«Свята мора» пройдзе на Аўгустоўскім канале з шэсцем Нептуноў і «балотным» футболам
У гэтыя выхадныя шлюз «Дамброўка» на Аўгустоўскім канале зноў стане цэнтрам прыцягнення адпачывальнікаў. У суботу, 7 жніўня, тут пройдзе традыцыйнае мерапрыемства «Свята мора». Лакацыі пачнуць працаваць з 12.00.
Нягледзячы на тое што летась пандэмія выкрасліла многія масавыя мерапрыемствы з календара, сёлета работнікі культуры вырашылі нагадаць пра вясёлыя традыцыі. У Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры расказалі, што гледачы сапраўды паспелі засумаваць па яркіх і відовішчных мерапрыемствах, тым больш з году ў год «Свята мора» праходзіць вельмі маштабна і весела.
— Гэтым разам падзея пройдзе без традыцыйнага абласнога спартыўнага свята «Плаванне на чым патрапіла». Але ў праграме будзе мноства іншых запамінальных падзей. Кожны незалежна ад узросту зможа знайсці сабе тут «марскую» забаўку па душы, — адзначыла галоўны рэжысёр па арганізацыі масавых святаў цэнтра Дар’я ЯНЧЫ.
Гасцям Аўгустоўскага канала прапануюць стаць гледачамі незвычайных спартыўных спаборніцтваў. Тут пройдзе традыцыйны чэмпіянат Гродзенскай вобласці па «балотным футболе», а таксама спаборніцтвы па пляжным валейболе. Калі апошнія гульні для нас звыклыя, то футбол у балоце — з’ява ўнікальная. Для гледачоў, вядома, у чымсьці вясёлая, але ўдзельнікам літаральна прыйдзецца выпацкацца у брудзе, каб перамагчы.
Дарэчы, каб нічога не прапусціць, лепш на шлюз прыязджаць да пачатку мерапрыемства. Яно адкрыецца тэатралізаваным урачыстым шэсцем Нептуноў.
Працягне весялосць канцэртная праграма артыстаў творчых калектываў Гродзенскага раёна.
— Работнікі Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра сумесна з Раціцкім цэнтрам культуры збяруць інтэрактыўную пляцоўку, дзе ўсе ахвотныя будуць маляваць, фарбаваць і ўсталёўваць шлюзы, майстраваць лодкі і байдаркі. Акрамя таго, пройдуць майстар-класы па вырабе папяровых караблікаў. Арганізатары ўсталююць таксама кантэнт-лакацыю «Сэлфі, мора, Instagram», дзе будзе больш за восем тэматычных фотазон, — патлумачыла арганізатарка.
У гэты дзень на шлюзе Дамброўка будзе арганізавана шмат лакацый з конкурсамі, пазнавальнымі і забаўляльнымі гульнямі. Да прыкладу, спаборніцтвы па перастрэлцы воднымі пісталетамі, пенная вечарына, забавы у басейне.
Усе ахвотныя змогуць перакусіць у зонах фудкорту, а пры жаданні праехацца па шлюзах, наведаць музей гісторыі Аўгустоўскага канала або пракаціцца на цеплаходзе, загадзя набыўшы квіток.