Зярняты дружбы, сімвалы адзінства і хлеб-соль для “Патрыётаў Беларусі”. Каля трох дзясяткаў аўтамашын з Дзяржаўнымі сцягамі сёння святочнай калонай праехалі па шчучынскай зямлі і перадалі эстафету лідчанам

 

У рэспубліканскі аўтапрабег “Сімвал адзінства” сёння з плошчы Свабоды стартавалі кіраўнікі раёна, ідэалагічны актыў і прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ветэраны працы, моладзь… Калона аўтамабіляў з Дзяржаўнымі сцягамі і сцягамі Шчучына накіравалася ў напрамку Мастоў.

 

Тут, на мяжы Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў, адбылася сустрэча двух дэлегацый. Старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк цёпла прывіталі суседзяў і гасцей – аўтамабільныя экіпажы актывістаў рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі”.   

 

 

Далей акцыя, прысвечаная Году і Дню народнага адзінства, мела свой працяг у цэнтры Шчучына -- ля помніка загінуўшым воінам у гарадскім скверы, дзе слова трымаў кіраўнік раёна Аляксей Садоўскі. Ён падкрэсліў, што менавіта ў адзінстве сіла нашага народа, і гэта  мерапрыемства напярэдадні новага дзяржаўнага свята яднае прадстаўнікоў усіх пакаленняў і ўсіх рэгіёнаў не толькі нашай Гродзеншчыны, але і ўсёй Беларусі ў агульным жаданні людзей жыць у мірнай, квітнеючай і моцнай краіне.

 

Удзельнікі акцыі ўсклалі да помніка кветкі як даніну ўдзячнай памяці абаронцам Радзімы за сённяшнюю суверэнную дзяржаву, за мірнае неба над галавой.

 

 

-- Наш рэспубліканскі аўтапрабег стартаваў яшчэ 3 верасня  ад Брэсцкай крэпасці-героя і будзе доўжыцца да 14 верасня, -- гаворыць лідар РГА “Патрыёты Беларусі” Сяргей Рачкоўскі. – Перад тым, як сустрэцца з вамі, мы ўжо пераадолелі 1400 кіламетраў, і ўсюды нас гасцінна сустракалі, падтрымлівалі, далучаліся да патрыятычнай акцыі, што сімвалізуе еднасць беларусаў у памкненні да міру і згоды.  

 

Усе разам -- і шчучынцы, і госці – прыгожай святочнай аўтакалонай адправіліся ў Васілішкі – знакавае месца для нашага краю. Тут у свой час быў абуладкаваны першы ў нашым раёне аграгарадок, а сёлета менавіта ААТ “Васілішкі” сабрала самы вялікі на Шчучыншчыне аб’ём зерня. Пышным караваем з новага ўраджаю васілішкаўцы сустрэлі гасцей. Юныя патрыёты-школьнікі і працаўнікі гаспадаркі, сярод якіх былі камбайнеры-двухтысячнікі Павел Грудзінскі і Андрэй Верабей, таксама прынялі ўдзел у акцыі. Народны ансамбль “Васільковая раніца” вітаў усіх сваёй “фірменнай” “Прывітальнай песняй”. А дырэктар прадпрыемства Уладзімір Серахан расказаў аб плённай працы васілішкаўскіх аграрыяў, іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі, жаданні жыць у сацыяльна арыентаванай мірнай рэспубліцы.

 

 

Бадай, кульмінацыяй гэтай сустрэчы стала “цырымонія” перадачы сімвалічнага мяшэчка са збожжам новага ўраджаю, які актывісты РГА “Патрыёты Беларусі” напрыканцы рэспубліканскага аўтапрабегу перададуць у сталіцу, дзе аб’яднаюць зерне з усіх рэгіёнаў краіны і спякуць адзін вялікі каравай, што будзе сімвалізаваць еднасць нашай роднай Беларусі. Прыгожы сувенір з абрысамі нашай сінявокай рэспублікі перадалі госці ў падарунак кіраўніку раёна А.В. Садоўскаму.

 

А далей – зноў у шлях! Усе ўдзельнікі аўтапрабегу накіраваліся да помніка абаронцам Айчыны ў аграгарадку Мажэйкава, дзе адбылася яшчэ адна хвалюючая сустрэча -- з дэлегацыяй Лідскага раёна. Патрыятычная акцыя працягваецца цяпер ужо на Лідчыне і Астравеччыне.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.   

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!