Жорсткая праўда вайны. Чым уразіў сумесны праект газеты “Гродзенская праўда” і пракуратуры вобласці

 

Менавіта Шчучын  стаў першым сярод раённых цэнтраў, дзе сёння быў дадзены старт  мабільнай інтэрактыўнай выставе “Сёстры Хатыні” паводле сумеснага праекта газеты “Гродзенская праўда” і пракуратуры Гродзенскай вобласці. Падзея неардынарная і кранальная да слёз.  Мерапрыемства, якое праходзіла ў палацы творчасці дзяцей і моладзі, сабрала людзей нераўнадушных – ідэалагічны актыў раёна, педагогаў і краязнаўцаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, моладзь… Чым больш мы даведваемся з расследаванняў па фактах генацыду ў адносінах да беларускага народа, тым больш уражвае жахлівы маштаб бесчалавечных злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

 -- Нашы журналісты правялі агромністую работу і ў сваіх публікацыях расказалі чытачам пра вогненныя трагедыі, якія адбываліся на Гродзеншчыне ў гады ваеннага ліхалецця. Такіх газетных разваротаў у “Гродзенскай праўдзе” больш за два дзясяткі. І за кожным друкаваным радком – лёсы канкрэтных людзей, нашых з вамі землякоў, -- гаворыць галоўны рэдактар абласнога выдання Лілія Навіцкая. – Мы распачалі праект “Сёстры Хатыні” як толькі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь і пракуратуры абласцей узяліся за расследаванні фактаў знішчэння мірнага насельніцтва нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі. Вельмі ўдзячны за дапамогу пракуратуры Гродзенскай вобласці. Ужо ў маі прадстаўленыя на выставе газетныя публікацыі будуць сабраны пад вокладкай кнігі “Сёстры Хатыні”, якую выдае Гродзенскі аблвыканкам.

 

Было слушна заўважана, што немагчыма перабольшыць ролю гэтага праекта ў патрыятычным выхаванні, бо ён абуджаў сэрцы чытачоў пры выхадзе кожнага спецвыпуску. Як вядома, горкі лёс Хатыні раздзялілі і населеныя пункты нашага раёна. Фашысты спалілі Зінякі і Агародзішча, расстралялі жыхароў вёскі Якубавічы… Пранікнёна гучалі ў зале галасы з мінулага: маладыя людзі нібы пераўвасобіліся і ажывілі ўспаміны ды жыццёвыя гісторыі зінякоўцаў Мікалая і Міхаіла Журуноў, Сяргея Шынкевіча, якім цудам давялося выжыць, а потым са зброяй у руках адпомсціць фашыстам за сваіх блізкіх. Цікава гучаў аповед вядучай Наталлі Собаль, а выступленне народнага ансамбля духоўнай музыкі “Преображение” з песняй “Хатынь” дапоўніла эмацыянальны фон мерапрыемства.

 

 

Сур’ёзная, глыбокая размова аб гістарычнай памяці, аб тым, як падзеі Вялікай Айчыннай вайны назаўжды адбіліся не толькі на лёсах ваенных пакаленняў, але і на нашых лёсах (у кожнай сям’і хтосьці з продкаў пацярпеў у час ліхалецця), мела свой працяг на дыялогавай пляцоўцы. А ў ролі мадэратара выступіла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, падкрэсліўшы актуальнасць тэмы ў рамках Года гістарычнай памяці.

 

 

З цікавасцю слухалі прысутныя выступленні намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Максіма Кірылы і пракурора Шчучынскага раёна Аляксандра Дзямідава. Яны прывялі канкрэтныя факты ваенных злачынстваў, расказалі аб ходзе расследаванняў, паказалі дакументальныя здымкі і карту спаленых вёсак Беларусі. На сённяшні дзень на тэрыторыі Гродзеншчыны ўжо ўстаноўлена 312 знішчаных нацыстамі населеных пунктаў.

 

-- Калі выйдзе ў свет кніга “Сёстры Хатыні”, створаная журналістамі “Гродзенскай праўды”, яна стане яшчэ адным летапісам, бо там абнародавана нямала фактаў, якія раней былі вядомы толькі архівістам, -- лічыць Максім Георгіевіч Кірыла.

 

 

Дыялог на актуальную тэму зацікаўлена працягвалі галоўны рэдактар абласной газеты Лілія Навіцкая, свяшчэннаслужыцель Сергій Сямашка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юрый Краўчук, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васілій Жукоўскі, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Чыжык.

 

-- Вельмі важна, каб усё пачутае і перажытае падчас гэтага насычанага фактамі і эмоцыямі мерапрыемства ідэалагічныя работнікі данеслі ў свае працоўныя калектывы, а педагогі перадалі вучням, -- падсумавала вынікі сустрэчы Алена Васільеўна Пасюта.

 

Гісторыю варта памятаць, гісторыю трэба ведаць  -- у ёй наша сіла і незалежнасць.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!