Жыццёвая пазіцыя – актыўная! Даведаліся, за што паважаюць у Крупаўскай акрузе дэпутата Алену Шадуру
Дэпутата Орлеўскага сельскага Савета дэпутатаў па Крупаўскай выбарчай акрузе Алену Шадуру мы сустрэлі на яе рабочым месцы. Крупаўскі ФАП, якім яна загадвае ўжо на працягу 17 гадоў, уразіў хатняй утульнасцю і цеплынёй у прамым і пераносным сэнсе. Адчувалася, што тут зроблена ўсё магчымае, каб пацыентам было зручна, каб яны адчувалі: ім абавязкова дапамогуць!
Усе, з кім мне даводзілася гаварыць пра Алену Аляксандраўну, падкрэслівалі яе высокі прафесіяналізм, уважлівасць да людзей і актыўную грамадзянскую пазіцыю. А.А. Шадура – стараста адразу трох вёсак, што знаходзяцца ў цесным суседстве: Церахі, Крупава і Карпавічы. Нядаўна былі падведзены вынікі за 2022 год традыцыйнага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Орлеўскага сельсавета. Першае месца заняла Алена Аляксандраўна!
– Мне лёгка і прыемна працаваць з людзьмі. Большасць аднавяскоўцаў пазітыўна рэагуе на мае заўвагі і парады, адгукаецца на прапановы талакою выйсці на суботнік і прывесці ў парадак вуліцу, парк, дзе ўстаноўлены помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам, тэрыторыю вакол сваіх сядзібаў, – гаворыць жанчына. – Праводжу асветніцкую работу наконт здаровага ладу жыцця, рэкамендую ў мэтах прафілактыкі здаць аналізы, прайсці дыспансерызацыю. Ведаеце, людзі прыслухоўваюцца, і дзякуючы гэтаму ўдалося своечасова і эфектыўна дапамагчы ўжо не аднаму пацыенту.
Актыўны ўдзел А.А. Шадура прымае ў рабоце агляднай камісіі, дзе ў полі зроку грамадскасці бяспека ўмоў пражывання вяскоўцаў. Як пазаштатны пажарны інспектар Алена Аляксандраўна ажыццяўляе кантроль за ўстараненнем выяўленых парушэнняў правіл пажарнай бяспекі. Стараста аказвае дзейсную дапамогу ў рабоце па ўліку пустуючых дамоў, прыкладвае намаганні, каб устанавіць іх спадчыннікаў, падчас падворных абходаў удакладняе ўлік падсобных гаспадарак сялян. Як прадстаўнік органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Алена Шадура аказвае важкую дапамогу сельвыканкаму на даверанай ёй тэрыторыі. Пад пільнай увагай старасты – людзі сталага веку, адзінокія і інваліды, сем’і з дзецьмі. І тут даверлівай камунікацыі спрыяюць жыццёвы вопыт і высакародная прафесія медработніка, якую Алена Аляксандраўна любіць усёй душой. Досыць працяглы час яна працавала адразу на два ФАПы: свой і Ракавіцкі. Нагрузка – каласальная, але ніхто і ніколі не чуў ад яе нараканняў. Якой бы стомленай ні была, а да людзей Аляксандраўна ідзе заўжды з пазітывам. Тэрмінова трэба на выклік – сядае за руль уласнай машыны і імчыць!
А яшчэ вяскоўцы дакладна ведаюць, што да свайго дэпутата могуць звярнуцца з любой нагоды, бо яна – свой чалавек: тут нарадзілася, тут закончыла школу, а атрымаўшы такую запатрабаваную прафесію, вярнулася на малую радзіму ў родныя Церахі. Нездарма ўжо каля дзясятка год А.А. Шадуру землякі выбіраюць сваім старастам.
– Самыя вострыя праблемы, якія ўздымаюць жыхары нашай мясцовасці, – гэта рамонт дарог, – лічыць стараста. – Надараюцца збоі ў вулічным асвятленні, дзесьці выклікае трывогу аварыйнае дрэва. Вырашаюцца злабадзённыя пытанні пры падтрымцы старшыні Орлеўскага сельвыканкама А.Г. Шэршаня.
Варта сказаць, што ў Алены Аляксандраўны цудоўная сям’я, а на дапамогу мужа, Алега Казіміравіча, яна заўсёды можа разлічваць не толькі ў хатніх справах, але і ў грамадскіх. Нядаўна родныя людзі, калегі, аднавяскоўцы горача віншавалі гэту цудоўную жанчыну з нагоды прыгожага юбілею. Шчырых пажаданняў і кветак, нягледзячы на студзень, было цераз край. І ў гэтым таксама бачацца прызнанне і ўдзячнасць юбілярцы за добрае сэрца, адкрытасць, уменне рэальна “забраць твой боль”, падтрымаць у самую складаную хвіліну.
– Ведаеце, я проста ганаруся, што працую побач з такім чалавекам, – прызнаецца Галіна Кавалеўская. – Наша Алена Аляксандраўна – прыклад таго, як на сваёй радзіме, сярод сваіх людзей стаць прыкладам для іншых і лідарам, які выступае ініцыятарам добрых спраў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.