Воднае багацце. Нядаўна на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета дзвюм крыніцам прысвоілі статус гідралагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння
Прырода нашага раёна разнастайная і багатая на цікавосткі. Сінявокія азёры, шыкоўныя паркі, велічныя пушчы. Аднак хацелася б звярнуць увагу нашых чытачоў на не самыя відавочныя помнікі прыроды – крыштальныя крыніцы, якія б’юць з-пад нетраў зямлі на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета.
Крыніцамі называюць натуральны выхад водаў на наземную паверхню на сушы або пад вадой. Калі крынічная вада дабіраецца да паверхні зямлі, то яна падвяргаецца натуральнай фільтрацыі, якая забяспечвае яе чысціню. Праходзячы праз шматлікія пласты пяску і іншых парод, вада ачышчаецца ад бруду. Важна тое, што такога кшталту фільтрацыя не ўплывае на структуру і не закранае гідрахімічны склад вады, што ў сваю чаргу дазваляе захаваць яе карысныя ўласцівасці. Вось чаму чыстая крынічная вада ва ўсе часы мела вялікую каштоўнасць для людзей.
Захаванне чысціні крыніц – справа даволі важная і далікатная, адказвае за гэта Шчучынская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Для таго, каб на заканадаўчым узроўні замацаваць важнасць і не дапусціць забруджвання, на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета зусім нядаўна быў нададзены статус гідралагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння дзвюм крыніцам у вёсках Ракавічы і Ліпічна. Пра гэта нам расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Венцковіч:
– Напрыканцы снежня райвыканкам дакументальна зацвердзіў рашэнне аб наданні статуса гідралагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння дзвюм крыніцам. Ракавіцкая перададзена пад ахову Беларускай праваслаўнай царквы, а ліпічноўская – пад ахову ААТ “Орля”. Былі дакладна акрэслены тэрыторыі ахоўных зон помнікаў прыроды і рэжым іх выкарыстання.
Пра ракавіцкую крыніцу добра ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Кожны год сюды з’язджаюцца паломнікі, каб памаліцца ў мясцовым храме і набраць гаючай вады. Крыніца ж у вёсцы Ліпічна малавядомая. І дарэмна, бо паводле вынікаў хімічных і мікрабіялагічных аналізаў тутэйшая вада з’яўляецца адной з самых чыстых ва ўсім нашым раёне. Помнік прыроды знаходзіцца на тэрыторыі былога саду князёў Чацвярцінскіх і быў знойдзены адносна нядаўна мясцовым жыхаром Леанідам Сухоцкім.
– Крыніцу гэтую я знайшоў у 1994 годзе, – кажа спадар Леанід. – Пасвіў кароў, і бачу, што з зямлі, каля ручая Грушка, прабіваецца вада. Прыгналі экскаватар, адкапалі і аказалася, што жыла гэтай крыніцы ідзе не знізу, а з-пад узгорка. Потым атрымалася абсталяваць гэтае месца і зрабіць выхад для вады ў ручаёк, які сам упадае ў Нёман. Праз год разам з жыхарамі Ліпічна Іванам Курачка і Георгіем Будрэвічам мы гэтае месца добраўпарадкавалі: паставілі агароджу, зрабілі жолаб, паклалі пліты. Месца стала жывым, і сюды пачалі хадзіць людзі.
У доказ таго, што вада тут гаючая, Леанід Канстанцінавіч расказаў нам цікавую гісторыю. Калісьці бабры зусім побач з крыніцай падпілілі вербы. Дрэвы ўпалі, але не загінулі, адпіліся і цалкам ачунялі на крынічнай вадзе. Дарэчы, некаторы час бабры пагражалі сённяшняму помніку прыроды. Аднойчы яны збудавалі тут плаціну, якая пачала затапляць крыніцу. Бабровае збудаванне бурылася, і ў рэшце рэшт звяры людзей зразумелі і ўзвялі плаціну вышэй.
– Некалькі разоў гэтую крыніцу чысцілі, апошні раз – у мінулым годзе, – распавядае Леанід Сухоцкі. – З гэтай справай мне дапамагалі мясцовыя хлопцы: Руслан Асцюкевіч, Андрэй Жлаба і Яраслаў Ярмантовіч. Тутэйшыя людзі крыніцу ведаюць і цэняць, ваду адсюль бяруць нават на закруткі. Думаю, было б добра ўсталяваць тут шыльду з інфармацыяй пра гэты водны помнік, каб людзі маглі даведацца больш пра яго.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.