Шляхамі памяці – у Зінякі. У дзень хатынскай трагедыі прайшла рэспубліканская патрыятычнай акцыя -- аўтапрабег “За адзіную Беларусь!”
Са сцягамі і кветкамі ўдзельнікі аўтапрабегу “За адзіную Беларусь!” стартавалі са Шчучына з плошчы Свабоды і рушылі ў астрынскім напрамку. Там, сярод палеткаў і лясоў, схавалася сціплая вёсачка Зінякі, дзе цяпер засталося ўсяго тры жыхары. Аднак гэту кропку на карце ведаюць усе нераўнадушныя людзі, бо Зінякі – з кагорты вогненных вёсак.
22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі спалілі Хатынь і 149 яе жыхароў: гэты дзень стаў сімвалам памяці аб усіх гаротных вёсках Беларусі. А Зінякі – гэта ажно тры Хатыні! 22 студзеня 1944 нелюдзі сагналі ў гумны і падпалілі 419 зінякоўцаў і 65 жыхароў іншых вёсак. Так жорстка адпомсцілі за сувязь з партызанамі.
Ля мемарыяла да патрыётаў Шчучыншчыны далучыліся прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый горада Гродна і Гродзенскага раёна. Велічная скульптура самотнай маці з дзіцяткам на руках глыбока ўразіла тых, хто сюды прыехаў упершыню, не пакідала раўнадушным нікога. А музычная кампазіцыя “Хатынь” у выкананні ўдзельніц народнага ансамбля “Преображение” абуджала душэўны боль за нявінна спаленых дзяцей і старых, жанчын і мужчын – мірных жыхароў, што сталі ахвярамі нацыстаў.
Карціну дапаўняў гістарычны экскурс намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Алены Пасюты, якая сваім аповедам нагадала падзеі Вялікай Айчыннай вайны, што назаўжды адбіліся на лёсах беларусаў. Алена Васільеўна ажывіла ў памяці ўдзельнікаў патрыятычнай акцыі ўсё тое, што калісь расказалі сведкі пра вогненную трагедыю Зінякоў. 23 чалавекі цудам здолелі тады ўцалець, іх успаміны, занатаваныя ў тым ліку і журналістамі нашай газеты, сёння бясцэнныя для гісторыі. Новыя пакаленні павінны дакладна ведаць, якой цаной дасталася нашым продкам Вялікая Перамога.
-- І няма апраўдання нацыстам, на сумленні якіх бесчалавечныя расправы і масавыя забойствы. Толькі на тэрыторыі Шчучынскага раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія карнікі спалілі, расстралялі, закатавалі больш за 9,5 тысячы чалавек. Ці можна такое забыць? – прывяла ў сваёй прамове Алена Пасюта канкрэтныя лічбы, за кожнай з якіх чалавечы лёс і чалавечы боль.
-- Раскрыйце сэрцы, няхай кожны з нас адчуе на сабе погляд загінуўшых тут землякоў і адказнасць за гістарычную праўду, якую мы павінны перадаць нашым нашчадкам, -- заклікаюць вядучыя мітынгу-рэквіему.
Рытм сэрцаў адстуквае метраном, прысутныя заміраюць у хвіліне маўчання. Затым пад акорды жалобнай музыкі да мемарыялу ўскладваюць гірлянду памяці юныя патрыёты, кладуць гваздзікі, ружы, хрызантэмы ветэраны, члены грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовыя жыхары… Гараць лампадкі памяці…
-- Няхай заўжды на нашай зямлі свеціць сонца, спяваюць птушкі і валадарыць мір! Шчаслівага ўсім жыцця і добрых дарог, -- жадаюць вядучыя ўдзельнікам рэспубліканскага аўтапрабегу “За адзіную Беларусь!”.
У патрыятычнай акцыі, што праходзіла ў Зіняках, удзел прымалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Луканская, старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Іван Калбаска, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і іншыя.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.