Даверная размова. Ідэалагічны актыў раёна сустрэўся з лідарамі арганізацыйных структур грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый
На сустрэчу быў запрошаны таксама кадравы рэзерв на пасады намеснікаў кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў па ідэалагічнай рабоце. Мэта сустрэчы - абмеркаваць асноўныя напрамкі дзейнасці раённых грамадскіх арганізацый і скаардынаваць планы на будучыню.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цюсіна адзначыла, што роля грамадскіх арганізацый у жыцці грамадства бясспрэчная. Сёння яны ўдзельнічаюць у вырашэнні многіх сацыяльных пытанняў, ствараючы як свой станоўчы імідж, так і ўсёй краіны ў цэлым.
На Шчучыншчыне дзейнічаюць 22 раённыя грамадскія аб'яднанні і арганізацыі. Грамадскія структуры - своеасаблівыя праваднікі паміж органамі дзяржаўнага кіравання і насельніцтвам, якія дазваляюць, з аднаго боку, адчуваць настрой людзей, вывучаць іх інтарэсы і патрэбы, з другога - інфармаваць аб працэсах, што адбываюцца ў жыцці раёна, даносіць кіраўнічыя рашэнні мясцовых органаў улады.
Сустрэча праходзіла ў рэчышчы давернага дыялогу, удзельнікі якога абмяняліся думкамі, а лідары раённых арганізацый «Белай Русі», «БРСМ», «Беларускага саюза жанчын», «Беларускага фонду міру», Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, савета ветэранаў падзяліліся вопытам работы, агучылі надзённыя праблемы і выказалі свае пажаданні.
Усе грамадскія арганізацыі розныя, у кожнай розныя ўзроставыя катэгорыі, колькасць, пэўная сфера дзейнасці. Але іх роля ў жыцці грамадства павінна ўзрастаць, дапамагаючы людзям вырашаць агульныя праблемы, задавальняць і абараняць патрэбы і інтарэсы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Была падкрэслена асаблівая роля грамадскіх аб'яднанняў у выбарчых кампаніях.
Сёння ёсць шмат пытанняў, на якія неабходна звярнуць увагу. Гэта і развіццё прафесійнай арыентацыі моладзі, і выхаванне грамадзянскасці, і духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, і работа з нядобранадзейнымі сем'ямі, і працаўладкаванне грамадзян, і інш.
Лідарам арганізацыйных структур грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый трэба жыва адгукацца на падзеі, што адбываюцца, актывізавацца ў правядзенні карысных для грамадства мерапрыемстваў і ініцыятыў. Неабходна супрацоўнічаць з раённымі сродкамі масавай інфармацыі і расказваць пра канкрэтныя справы, праекты, якія даказваюць жыццяздольнасць арганізацыі.
Падводзячы вынікі сказанага, Таццяна Уладзіславаўна падкрэсліла, што падобныя сустрэчы, акрамя таго што праводзяцца з мэтай абмену станоўчымі напрацоўкамі, з'яўляюцца інфармацыйнай нагодай для растлумачальнай работы ў працоўных калектывах. Бо ў выніку закранаецца шмат тэм, інфармацыю па якіх намеснікі па ідэалагічнай рабоце павінны данесці да работнікаў сваіх арганізацый, растлумачваць тыя ці іншыя праблемныя моманты.
Па выніках працы ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што толькі сумеснымі намаганнямі і пры цесным узаемадзеянні органаў ўлады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый магчыма вырашэнне праблемных пытанняў.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Ганны КАСПЕР.