета, у першую дату святкавання Дня народнага адзінства, на вуліцы 17 Верасня якраз і будзе ўстаноўлены такі памятны знак —- валун з надпісам: «Гэты знак устаноўлены 17 верасня 1921 года ў гонар Дня народнага адзінства». Падчас свята адсюль пачнецца парад аўтатэхнікі і адбудзецца старт велапрабегу.

 

Дарэчы, вуліц з такой назвай у Шчучынскім раёне некалькі: у самім райцэнтры, у г. п Жалудок, вёсках В. Мажэйкава і Дамоўцы.

 

А ў Гродне на вуліцы 17 Верасня ў гэты дзень адбудзецца культурна-спартыўная праграма з удзелам моладзі.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!