У спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне прайшоў І этап спартакіяды ДЮСШ Гродзенскай вобласці па гандболе сярод юнакоў 2006-2007 гадоў нараджэння
У спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне прайшоў І этап спартакіяды ДЮСШ Гродзенскай вобласці па гандболе сярод юнакоў 2006-2007 гадоў нараджэння. Гонар Шчучыншчыны на спаборніцтвах абараняла каманда, якую падрыхтавалі трэнеры Іван Васюк і Віталій Панімаш.
Нашы гандбалісты прадэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку і зладжаную камандную гульню. Яны ўпэўнена перамаглі ўсіх сваіх сапернікаў у групе “А” – спартсменаў з Зельвы, Ваўкавыска, а таксама каманду “Гродна-2”.
У фінале выхаванцы трэнераў Івана Васюка і Віталія Панімаша сустрэліся са зборнай “Гродна-1”. З першых хвілін матча стала зразумела, што барацьба будзе вельмі напружанай. Сапернікі шмат атакавалі, прычым даволі рэзультатыўна. Лік на табло пастаянна мяняўся, а розніца паміж забітымі мячамі была мінімальнай. У другім тайме шчучынцы крыху выдыхнуліся і дазволілі гродзенскім гандбалістам перахапіць ініцыятыву і павялічыць адрыў. У выніку гульня скончылася з лікам 30:23 на карысць гасцей. Прызёры былі ўзнагароджаны медалямі.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.