31 студзеня – Дзень беларускай навукі. Даведаліся, чым сёння жыве наш зямляк-навуковец Сяргей Данскіх – кандыдат культуралогіі, дацэнт Купалаўскага ўніверсітэта

 

У нашай рэдакцыйнай бібліятэцы пачэснае месца займаюць кнігі земляка-навукоўца Сяргея Данскіх. На тытульным лісце адной з іх –“Наш Шчучын” – аўтограф і цёплыя пажаданні аўтара. Так склалася, што сяброўства і плённае супрацоўніцтва з Сяргеем Уладзіміравічам у журналістаў “Дзянніцы” доўжыцца ўжо амаль тры дзесяцігоддзі.

 

– А я да вас не з пустымі рукамі прыйшоў, – казаў некалі, яшчэ да шырокага распаўсюджання электроннай пошты, студэнт гістарычнага факультэта Сяргей Данскіх і клаў на стол акуратныя рукапісныя лісты свайго чарговага даследавання. Дарэчы, яго першая гістарычная замалёўка была надрукавана ў 1993 годзе менавіта на старонках шчучынскай раённай газеты. Ужо тады ўражвалі здабытыя будучым вучоным эксклюзіўныя факты з сівой даўніны, вострасюжэтная іх падача і цудоўны аўтарскі стыль.

 

Сёння той колішні выпускнік СШ № 1 г. Шчучына і дапытлівы студэнт дзяржуніверсітэта ні больш ні менш, а кандыдат культуралагічных навук, дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У Сяргея Данскіх налічваецца ўжо каля дзвюх соцень навуковых работ, яшчэ болей – навукова-папулярных і даведачных. Ён рыхтуе вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў і выкладае ва ўніверсітэце шэраг дысцыплін, з цікавасцю займаецца навуковымі распрацоўкамі, друкуецца ў шматлікіх выданнях. Між іншым, каля паўсотні гістарычных артыкулаў за подпісам Сяргея Данскіх былі апублікаваны на старонках газеты “Дзянніца”!

 

А яшчэ з-пад ягонага пяра выходзяць кнігі – у тым ліку прысвечаныя роднаму краю: “Наш Шчучын”, “Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі”, “Шчучын. Лакальная гісторыя ў кантэксце рэгіянальных працэсаў”. Апошняя з гэтага цыклу манаграфій была выдадзена пад знакам Года малой радзімы і пазначана цёплым сыноўнім эпіграфам: “Прысвячаецца маім бацькам: Уладзіміру Рыгоравічу Данскіх і Людміле Гаўрылаўне Данскіх (Катлінскай)”. У гэтай кнізе таксама выкарыстаны малавядомыя раней архіўныя матэрыялы, адлюстраваны асаблівасці гістарычнйя эвалюцыі Шчучына і яе рухаючыя сілы.

 

Канечне ж, Сяргей Уладзіміравіч заўсёды з задавальненнем прыязджае ў свой родны горад, дзе яго чакаюць матуля, сябры дзяцінства і юнацтва. Менавіта тут, яшчэ школьнікам вывучаючы мясцовыя славутасці і адкрываючы для сябе веліч гістарычных постацей, у маладога чалавека ўпершыню абудзілася цікаўнасць да краязнаўства. Па прызнанні майго суразмоўцы, сама атмасфера Шчучына – каларытнага “гарадка з гісторыяй” – робіць кожнага дапытлівага гараджаніна крыху філосафам, мастаком, гісторыкам…

 

Дарэчы, усе гэтыя якасці ў большай ці меншай ступені ўласцівы і самому С.У. Данскіх, бо ён не толькі “чыста гісторык”. У аспірантуры вучыўся па філасофскай спецыяльнасці. Кандыдацкую дысертацыю абараніў па культуралогіі. Відаць, тут адыграла значную ролю тая самая полікультурнасць малой радзімы – плённае ўзаемадзеянне духоўнай народнай спадчыны на беларуска-польска-літоўскім памежжы.

 

А што тычыцца мастацкіх здольнасцей, то не магу забыць арыгінальны эскіз магчымага герба горада Шчучына, які яшчэ ў 1990-х прапаноўваў Сяргей Данскіх і як краязнаўца, і як … мастак. Дарэчы, той малюнак да гэтага часу беражліва захоўваецца, яшчэ раз нагадваючы: таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Цікава, што апошняе дзесяцігоддзе прафесійная дзейнасць С.У. Данскіх да ўсяго яшчэ цесна звязана з турызмам.

 

– Я заўжды над чымсьці працую, – прызнаецца навуковец. – Зараз заканчваю даследаванне “Віртуальныя практыкі беларускай моладзі”. У планах на бліжэйшы час – прыняць удзел у калектыўнай навуковай працы, прысвечанай Году народнага адзінства. Увогуле задумак багата. Сёння важна надаваць прыкладны, функцыянальны характар навуковым даследаванням, арыентавацца на канчатковы вынік і абавязкова папулярызаваць свае напрацоўкі, трансфармуючы іх, скажам, у лічбавы дадатак. Такім чынам навуковыя даследаванні будуць дапамагаюць людзям вырашаць нейкія практычныя, істотныя жыццёвыя пытанні.

 

Імя і навуковы патэнцыял нашага земляка ведаюць не толькі на Беларусі. Да прыкладу, вынікам калектыўнай работы нямецкіх, італьянскіх і беларускіх навукоўцаў над манаграфіяй “Аднаўленне дэстанацыі: выклікі і магчымасці для менеджменту і кіравання дэстанацыяй” стала яе выданне ажно ў Лондане. Прыемна, што ў розныя гады шматгранная плённая праца і высокія дасягненні ў навуцы Сяргея Уладзіміравіча Данскіх былі адзначаны персанальнай стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для таленавітых вучоных, Ганаровай граматай і Падзячным лістом Гродзенскага аблвыканкама. Натуральна, што за гэтымі ўзнагародамі, кнігамі, манаграфіямі стаіць каласальная, напружаная праца ледзь не 24 гадзіны ў суткі, дзе сцёрты межы паміж буднямі і святамі, а асабісты водпуск – найлепшая нагода закончыць распачатае даследаванне.
Не сакрэт, што навуковая работа цалкам паглынае чалавека і нярэдка патрабуе ад яго пэўнай адрынутасці ад звыклых жыццёвых рэчаў і камфорту.

 

– Скажыце шчыра, Сяргей Уладзіміравіч, калі б была магчымасць адкруціць, бы кінаплёнку, апошнія 26 гадоў назад, Вы зноўку, ужо ведаючы “смак” нялёгкага хлеба навукоўца, пайшлі б той жа сцяжынаю?
– Не факт. Гэта сапраўды складаная дарога. Але нешта мне падказвае, што нават каб я і не хацеў, то навука знайшла б мяне сама і паланіла ўсё роўна. І нікуды б я ад яе не дзеўся! – усміхаецца наш суразмоўца і спяшаецца насустрач новым справам і, як мы спадзяёмся, новым навуковым адкрыццям.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!