Ля самага старога ў Беларусі вакзала 1 жніўня пройдзе тэматычны фэст

 

У гэты дзень на чыгуначнай станцыі ў аграгарадку Парэчча Гродзенскага раёна будзе ўзноўлена атмасфера 1862 года, калі адсюль адправіўся першы ў нашай краіне цягнік па маршруце «Парэчча-Гродна-станцыя Лапы». 

 

Незвычайнае свята тут ладзіцца ўпершыню, хаця на вакзале амаль 10 гадоў таму прайшлі ўрачыстасці з нагоды 150-і годдзя Беларускай чыгункі. Тады сюды прыйшоў рэтра-поезд з пасажырамі «царскай» эпохі. Падобная тэатралізаваная атмасфера будзе адноўлена і падчас «Свята вакзала». Мяркуецца, што мерапрыемства стане брэндавым у аграгарадку, бо вакзал з’яўляецца не толькі самым старым у Беларусі, але мае сваю цікавую гісторыю. 

 

Менавіта гэты ўчастак увайшоў у склад Санкт-Пецярбургскай—Варшаўскай чыгуначнай артэрыі і злучыў важныя гандлёвыя і прамысловыя цэнтры. Чыгуначнае палатно пракладвалі з удзелам французскіх інжынераў, асноўнай рабочай сілай сталі арцелі расійскіх губерній. Рэйкі ў той час дастаўлялі з Ноўгарада і Бранска, вагоны — з Рыгі, паравозы з Тулы, са Смаргоні — чыгунныя дэталі. 

 

Цікава, што вакзал у Парэччы, невялікай лясной станцыі, выглядаў на той час больш велічна, чым нават у Гродне. Тут праходзілі здымкі мастацкіх кінафільмаў — «Зімародак», «Атрад», «Двое на востраве слёз». Акрамя вакзала ў здымках быў задзейнічаны пакгаўз. На жаль, не захавалася маляўнічая воданапорная вежа, якая ўваходзіла ў комплекс інжынерных пабудоў станцыі. Вежа згарэла, а вось вада паступае са свідравіны па тых самых «царскіх» тоўстых чыгунных трубах, якія ляжаць на вялікай глыбіні. 

 

Дарэчы, сам будынак і па сённяшні дзень добра захаваўся. Перад юбілеем чыгункі тут праведзены капітальны рамонт. А да свята быў нават пушчаны рэтра-цягнік па маршруце «Гродна-Парэчча». Для гэтай мэты аднавілі паравоз маркі «ЭР». Такія паравозы выпускалі з 1912 па 1957 гады. Праўда, ідэя рэтра-маршруту не атрымала далейшага працягу. А вось міні-копія паравоза ўстаноўлена на тэрыторыі прывакзальнай плошчы. 

 

Менавіта тут адбудзецца і тэматычнае свята, падчас якога плануецца ўзгадаць гісторыю вакзала і з дапамогай тэатралізаванага дзеяння апынуцца ў эпосе 1860-х гадоў. Урачыстае адкрыццё адбудзецца з удзелам вядомага духавога аркестра Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Калектыў вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Менавіта, дзякуючы яму, у Парэччы праводзяцца міжнародныя фестывалі духавых аркестраў. Святочны канцэрт пройдзе пад дэвізам «Віват чыгуначнікам». На працягу дня тут выступяць артысты і творчыя калектывы клубных устаноў Гродзенскага раёна. 

 

Арганізатары свята — супрацоўнікі Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра — спадзяюцца, што фэст стане яшчэ адным брэндам Парэчча. У аграгарадку не так даўно праводзіцца «Свята лісічкі». Гэта мясцовасць вядома яшчэ і грыбным промыслам. 

 

У нядзелю, падчас мерапрыемства, будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, выязны гандаль, атракцыёны і аквагрым. Краязнаўчым цэнтрам Парэцкай сельскай бібліятэкі будзе рэалізаваны праект «Чытаючы вакзал», дзе арганізатары прадставяць адпаведную тэматычную літаратуру. Дзеці змогуць стаць удзельнікамі квэст-гульні і велаквэсту па наваколлі аграгарадка. Парэчча славіцца сваім маляўнічым возерам «Малочнае», старажытнымі храмамі, фазанавай фермай, санаторыем, мінеральнай вадой. 

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!