Пра смак механізатарскага хлеба расказаў Станіслаў Юльянавіч Машкала, былы трактарыст ААТ “Васілішкі”
Невялікая вёска Алешкаўцы сустрэла цішынёй і белізной снягоў. На гэтым фоне дом Станіслава Юльянавіча Машкалы выглядаў як церамок. Дагледжаны, пафарбаваны ў яркія колеры будынак быццам “гаварыў”: тут жывуць сапраўдныя гаспадары – рупліўцы і аптымісты. Як высветлілася пры знаёмстве, насамрэч у гэтых прыязных людзей вартасцей яшчэ больш.
У бацькоў вучыўся і ў роднай зямлі
Станіслаў Юльянавіч Машкала – чалавек заслужаны. Ён, былы трактарыст ААТ “Васілішкі”, – кавалер двух ордэнаў Працоўнай Славы. Першы, трэцяй ступені, атрымаў у 1976 годзе, а другой ступені – у 1984-ым.
– Другую ўзнагароду прымаў у Гродне з рук Д.К. Арцымені, – расказвае Станіслаў Юльянавіч. – Помніцца, кіраўнік вобласці сказаў, што будзе рады ўручыць мне яшчэ адзін такі ордэн. Ведаеце, на той час чалавек, які меў ордэн Працоўнай Славы трох ступеней, прыраўноўваўся да Героя Сацыялістычнай Працы. Але спраўдзіцца яго словам не дала перабудова…
Адказ, за што Радзіма так ушанавала вяскоўца з невялікай вёсачкі, – у назве ордэна. Лічы, з малалецтва Станіслаў Машкала – верны служыцель роднай зямлі. Аб яго не проста працавітасці – апантанасці ў адносінах да работы – ведалі амаль усе ў гаспадарцы, у раёне, ды і за яго межамі таксама.
– Тут нарадзіўся, тут і спатрэбіўся, – зазначае суразмоўца і сваім аповедам пацвярджае, што гэты выраз сапраўды пра яго. – Тут мая бацькаўшчына. Мама Алена Антонаўна і тата Юльян Міхайлавіч у гэтым доме, дзе цяпер жыву, выгадавалі траіх сясцёр і мяне. Я малодшы. Таму калі аб’явіў, што пасля васьмігодкі пайду ў Казлоўшчынскае вучылішча, пачуў ад маці: “А што ж мы тут будзем без цябе рабіць?”.
Але дарэмна непакоілася матуля. Сын, атрымаўшы адразу некалькі спецыяльнасцей – трактарыста, камбайнера і слесара – вярнуўся ў саўгас “Шчучынскі”, пад адным дахам з бацькамі звіў сваё сямейнае гняздо.
– Смак механізатарскага хлеба я зведаў рана. Адразу пасля школы працаваў прыцэпшчыкам. Сур’ёзную працоўную загартоўку прайшоў у цалінным калгасе “Стэпавы” ў Казахстане, куды нас, навучэнцаў СПТВ-15, накіравалі на ўборку летам 1967 года, – дзеліцца С.Ю. Машкала. – Там і на камбайне давялося працаваць, і сілас нарыхтоўваць, і палі пад ворыва ачышчаць. У родны саўгас вярнуўся ўжо і з пасведчаннем аб заканчэнні вучылішча, і з правамі.
Спачатку маладому механізатару даверылі невялічкі экскаватар без кабіны – Э-153, а праз год – новы трактар з навясным агрэгатам ГАН-8 для ўнясення аміячнай вады. “Бывала, ад рэзкага паху не ўседзіш у кабіне, рэспіратары не дапамагалі”, – прыгадвае суразмоўца. Потым давялося працаваць на МТЗ-50, МТЗ-80. На сваіх “жалезных конях” і па торф у Ліду ездзіў, і салому прасаваць для грамадскай жывёлы ў гаспадаркі раёна і далёка за яго межы. А яшчэ працаваў на збожжаўборачных камбайнах, на КСК-100. На апошнім, як пісала ў 1984-ым наша “раёнка”, сумленны, дысцыплінаваны і працавіты механізатар саўгаса “Шчучынскі” С.Ю. Машкала паказваў узоры самаадданай працы і штодзённа нарыхтоўваў па 110-115 тон зялёнай масы. Адным словам, многа год быў лідарам у сацыялістычным спаборніцтве, ударнікам пяцігодак. Гэты факт пацвярджае і стос Ганаровых грамат і знакаў, якія захоўваюцца сярод сямейных рэліквій. А на завяршальным этапе працы перадавы механізатар быў на “ты” з сучасным корманарыхтоўчым комплексам “Палессе”.
Жонка Марыя Антонаўна прыгадвае, як яе лёгкі на пад’ём Станіслаў ніколі не адмаўляўся ўпраўляцца на ферме, калі іншыя святкавалі Каляды і Новы год. І пра тое, як даводзілася адаграваць застылы на марозе трактар. “Гэта цяпер хлопцы сядзяць у трактары ў цяпле, а некалі Стась кажух апране і на калені просіць што пакласці”, – кажа жанчына.
Надзейны прычал
А пакуль муж з раніцы да вечара працаваў на палях і фермах, на яе плячах былі хатняя гаспадарка, жывёла і птушка, дзялкі буракоў, дзеці, пажылыя бацькі мужа. І як яна цяпер жартуе: “Я была музай – натхняла мужа на працоўныя подзвігі”. Станіслаў Юльянавіч згодна ківае галавой: без Марыі не было б у яго вялікіх поспехаў і высокіх узнагарод.
Між іншым, сваю будучую жонку – сімпатычную Марысю з суседняга Касцянева – Станіслаў сустрэў, як ён кажа, “па дарозе на работу” – праязджаў ля яе хаты. Закаханыя зарэгістравалі адносіны і… адправіліся ў вясельнае падарожжа – у Маскву, на Красную плошчу. Тыя шчырыя пачуцці абое захавалі і сёння. Муж любіць сваю Марыю за яе добрае сэрца, цэніць за самаахвярнасць, шануе і аберагае. І ёсць за што. Яго верная спадарожніца жыцця стала адмысловай гаспадыняй, клапатлівай матуляй для іх дочак Ані і Юлі (адна – настаўніца ў СШ №1г. Шчучына, другая – медсястра ў адной з бальніц Мінска. – Заўв. аўтара). Марыя Антонаўна пражыла душа ў душу са свёкрам і свекрывёю, дагледзела іх да глыбокай старасці. А што датычыць Станіслава Юльянавіча, то ён заўжды стараўся выконваць наказ свайго мудрага бацькі: ”Сынок, помні, нічым так не прынізіш сябе, як гарэлкай”. Абое цяпер ганарацца дочкамі і зяцямі, радуюцца з унукаў і ўнучак.
Да ветэрана працы – з пашанай
С.Ю. Машкала давялося працаваць з некалькімі кіраўнікамі, і ў кожнага ён меў павагу. Вось і адміністрацыя ААТ “Васілішкі” не забывае пра былога рупліўца – запрашае на святочныя мерапрыемствы і сустрэчы. А пазалетась уручылі Станіславу Юльянавічу пасведчанне “Заслужаны работнік ААТ “Васілішкі”: гэты своеасаблівы знак пашаны дае права раз у год і на матэрыяльнае заахвочванне. Падарунак ад роднай гаспадаркі атрымаў ён і з пачаткам новага года – падпіску на “Сельскую газету”.
Калі ад’язджала ад Машкалаў, над Алешкаўцамі разгулялася завейка. Сняжынкі кружылі над вясковай вуліцай, над сядзібай, дзе, дарэчы, многае зроблена рукамі масцеравога Станіслава Юльянавіча, мякка апускаліся на высокі крыж, ім жа ўсталяваны побач з домам... Няхай яшчэ доўга служыць ён духоўным абярэгам для гэтай дружнай сям’і!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.