Ён з добрай песняй крочыць па жыцці. У таленавітага музыкі Генаддзя Панова выйшаў другі зборнік песень

 

Шчучынскі музыка і кіраўнік вакальна-харавых калектываў РЦКіНТ Генадзь Паноў адзін з тых, хто праз песні праслаўляе наш слаўны Шчучынскі край. Яго музыка кранае, прымушае прыпыніцца і задумацца над вечным. Сціплыя і мілагучныя песні адразу западаюць у сэрца, а просты матыў дазваляе кожнаму заспяваць іх.

 

Генадзь Паноў – чалавек надзвычай творчы і таленавіты. За значны асабісты ўклад у скарбонку культуры Шчучынскага краю ён не раз быў адзначаны ганаровымі граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў. У 2017 годзе імя таленавітага музыкі было занесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна, да таго ж наш зямляк стаў лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко ў сферы культуры і мастацтва.

 

Два гады таму Генадзь Паноў пры падтрымцы Шчучынскага РЦКіНТ выпусціў свой першы зборнік песень “Малая радзіма”, які выклікаў сапраўдны рэзананс у музычным асяродку Гродзеншчыны. І вось ён працяг – у свет выйшаў другі зборнік мелодый і тэкстаў песень музыкі з аднайменнай назвай.

 

У зборнік увайшоў 21 музычны твор, напісаны кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы” РЦКіНТ. Дарэчы, усяго на рахунку кампазітара каля сотні песень. Зборнік раздзелены на дзве часткі, якія аб’ядналі песні патрыятычнага і лірычнага характару. Адметна, што вершы, якія сталі словамі песень, напісаны простымі паэтамі, у тым ліку і мясцовымі. Мне таксама пашчасціла стаць аўтарам некалькіх з іх! Чулі б вы, як хораша грае песні са зборніка наш музыка. Адно замілаванне!

 

– Зборнік – гэта жаданне папулярызаваць арыгінальныя мастацкія творы песеннага жанру, захаваць любоў да сваёй малой радзімы, узбагаціць песенны рэпертуар прафесійных і самадзейных калектываў, – гаворыць Генадзь Паноў. – Ён прызначаны як для прафесійных і самадзейных выканаўцаў, калектываў мастацкай самадзейнасці, навучэнцаў музычных устаноў, так і для ўсіх аматараў песні. Шчыра дзякую дырэктару РЦКіНТ Святлане Жвірблі, калегам Сяргею Сідаровічу і Але Раманчык за дапамогу ў падрыхтоўцы да выпуску зборніка песень.

 

За аўтара зборніка рады хіба што ўсе.

 

 – Зборнік Генадзя Панова будзе цікавы тым, хто сапраўды любіць песню, – зазначае калега музыкі, мастацкі кіраўнік РЦКіНТ Алена Ушкар. – Усе, хто працаваў з песнямі Генадзя Аляксеевіча, ці чуў іх у гатовым выкананні, вядома ж адзначаць для сябе іх меладычнасць і асаблівасць гарманічнага гучання. Кожная песня зборніка – гэта асаблівыя адносіны музыканта да жыцця. Песні майго калегі часта гучаць у выкананні народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Генадзь Паноў. Упэўнена, што чарговы зборнік будзе карыстацца папулярнасцю і поспехам у тых, хто сапраўды любіць песню!

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!