Рэквіем па вёсцы. Ля мемарыяла ў Зіняках прайшоў самотны мітынг у памяць землякоў, што згарэлі ў полымі Вялікай Айчыннай вайны
Тая студзеньская трагедыя шчымліва пранізвае сэрцы і праз 78 гадоў. Не замесці снягам сцежкі памяці да мемарыяла на ўскрайку вёскі Зінякі. Вось і на гэты раз да велічнай скульптуры гаротнай жанчыны з дзіцяткам на руках прыехалі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь, прыйшлі мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць 419 зінякоўцаў і 65 сялян з іншых вёсак, якіх 22 студзеня 1944 года фашысцкія карнікі зажыва спалілі у гумнах. Такой была бесчалавечная помста за сувязь вёскі з партызанамі.
Вядучыя мітынгу-рэквіема Галіна Люткевіч і Станіслаў Сімановіч эмацыянальна і пранікнёна ўзгадваюць падзеі таго трагічнага дня. Старэйшае пакаленне добра ведае пра гэту страшную старонку ў ваеннай гісторыі Шчучыншчыны, а вось многія з юнакоў і дзяўчат упершыню на гэтым месцы. Менавіта да моладзі звяртаецца ў сваёй прамове старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч:
-- Нам даверана памяць – значыць, нам яе захоўваць, перадаваць у спадчыну. Вельмі хочацца, каб абавязкова наведвала такія мясціны моладзь, каб бацькі прывозілі сюды сваіх дзяцей, на рэальных прыкладах расказвалі, як пацярпеў наш шматпакутны народ ад войнаў, якой цаной дасталася нам Перамога.
Слова трымае намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта:
-- На гэтым месцы кожны раз усведамляеш, колькі гора нясе мірным людзям вайна: адзін трагічны дзень абарваў столькі жыццяў, столькі надзей… Нездарма мы сёння гаворым аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму, аб генацыдзе беларускага народа. Сімвалічна, што ў праекце абноўленай Канстытуцыі замацавана ахова гістарычнай памяці. Мы павінны быць патрыётамі і несці адказнасць за нашу мірную і міралюбівую краіну.
Пра тое, што застаецца ўсё менш і менш жывых сведкаў ваенных падзей, гаварыла Юлія Скарынка, дырэктар Астрынскай СШ імя А.С. Пашкевіч (Цёткі).
-- Толькі ў граніце мемарыялаў і абеліскаў захоўваецца гістарычная памяць, а наша задача зрабіць так, каб камяні маглі гаварыць. Сёння стаіць задача сабраць матэрыял пра кожны помнік на роднай зямлі, размясціць інфармацыю ў інтэрнэце, а на тэрыторыі памятных мясцін устанавіць інфармацыйныя шыльдачкі з QR-кодам, каб кожны зацікаўлены чалавек мог з лёгкасцю адшукаць сюды маршрут. Навучэнцы нашай школы гатовы далучыцца да раённага маладзёжнага праекта “Гісторыя праз часы”. І тут надзвычай важна плённае супрацоўніцтва са старэйшым пакаленнем.
Гэтыя думкі раздзяліў і Віктар Анашкін, ветэран Узброеных Сіл, які наказаў юнакам і дзяўчатам берагчы мір і спакой у роднай краіне, не дапусціць разбурэнняў і канфліктаў.
Да падножжа помніка ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі, запалілі лампадкі. Хтосьці перажагнаўся, хтосьці не стрымаў слёз… Хвіліна маўчання…
-- Мірнага вам неба, дарагія землякі, сонечных світанняў, плённых дзён і ўдзячнай памяці пра тых, хто заўсёды быў верным роднай зямлі, -- гаварылі ў заключным слове арганізатары гэтага патрыятычнага і вельмі душэўнага мерапрыемства. Здаецца, работнікі Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці, якія імкнуліся данесці ўсю глыбіню журбы сястры Хатыні – вёскі Зінякі, і абудзіць пачуцці нашых сучаснікаў, таксама пакінулі ў гэтых мясцінах часцінку сваёй душы.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.