Як спрацавалі за 2019 год. У Шчучынскім раёне падвялі вынікі работы і абазначылі задачы на перспектыву

На чарговай сесіі, як і на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, у мінулы аўторак былі падведзены вынікі работы галін народнай гаспадаркі за 2019 год. У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў і службаў райвыканкама, дэпутаты райсавета, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, старшыні сельвыканкамаў.

 

Выканана большасць ключавых паказчыкаў эфектыўнасці

 

– У мінулым годзе было забяспечана выкананне большасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, – далажыў начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама Ю.М. Вількевіч. – Аб’ём знешняга гандлю склаў 51,1 мільёна долараў. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 31,2 мільёна долараў, тэмп росту - 135,8%. Забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 11,2 мільёна долараў. У мэтах дыверсіфікацыі рынкаў збыту прадукцыя экспартавалася на рынкі 28 краін свету.

 

Вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла на 11% да адпаведнага перыяду мінулага года. Удзельная вага адгружанай з раёна інавацыйнай прадукцыі ў аб’ёме прамысловай вытворчасці складае 19,8%. За 2019 год на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы раёна прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал на суму 93,7 мільёна рублёў. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі 841 тысячу долараў пры заданні 750 тысяч.

 

 

Важны паказчык эканамічнага развіцця раёна – рост намінальнай сярэднямесячнай зарплаты. Яна павялічылася на 14,1% і склала 828,5 рубля. Тэмп росту рэальнай заработнай платы ў раёне склаў 109,8%. За мінулы год колькасць працаўладкаваных грамадзян на працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей склала 174 чалавекі пры заданні 105 чалавек.

 

Старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі звярнуў увагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць. Ключавым пытаннем застаецца выкананне індэкса фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, які склаў 102,3% пры заданні 105,8%. Не выкананы паказчык па тэмпах росту экспарту паслуг (74,2% пры прагнозе 103,6%). Назіраецца скарачэнне інвестыцый на развіццё эканомікі рэгіёна. На выкананне абазначаных паказчыкаў развіцця ў 2020 годзе будзе сканцэнтравана асаблівая ўвага.

 

Сельская гаспадарка дынамічна развіваецца

 

– У 2019 годзе сельгасарганізацыі раёна выпусцілі прадукцыі на суму 218,8 мільёна рублёў, тэмп росту склаў 96,8% пры заданні 94%, – адзначыў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама А.І. Тодрык. – Цалкам выканалі даведзеныя заданні ААТ “Дэмбрава”, філіал “Жалудоцкі агракомплекс”, ААТ “Орля”, ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”, СВУ “Пратасаўшчына”.

 

Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы за 2019 год павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 108,4% і склала 13088 тон. ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” за 2019 года атрымана 37 млн. штук яек, што склала 124,4% да ўзроўню мінулага года. Валавая вытворчасць малака вырасла на 109,1% і склала 129354 тоны. Таварнасць малака склала 93,1%. Прадукцыйнасць дойнага статка ўзрасла на 495 кг, ад адной каровы атрымана па 6769 кг малака. Самыя высокія надоі – у СВУ “Пратасаўшчына” – 8697 кг (+621 кг).
Добрых вынікаў дабіліся працаўнікі аграрнага сектара і ў раслінаводстве. Сельгасарганізацыі раёна ў 2019 годзе сабралі 115,9 тысячы тон зерня, што вышэй за ўзровень 2018 года на 118,2%. З кожнага гектара атрымана па 39,3 цэнтнера з гектара. Найбольшая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур – у СВУ “Пратасаўшчына” (69,9 ц/га), філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” (53,3 ц/га), ААТ “Дэмбрава” (46,3 ц/га). Валавы збор бульбы склаў 18 тысяч тон, што на 2,5 тысячы тон больш леташняга. Накопана 83,6 тысячы тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 542 ц/га, што на 77 ц/га больш, чым у 2018 годзе.

 

Будаваць даступнае жыллё

 

Асноўны паказчык у будаўнічай галіне – узвядзенне жылля – шчучынцы ў 2019 годзе выканалі: уведзена ў эксплуатацыю 8599 кв. м жылля пры плане 8500 кв. м, у тым ліку 60-кватэрны жылы дом па вуліцы Заводскай у Шчучыне і 4066 кв. м індывідуальнага будаўніцтва.

 

Актыўнае будаўніцтва вялося на аб’ектах АПК: малочнатаварных фермах «Грамавічы», «Скоржыкі», «Рыча». У мінулым годзе завершана рэалізацыя такіх буйных праектаў, як  будаўніцтва адміністрацыйна-гаспадарчага будынка з убудаванымі халадзільнымі камерамі СТАА «Клубніка-Плантс». Ажыццёўлены пуск другой чаргі сельскагаспадарчага комплексу па вырошчванні шампіньёнаў у Шчучыне і іншае.

 

Кіраўнік раёна А.В. Садоўскі падкрэсліў, што ўсяго ў раёне на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў стаяць больш за 1100 грамадзян. У сувязі з гэтым вельмі актуальна пытанне цаны жылля, што ўзводзіцца, яго будаўніцтва павінна быць даступным для людзей. Ёсць пытанні і да якасці і тэрмінаў будаўніцтва жылля.

 

Сацыяльная сфера: база ўмацоўваецца

 

Намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта расказала аб развіцці сацыяльнай сферы Шчучыншчыны, умацаванні інфраструктуры. На ўтрыманне ўстаноў адукацыі і спорту, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы ў 2019 годзе затрачана больш за 24 млн. рублёў. Праведзены капітальны рамонт СШ №2 г. Шчучына. Многае зроблена па рамонце Шчучынскай ДШМ і стадыёна “Алімп” у рамках рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва. На харчаблоках 28 устаноў адукацыі ўстаноўлены сістэмы відэаназірання. Набыты аўтобус для падвозу вучняў, закуплена 6 камп’ютарных класаў за кошт сродкаў раённага бюджэту.
Летась у сферы аховы здароўя завершаны капітальны рамонт дзённага стацыянара райпаліклінікі.

 

 

Праведзены рамонт даху хірургічнага аддзялення №1 і інфекцыйнага аддзялення, тэрапеўтычнага корпуса, рэнтгенкабінета з устаноўкай абсталявання. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы накіравана звыш 456 тысяч рублёў. Алена Васільеўна расказала таксама аб поспехах у развіцці культуры і спорту, прааналізавала існуючыя праблемы ў сацыяльна-культурнай сферы раёна, абазначыла шляхі іх вырашэння ў бягучым годзе.

 

Бюджэт з прафіцытам

 

– Даходы бюджэту Шчучынскага раёна ў мінулым годзе склалі 60,1 мільёна рублёў. У цэлым бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у суме 2 мільёнаў рублёў. 71,8% выдаткаў - гэта фінансаванне сацыяльнай сферы. У поўным аб’ёме прафінансаваны расходы на выплату заработнай платы, - праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А.І. Бібікава.

 

Калі гаварыць аб планах на 2020 год, то раённая ўлада настроена рэалізоўваць усю тую сацыяльную праграму, што была намечана раней. Гэта рамонт і будаўніцтва дарог, функцыянаванне жыллёва-камунальнай сферы, у тым ліку капітальны рамонт жылля. Акрамя таго, як падкрэсліў А.В. Садоўскі, асаблівая ўвага будзе надавацца выкананню паказчыкаў эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, развіццю турыстычнай сферы, узроўню энергазберажэння. На любым этапе работ павінна выконвацца тэхналагічная дысцыпліна, павышацца эфектыўнасць вытворчасці, каб фарміраваўся бюджэт раёна.

 

– Наша галоўная мэта – павышэнне дабрабыту людзей. Найважнейшыя крытэрыі: інвестыцыі, экспарт, заработная плата і занятасць. Трэба памятаць, рост заработнай платы павінен забяспечвацца толькі ў выпадку апераджальнага росту прадукцыйнасці працы, – падвёў вынікі старшыня райвыканкама.
“Наша работа накіравана на забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве”

 

 

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк у сваім справаздачным дакладзе дала ацэнку рабоце дэпутацкага корпуса, адзначыла актыўнасць народных абраннікаў у вырашэнні актуальных задач раённага і мясцовага маштабу. Ганна Станіславаўна падкрэсліла, што асаблівая ўвага ў 2019 годзе была ўдзелена добраўпарадкаванню населеных пунктаў, зносу старых і пустуючых дамоў, падтрыманню належнага санітарнага стану тэрыторый. Дакладчык акцэнтавала ўвагу на неабходнасці актывізаваць сумесныя намаганні па прафілактыцы правапарушэнняў і злачыннасці, недапушчэнні гібелі людзей па так званых знешніх прычынах, умацаванні парадку і дысцыпліны.

 

Г.С. Хвядзюк выказала словы ўдзячнасці органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкаму корпусу, кіраўніцтву раёна: менавіта ўзаемадзеянне і зацікаўленасць ў супрацоўніцтве дапамогуць кансалідаваць сілы і сродкі для рашэння вытворчых, сацыяльных і грамадска-палітычных задач, што стаяць перад нашым рэгіёнам.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!