У Орлеўскім дз/с-СШ створаны студэнцкі атрад “Арляняты”, які працуе на базе мясцовай гаспадаркі

Сабраць вырашчаны ўраджай – гэта толькі палова справы, важна яшчэ добра высушыць зерне і захаваць яго. Быць добрымі гаспадарамі вучацца і школьнікі Орлеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Больш за дваццаць юнакоў і дзяўчат вырашылі з карысцю правесці летнія канікулы і ў саставе студэнцкага атрада папрацаваць на зернетоку. Высушанае зерне яны загружаюць у транспарцёр, які перапраўляе сабраны ўраджай у складское памяшканне на захоўванне. Рабяты раздзяліліся на дзве групы і працуюць у дзве змены. Юнакі арудуюць лапатамі, а дзяўчаты сочаць за тым, каб у працэсе транспарціроўкі не было страчана ніводнае зернетка. 

-- Старшакласнікі працуюць старанна, з душой, -- гаворыць камандзір студэнцкага атрада Аляксандр Аляксандравіч Шалесны, настаўнік фізікі і інфарматыкі Орлеўскага дз/с-СШ. – Яны разумеюць, што ім даручана вельмі адказная справа. Такі атрад дзейнічае ў нашай школе не першы год. Многія старшакласнікі і летась дапамагалі гаспадарцы. Акрамя гэтага, у рамках работы студатрада праводзяцца для рабят розныя мерапрыемствы. Некалькі дзён таму адбылася спартакіяда, падчас якой рабяты спаборнічалі ў валейболе, гулялі ў дартс. Прайшоў конкурс букетаў. Плануецца і правядзенне акцыі добрых спраў: мы наведаемся да ветэранаў працы, каб прапанаваць сваю дапамогу. 
Задаволены работай юных памочнікаў і антыкрызісны ўпраўляючы А.У. Козіч. 
-- Кожныя рукі ў гаспадарцы ў гарачы ўборачны перыяд на вагу золата, -- гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. – Таму вітаем такое працоўнае імкненне старшакласнікаў. Дый і для рабят гэта добрая магчымасць зарабіць уласны рубель, каб набыць штосьці неабходнае для вучобы або патраціць заробленае на іншыя мэты. Акрамя таго, лічу, што вельмі важна, каб школьнікі разумелі, наколькі ў аграрыяў нялёгкая праца, і сваёй работай яны ўносяць пасільны ўклад у вялікую агульную справу. 
Як аказалася, у студэнцкім атрадзе працуюць не толькі старшакласнікі, але і сёлетнія выпускнікі. Камісар атрада Павел Сідлярэвіч толькі два месяцы таму развітаўся са школай і ўжо стаў студэнтам Гродзенскага філіяла БІП. Юнак будзе вучыцца на факультэце правазнаўства. Лішняя капейчына цяпер яму зусім не памяшае: столькі ўсяго трэба набыць для самастойнага студэнцкага жыцця!
-- У студэнцкім атрадзе працую ўжо другі год, -- гаворыць Павел – Работа па сіле. Прыемна, што магу прынесці карысць сваёй працай. Крыху сумна ўсведамляць, што ў родную Орлю цяпер буду наведвацца не так часта. Таму сумесная работа ў гаспадарцы -- гэта яшчэ і добрая магчымасць пабыць некалькі тыдняў разам са сваімі сябрамі.
З карысцю  правесці канікулы вырашыла і дзесяцікласніца Дзіяна Красочка. 
-- Дружнай кампаніяй працаваць заўсёды весела і цікава, -- разважае дзяўчына. – Таму і вырашыла запісацца ў студатрад. Дый атрымаць сваю ўласную зарплату чым дрэнна? Не трэба будзе прасіць у бацькоў на кішэнныя расходы. 
…Пакуль размаўлялі з рабятамі, пад’ехаў чарговы самазвал з поўным кузавам зерня. На хвіліну, пакуль ссыпаліся мільёны залатых зярнятак, усе расступіліся, а затым зноў дружна ўзяліся за работу. Адпачываць няма калі!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!