Як жывецца жывапісцу. Даведаліся, над чым зараз працуе шчучынскі мастак Пётр Талочка

 

Яго чароўныя нёманскія пейзажы ёсць у дамах многіх шчучынцаў, бо да мастака Пятра Талочкі досыць часта звяртаюцца знаёмыя і незнаёмыя людзі з просьбай напісаць “карціну для душы”, каб закранула за жывое і стала падарункам на доўгую і добрую памяць. Пётр Вацлававіч ахвотна бярэцца за заказы, але работы, створаныя па запатрабаванні свайго ўнутранага “я”, усё ж на першым месцы.

 

У кожным сваім творы мастак імкнецца глыбей спазнаць свет і разам з тым паўней выявіць сябе. Розныя па тэмах работы, у іх заўжды прысутнічае тонкае пачуццё гармоніі, чысціня і звонкасць колераў, цэласнасць і кампазіцыйная завершанасць. Між тым, калі сабраць разам усе палотны, што напісаў у розныя гады Пётр Талочка, іх набярэцца больш за… тысячу. А гэта, пагадзіцеся, сведчыць яшчэ і аб вялікай працаздольнасці шчучынскага мастака.

 

Вобразы мілыя роднага краю

 

Здольнасць да малявання ў хлопца з вёсачкі Малая Нявіша выявілася вельмі рана, а абудзілі мастацкую струнку, няйначай, як непаўторныя відарысы тамтэйшых мясцін. Школа – спачатку Барэйшышкаўская, а затым і Васілішкаўская – знаходзілася за некалькі кіламетраў ад дому. Вось пераадольваючы гэту адлегласць, можна было столькі прыгажосці ўбачыць: і як сонца з-за лесу ўстае, і як першыя пралескі свае блакітныя вачаняты адкрываюць, і як майская сенажаць водарным разнатраўем дыхае!

 

– Назбіраю, ідучы з заняткаў, палявых кветак, пастаўлю ў ваду букет і малюю, імкнучыся перадаць дзівосныя фарбы і формы, – узгадвае Пётр. – А ўзімку, запомнілася, раным-рана факел запальваў і крочыў з ім, асвятляючы шлях сярод іскрыстых снягоў. Так рамантычна гэта было! Вядома, можна ўзяць у дарогу ліхтарык, але батарэйкі да яго былі такім дэфіцытам!

 

Наш суразмоўца толькі ўсміхаецца, прыпамінаючы тыя няпростыя часы, рэаліі якіх нават немагчыма ўявіць сённяшняму маладому пакаленню. Пётр Талочка нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і і быў самым малодшым з шасці дзяцей. Ад бацькоў увабраў працавітасць, прыстойнасць, павагу да людзей. Тата, Вацлаў Адольфавіч, славіўся на ўсю акругу як майстар на ўсе рукі: пасля ваеннай разрухі людзям хаты дапамагаў адбудоўваць, умеў печ злажыць, калодзеж у “правільным” месцы выкапаць, любую мэблю змайстраваць – ад шляхетнай шафы да простай, але дыхтоўнай табурэткі. Захапленне малодшага сына ўспрымалася ім як нешта належнае, маўляў, у кожнага чалавека штосьці павінна адмаслова атрымлівацца. А ў тых ранніх акварэльных аркушах Пятра, калі толькі фарміраваўся будучы мастак, адлюстроўваліся вобразы роднага краю, партрэты блізкіх людзей і аднакласнікаў, прадметы не толькі побыту, але і тых дзівосных рэчаў, якія знаходзілі яны, няўрымслівыя школьнікі, падчас незабыўных экспедыцый з настаўнікам гісторыі па старажытных паселішчах першабытных плямён.

 

Мастак-афарміцель – гэта гучыць…

 

– Вельмі многае ў плане развіцця мне дала служба ў арміі, – дзеліцца Пётр Вацлававіч. – Наглядная агітацыя ў тыя часы адыгрывала каласальную ролю ў ідэалагічнай рабоце. Камп’ютараў не было, да паліграфічных паслуг звярталіся толькі ў асаблівых выпадках, а вось уменне прызыўніка пісаць плакатным пяром, аформіць “чырвоны куток”, выпусціць сценгазету цанілася вельмі высока. Менавіта гэтым і многім іншым мне давялося займацца ў мастацкай майстэрні падчас службы ў Чэлябінску. Побач працавалі таленавітыя хлопцы, лічы, з усяго Саюза, некаторыя з іх закончылі мастацкую акадэмію, таму ахвотна дзяліліся сваімі ведамі, давалі талковыя парады такім, як я, пачаткоўцам. Цікаўнасць да мастацтва толькі расла, і калі мне даводзілася ехаць праз Маскву ў родную Беларусь, ніколі не абмінаў Траццякоўскую галерэю, дзе мог гадзінамі вывучаць шэдэўры сусветнага жывапісу, любавацца самымі знакамітымі палотнамі рускіх класікаў.

 

Пасля армейскай службы, напачатку 80-х мінулага стагоддзя, Пётр Талочка ўладкаваўся на працу ў Шчучынскі раённы Дом культуры, дзе ў якасці мастака-афарміцеля даводзілася выконваць самыя розныя заданні. Так, да чарговага юбілею правадыра рэвалюцыі на будынку пошты ў цэнтры горада з’явілася маштабнае палотнішча з выявай У.І. Леніна. Работа была выканана бездакорна. “Хто яе аўтар?” – пацікавілася адна з прадстаўніц тагачаснай раённай улады. А даведаўшыся, што плакат намаляваў мясцовы мастак, не на жарт устрывожылася. Маўляў, як так: Ільіча дазваляецца маляваць толькі тытулаваным творцам, ну ў крайнім выпадку – мастакам з адпаведнай катэгорыяй.

 

– Выйсце знайшлі вельмі канструктыўнае: адправілі на курсы ў Мінск, дзе я з задавальненнем папоўніў свае веды, павысіў кваліфікацыю і набыў належную катэгорыю, – узгадвае Пётр Вацлававіч.

 

Засталася ў памяці і сустрэча ў сталіцы з народным мастаком СССР Міхасём Савіцкім, які даў добрую адзнаку работам шчучынскага жывапісца і параіў Пятру паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут, абяцаючы сваю падтрымку. Аднак па пэўных жыццёвых абставінах у П.В. Талочкі гэты намер не ажыццявіўся. Тым не менш, будучы самадзейным мастаком, ён усё жыццё займаўся самаадукацыяй, многа і плённа працаваў, актыўна ўдзельнічаў у творчых семінарах і пленэрах, выставах, што арганізоўваліся ў Гродне, Мінску і нават Маскве. І сёння ў архіве шчучынца захоўваюцца дыпломы тых часоў – ад Саюза мастакоў СССР, ганаровыя граматы за перамогі ва ўсемагчымых фестывалях. Пасля аднаго з іх Пятра Талочку за творчыя дасягненні ўзнагародзілі бронзавым медалём ВДНГ. Гродзенскае тэлебачанне тады прыехала ў Шчучын, каб зняць сюжэт пра нашага мастака. А прэстыжны рэспубліканскі часопіс “Мастацтва Беларусі” надрукаваў карціну Пятра Талочкі “Песня пра зубра”.

 

Муза па імені Ала

 

Яна з’явілася ў жыцці маладога мастака вельмі нечакана. Што называецца, убачыў і прапаў. Усе думкі пра яе – чароўную, пяшчотную, прыгожую...

 

Аднойчы ў Мінску сярод зімы ў гарадскі аўтобус увайшоў мужчына з букетам прыгожых руж. Гэта было маленькай сенсацыяй, бо ў продажы ў той час у лепшым выпадку маглі прапанаваць заняпалыя гваздзікі. У Пятра, які па справах знаходзіўся ў сталіцы, проста загарэліся вочы, і ён адважыўся спытаць незнаёмца, дзе “дастаць” такі букет. Аказваецца, па вялікім “блаце” ў… батанічным садзе. Пётр скарэкціраваў свае планы і тут жа адправіўся на пошукі ружаў, канешне, для Алы. Будучы чалавекам сціплым і не вельмі камунікабельным, усё ж дабіўся свайго і вёз у Шчучын акуратна спавітыя ў газету (каб не змерзлі на марозе!) царскія кветкі для каханай.

 

Прайшоў час, і яны з Алай сталі сям’ёй, выхавалі дваіх сыноў. Старэйшы Аляксей, як і бацька, таксама цудоўна малюе, праўда, аддае перавагу графіцы, а вось працуе ў Следчым камітэце, застаўшыся верным роднаму гораду і малой радзіме. Малодшы – Віталій – абуладкаваўся ў Мінску, але таксама не забывае бацькоў.

 

Кватэра Талочкаў нагадвала карцінную галерэю. Аднак самае галоўнае, што тут жывуць натхненне, каханне і ўзаемаразуменне. Гэта вельмі дапамагае мастаку ствараць новыя жыццярадасныя палотны, якія, між іншым, вельмі часта адпраўляюцца ў самыя розныя куточкі свету. Карціны шчучынца Пятра Талочкі сёння займаюць пачэснае месца ў прыватных калекцыях у Расіі і Украіне, Польшчы і Літве, Індыі і Кітаі…
Цяпер жывапісец працуе над чарговай іконай, атрымаўшы на гэта благаславенне святара. А ўвогуле ў ягоным арсенале па-ранейшаму паэтычныя прынёманскія пейзажы, маляўнічыя куточкі малой радзімы – такой пазнавальнай для кожнага чалавека з сялянскімі каранямі, авеяныя легендамі старажытныя храмы, партрэты, дзе нейкім неверагодным чынам перадаецца не проста тыпаж, а характар, адметнасць асобы. За гэта і цэняць аўтара яго прыхільнікі.

 

Фотаапарат, эцюднік, спінінг…

 

Ладны кавалак свайго жыцця Пётр Талочка працаваў у МПМК-167, з гэтай арганізацыі два гады таму і пайшоў на заслужаны адпачынак. Сумаваць гэтаму няўрымсліваму чалавеку абсалютна няма калі.

 

– Паглядзі, якая восень залатая за акном! Давай махнём на рыбалку, – прапаноўвае мужу Ала Васільеўна, і супружная пара дружна збіраецца ў “экспедыцыю” па Панямонні.

 

– Увогуле ў планах аб’ехаць яшчэ і Прыпяць, там таксама надзвычай чароўныя мясціны, – дзеліцца планамі Пётр Вацлававіч. – Сёлета былі на Свіцязі, у Мірскім замку. Вельмі шмат адметнага ў нашай Беларусі. Мы любім удваіх з жонкай падарожнічаць, жыць, як рабінзоны, на ўлонні прыроды. Даводзілася не толькі ўнушальнаму ўлову радавацца, але і з лясным звяр’ём сутыкацца – дзікамі і нават ваўком. А аднойчы ўначы нахабная ліса схапіла спінінг і панесла яго ў зубах – ледзь адваявалі!

 

Але менавіта такія прыгоды не даюць закіснуць у руціне будняў, дораць незабыўныя ўражанні і адрэналін. У мастака пад рукой заўжды эцюднік, а калі бракуе часу, то выручае фотаапарат. Ужо дома, гледзячы на зробленыя нататкі або фотаздымкі, можна перад мальбертам бясконца ўдасканальваць лініі і формы, эксперыментаваць з колерам, узгадваючы ўсе нюансы і адценні.

 

– Ведаеце, я шчаслівы чалавек, – гаворыць Пётр. – Бывае, на двары трашчыць мароз, а я стаю з пэндзлем перад сваёй незакончанай карцінай і так выразна ўспамінаю подых лета, што сам нібыта перамяшчаюся ў часе і прасторы. Неверагоднае пачуццё!

 

Вось гэтай шчырасцю і кранаюць яго палотны. Упэўнена, патэнцыял шчучынскага мастака рэалізаваны яшчэ далёка не поўнасцю. А значыць, наперадзе новыя сустрэчы з адметнымі карцінамі Пятра Талочкі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва
Пятра Талочкі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!