Культурны мост у Ніжагародчыну. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла выстава таленавітага расійскага мастака Аляксея Мяснікова (+ВІДЭА)
Культурны мост паміж народамі – менавіта так можна назваць выставу расійскага мастака-графіка Аляксея Мяснікова, якая адкрылася ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Адкрыццё выставы сабрала шмат наведвальнікаў сярод якіх былі кіраўніцтва раёна, госці з Расіі, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў, прадстаўнікі розных устаноў культуры, а таксама неабыякавыя да мастацтва шчучынцы. Акрамя выставы сваіх работ мастак таксама правёў майстар-клас па жывапісу для шчучынскай моладзі.
Імпрэза стала магчымай дзякуючы міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву Гродзенскай вобласці з Ніжагародскай вобласцю Расійскай Федэрацыі.
Прысутных прывітала намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна:
– Вельмі прыемна сёння сабрацца ў творчым кантэксце. Мы рады, што майстар-клас і выстава ператварыліся ў выдатную сустрэчу на гасціннай Шчучынскай зямлі. Усім прысутным жадаю ў першую чаргу спазнаць нешта новае і цікавае, бо, як бачым, стыль мастака даволі арыгінальны і запатрабаваны. Магчыма ў кагосьці з дзяцей сёння запаліцца іскра і камусьці захочацца далей ісці ў напрамку мастацтва, каб стаць вялікім аўтарам.
Як адзначыў на адкрыцці выставы кіраўнік Прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь Андрэй Дудкін, на Гродзеншчыне нарадзіўся выдатны і ўнікальны па сваёй сутнасці праект – з’езд малых гарадоў Расіі і Беларусі. І Шчучыншчына – гэта адзін з самых актыўных удзельнікаў праекта. Выстава Аляксея Мяснікова – гэта не проста культурны пасыл, але і грунтоўная сумесная работа.
Член саюза мастакоў Расіі, заслужаны мастак Ніжагародскай вобласці Аляксей Мяснікоў – прафесіянал з вялікім творчым досведам. У аснове яго работ ляжаць любыя сэрцу мастака прыродныя вобразы Ніжагародчыны. Натуральны пейзаж і вясковыя замалёўкі дазваляюць адчуць душу і энергетыку тых мясцін. У шэрагу сваіх работ аўтар робіць акцэнт на царкоўнай архітэктуры расійскай правінцыі. Гэтая тэматыка становіцца асабліва цікавай, пры параўнанні з архітэктурнымі формамі і стылямі нашай роднай Шчучыншчыны.
Натхненне для сваіх работ Аляксей Мяснікоў знаходзіць у акаляючым яго асяроддзі. Асабліва мастак упадабаў вёску Трыфакіна Васкрасенскага раёна Ніжагародскай вобласці. Магутныя лясы і жывапісны бераг тамтэйшай ракі Вятлугі сталі невычарпальнай крыніцай натхнення для аўтара.
Эстэтычныя падарожжы праз работы Аляксея Мяснікова вабяць не толькі расійскіх і беларускіх аматараў мастацтва. Работы мастака выстаўляліся ў Італіі, Венгрыі, Чарнагорыі і іншых краінах.
– Для мяне вялікі гонар знаходзіцца тут, – адзначыў Аляксей Мяснікоў. – Гонар бачыць маладое пакаленне, ад якога залежыць будучае. Гляджу на вас з надзеяй і верай у светлую будучыню, якая будзе напоўнена дабрынёй, узаемнай любоўю, узаемапаразуменнем. Культура і мастацтва ў любой сваёй праяве – гэта мова, на якой людзі хутчэй знаходзяць узаемапаразуменне. І мне хочацца верыць, што сённяшняя сустрэча стане маленькім цёплым рукапацісканнем паміж нашымі народамі.
Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы Аляксей Мяснікоў правёў майстар-клас па жывапісе для выхаванцаў Шчучынскай ДШМ. Мастак не проста пазнаёміў дзяцей з тэхнікай выканання малюнка, але і падзяліўся асабістымі мастацкімі сакрэтамі і творчымі напрацоўкамі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.