Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва, прайшла ў Шчучыне

Дыялогавая пляцоўка “Інстытут прэзідэнцтва як вектар устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь” адбылася на гэтым тыдні ў Шчучыне. Мерапрыемства прайшло ў актавай зале палаца творчасці дзяцей і моладзі і сабрала ідэалагічны актыў раёна, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Шчучыншчыны.

 

Спікерамі мерапрыемства сталі старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра паліталогіі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі наш зямляк Аляксандр Маркевіч і намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Святлана Вараніца.

 

Таксама ўдзел у дыялогавай пляцоўцы ўзялі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама, старшыня Шчучынскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Таццяна Цюсіна і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук.

 

 

У рамках дыялогавай пляцоўкі яе ўдзельнікі ацанілі як сучаснасць, так і мінулае Беларусі. Так, карані сённяшняга беларускага інстытута прэзідэнцтва сягаюць яшчэ ў позні савецкі перыяд, калі Міхаіл Гарбачоў стаў прэзідэнтам СССР. Тады лідара выбіралі не прамым галасаваннем, а на з’ездзе народных дэпутатаў. Аднак, на думку спікераў, гэтая падзея паўплывала на стан сённяшняй палітычнай сістэмы ў Беларусі.

 

– На пачатку суверэннай Беларусі ў нашай краіне было шмат дыскусій на тэму таго, як будаваць уладу, – кажа Аляксандр Маркевіч. – Быў Вярхоўны Савет, урад, Савет Міністраў, Камуністычная партыя страціла кіруючую ролю. У некаторых былых савецкіх рэспубліках пасада прэзідэнта ўжо была занятая. У нас жа кіраўніком дзяржавы быў старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Сітуацыя захоўвалася да таго, як 15 сакавіка 1994 была прынята Канстытуцыя, якая ўводзіла пост Прэзідэнта. Пасля першых прэзідэнцкіх выбараў кіраўніком дзяржавы стаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Як адзначыў Аляксандр Маркевіч, інстытут прэзідэнцтва ў нашай краіне з’яўляецца заканамернасцю грамадска-палітычнага развіцця, бо людзі прызвычаіліся да персаніфікаванай улады. Аднак у самым пачатку незалежнай Беларусі Прэзідэнт, па сутнасці, з’яўляўся кіраўніком толькі выканаўчай улады. Для таго каб прымаць рашучыя і эфектыўныя рашэнні, была неабходнасць у пашырэнні паўнамоцтваў, што адбылося ў выніку рэспубліканскіх рэферэндумаў па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

 

 

У сваіх прамовах спікеры закранулі спецыфіку такога ўнікальнага органа народаўладдзя як Усебеларускі народны сход. Вялікая частка выступаў была прысвечана тэме нацыянальнай бяспекі нашай краіны і геапалітычнаму становішчу вакол яе.

 

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні спікерам.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!