Раман з кнігай працягласцю ў 80 год. Бібліятэка імя Цёткі сёння адзначыць свой юбілей

Напярэдадні 80-годдзя Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі яе супрацоўнікі склалі летапіс развіцця бібліятэчнай справы нашага рэгіёна і аформілі сваю працу ў прыгожую кнігу – ілюстраваную, а галоўнае – інфармацыйна насычаную, якая распачынае аповед з сівой даўніны, бо, бадай, першыя кнігазборы на нашай зямлі з’явіліся яшчэ ў кляштары пры ордэне манахаў-піяраў ды ў прыватных бібліятэках магнатаў накшталт Сцыпіёнаў, а пазней і князёў Друцкіх-Любецкіх.

 

– Давялося столькі навуковай літаратуры перачытаць, столькі даўніх падшывак нашай раённай газеты перагартаць – пачынаючы з “Чырвонага сцяга” і “Савецкай вёскі” да сучаснай “Дзянніцы”, – пакуль з’явілася гэта праца, – распавядае галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Тамара Міхайлаўна Менская. – Большасць крыніц, на якія абапіраецца летапіс, знаходзяцца непасрэдна ў нас, але давялося сур’ёзна папрацаваць і ў абласной бібліятэцы імя Карскага. Вялікі дзякуй шчучынскім журналістам усіх пакаленняў, нашым краязнаўцам Вацлаву Дзежыцу, земляку-даследчыку Сяргею Данскіх і іншым навукоўцам Гродзенскага дзяржуніверсітэта: іх шматгранная праца дапамагла з’яўленню на свет і нашай кнігі-летапісу “З гісторыі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі”.

Адлік сваёй гісторыі шчучынскія бібліятэкары пачынаюць з 1940 года, калі ў Заходняй Беларусі ўжо досыць трывала ўсталявалася савецкая ўлада. Тады ў Шчучыне былі адкрыты Дом культуры, раённая і некалькі сельскіх бібліятэк, а таксама шэраг хат-чытальняў. Вайна сваім чорным крылом перакрэсліла ўсе планы і надзеі. Нямецка-фашысцкія акупанты спалілі раённую бібліятэку, і адрадзілася яна толькі пасля Вялікай Перамогі – у 1945 годзе. Тады кніжны фонд налічваў 1,5 тысячы тамоў, а колькасць пастаянных чытачоў складала 320 чалавек. Пераважна гэта былі настаўнікі і вучні. Пасаду загадчыцы бібліятэкі займала ў тыя часы Зоя Родзік. Па ўспамінах карэнных жыхароў, у 1945-м бібліятэка размяшчалася па вуліцы 17 Верасня ў доўгім аднапавярховым будынку накшталт барака. І толькі ў 1969 годзе яна перасяляецца ў куды больш прэстыжны двухпавярховік: знізу месціцца дзіцячая бібліятэка, а на другім паверсе – раённая.

Загадвалі Шчучынскай раённай бібліятэкай у розныя гады А.В. Новік, Л.С. Далецкая, З.Ф. Альшэўская, Н.Е. Аніська, М.А. Антановіч, Н.У. Раманава. Цікавыя формы работы з чытачамі, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, літаратурныя святы – усё гэта спрыяла вялікай папулярнасці, і зусім не выпадкова па выніках работы гэта культасветустанова прызнавалася лепшай у рэспубліцы, насіла ганаровае званне “Бібліятэка выдатнай работы”.

 

1 кастрычніка 1973 года да ўсяго адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў і Шчучынская гарадская бібліятэка, першай загадчыцай якой стала Л.І. Ганчарова. Гэта таксама быў вельмі любімы гараджанамі асяродак культуры.

 

Важнай з’явай у развіцці бібліятэчнай справы раёна стала ў 2002 годзе адкрыццё цэнтра прававой інфармацыі пры аддзеле абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі. А вось адметнасцю 2007 года было стварэнне мультымедыйнага цэнтра – сучаснага комплексу, што ўключае ў сябе не толькі традыцыйныя бібліятэчныя паслугі, але і камп’ютарызацыю рабочых месцаў з выхадам у інтэрнэт.

З 2011 года Шчучынскую раённую бібліятэку імя Цёткі ўзначальвае А.М. Янкоўская.

 

– Бадай, самай значнай падзеяй у маім прафесійным жыцці стала ў 2015 годзе правядзенне ў Шчучыне Дня беларускага пісьменства, – зазначае Аляксандра Мікалаеўна. – Сімвалічна, што тады, 5 верасня, урачыстае адкрыццё нашай бібліятэкі пасля рэканструкцыі паслужыла стартам у цэлым калейдаскопе яркіх і незабыўных мерапрыемстваў гэтага самабытнага нацыянальнага фестывалю. Ганаровыя госці – міністр інфармацыі, шматлікія пісьменнікі, публіцысты, палітыкі – падарылі шчучынцам мноства цудоўных кніг, а на нашым будынку з’явілася мемарыяльная дошка з барэльефам Алаізы Пашкевіч.
Зараз у склад дзяржаўнай установы культуры “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” ўваходзяць 16 бібліятэк, 11 з якіх – сельскія. Кніжны фонд сёння складае 283 тысячы 848 экзэмпляраў! Для жыхароў аддаленых вёсак працуе бібліятэка на колах. Так званы бібліёбус рэгулярна трымае курс па 14-ці маршрутах. Да прыкладу, сёлета ўжо зроблена больш за 80 выездаў.

 

– Штогод абнаўляецца камп’ютарнае абсталяванне, – падкрэслівае А.М. Янкоўская. – Да сеткі Інтэрнэт падключаны ўсе сельскія бібліятэкі, што дазваляе аператыўна задавальняць запыты чытачоў і ажыццяўляць электронны абарот дакументаў.

Бібліятэкі Шчучыншчыны сёлета прынялі актыўны ўдзел у абласным бібліяпраекце “Вялікай Перамозе – 75!” і акцыі “Чытаем разам пра вайну”, рэалізуюць праекты “ВО!Круг книг!”, “А ці ведаеце вы што…?” і многіх іншых. Усяго энтузіясты бібліятэчнай справы з пачатку года правялі 615 мерапрыемстваў. Больш таго, сёлета Астрынская гарпасялковая бібліятэка ўзнагароджана дыпломам “За падтрымку і развіццё чытання” па выніках рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

– Мы прыйшлі да свайго юбілею ў добрай творчай форме, натхнёныя новымі ідэямі, з гатоўнасцю іх ажыццяўляць. А 15 верасня, у Дзень бібліятэк, запрашаем усіх прыхільнікаў кнігі да нас у інфармацыйна-выставачную залу на прыгожую ўрачыстасць з нагоды слаўнай даты. У праграме мноства цікавых сустрэч і сюрпрызаў, – паабяцала Аляксандра Мікалаеўна. – Гэта будзе яшчэ адна яркая старонка ў працяг вышэй узгаданага летапісу.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва бібліятэкі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!