Хор шчучынскіх ветэранаў – гэта найперш калектыў, дзе валадараць сяброўства, згуртаванасць, творчая атмасфера і вялікая любоў да песні

 

Артыстаў залатога ўзросту з іскрынкай у вачах можна бачыць на раённых святах і ўрачыстасцях, у сацыяльных установах, куды яны прязджаюць з дабрачыннымі канцэртамі, каб падтрымаць нямоглых людзей, на рэпетыцыях у цэнтры культуры і народнай творчасці, у цікавых вандроўках і паездках на фестывалі і конкурсы.

 

-- Напачатку 80-х гэта творчае згуртаванне стваралася выключна як хор ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ля вытокаў стаялі вельмі паважаныя на Шчучыншчыне людзі – Валянцін Пятровіч Нікульшын, які прайшоў франтавымі дарогамі, і педагог, цудоўны арганізатар Тамара Георгіеўна Шулюпіна, што вызначалася сваім крэатывам, працуючы ў гарнізонным Доме афіцэраў, а потым -- у СШ № 2 г. Шчучына,  -- распавядае сённяшні кіраўнік і канцэртмайстар хору -- вядомы музыкант і кампазітар Генадзь Паноў. – Спявалі тады ў хоры Мікалай Сасноўскі, Васілій Пярвушын, Мікалай Малінка і многія іншыя франтавікі і былыя партызаны. З цягам часу па зразумелых прычынах радзелі рады ўдзельнікаў вайны, эстафету натхнёна падхапілі наступныя пакаленні, і сёння ўжо мы пазіцыянуем сябе як хор ветэранаў працы і Узброеных Сіл. Цэнім кожнага свайго ўдзельніка, але асабліва ганарымся “трыма мушкецёрамі” – падпалкоўнікамі ў адстаўцы Віктарам Анашкіным, Іванам Берташам і Аляксеем Зайцавым. Гэта сапраўдныя энтузіясты сцэны – з прыгожымі галасамі, афіцэрскай выпраўкай, на дзіва артыстычныя  і харызматычныя выканаўцы.

 

Зрэшты, пра жанчын-удзельніц хору – абаяльных, інтэлігентных, надзвычай лірычных -- Генадзь Аляксеевіч адгукаецца з не меншай цеплынёй і павагай. Пра аб’ектыўнасць яго ацэнак сведчаць дыпломы, якія шчучынцы нязменна прывозяць з абласнога фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”.
-- Менавіта гэты фестываль стаў для нас галоўным харавым экзаменам, -- падкрэслівае Г.А. Паноў. – Там нямала дастойных сапернікаў. Моцныя харавыя калектывы ветэранаў у Лідзе, Воранаве, іншых гарадах і мястэчках Гродзеншчыны. Пры гэтым наш Шчучын павінен гучаць дастойна і адметна. Хацелася б пашырыць наш хор, папоўніць яго новымі галасамі і творчымі людзьмі, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, пранікнуты грамадскімі інтарэсамі.

 

Генадзь Аляксеевіч прызнаецца, што не вельмі “прыдзіраецца” на праслухоўванні прэтэндэнтаў: галоўнае для яго – шчырая любоў чалавека да музыкі ды каб спяваў ён ад душы.  На рэпетыцыях, якія праходзяць у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці раз на тыдзень, удзельнікі хору развучваюць народныя песні і хіты сваёй маладосці, кампазіцыі ваенных гадоў, творы на вершы і музыку мясцовых аўтараў. Напрыклад, “Песню пра Шчучын” Уладзіміра Суэціна, які калісь выкладаў у Шчучынскай музычнай школе і нават быў настаўнікам Генадзія Панова. Такая вось творчая эстафета пакаленняў.

 

-- Увогуле, заўсёды ўлічваю, што жадаюць выконваць самі ўдзельнікі хору, ахвотна прымаю ўсе іх прапановы і ініцыятывы, -- падкрэслівае кіраўнік. – Маюць поспех жартоўныя народныя песні, накшталт “Ехаў пан капітан” і “Ажаніўся наш Сымон”. Вось нядаўна развучылі такую душэўную песню, як “Мамін старэнькі дом”, дзе ёсць словы, сугучныя кожнаму з нашых выканаўцаў: “Даже в 70 лет вновь сирени букет, словно в юности, сердце тревожит. ”  Між іншым, сярод нас ёсць артысты, якім не толькі 70, але і за 80 год! А ёсць і так званыя маладыя пенсіянеры. Усім мы рады!

 

Самі ўдзельнікі ветэранскага хору кажуць, што для іх заняткі спевамі пад кіраўніцтвам маэстра – гэта сапраўдная аддушына, сустрэчы з прыгожым, магчымасць самарэалізавацца, набрацца аптымізму ад сваіх сяброў па сцэне і, вядома, гледачоў. Перад канцэртамі заўжды хвалююцца, але гэта той адрэналін, які ідзе толькі на карысць і… амалоджвае.

 

Калі вы зацікавіліся прапановай Г.А. Панова і хочаце атрымаць задавальненне ад добрай песні, захапляюча правесці свой вольны час у кампаніі цікавых, жыццярадасных людзей, што прынцыпова не здаюцца гадам, а ўмеюць жыць ярка і натхнёна, падтрымліваючы адзін аднаго, тады вам адназначна трэба запісацца ў хор ветэранаў працы і Узброеных Сіл. Генадзій Аляксеевіч чакае вас у кабінеце № 3 (2-гі паверх) раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!