Падлічвалі, разважалі, дыскутавалі… Даведаліся, у якой атмасферы праходзіла дыялогавая пляцоўка, дзе педагогі абмяркоўвалі актуальныя пытанні ў сферы адукацыі

 

Настаўнікі Шчучыншчыны, як і ўсёй краіны, зараз актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года, абмяркоўваюць свае надзённыя прафесійныя пытанні. Сёння ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылася  дыялогавая пляцоўка на тэму “Роля адукацыі ў фарміраванні асобы ва ўмовах сучаснасці.” У дыспутах прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў адукацыі, іх намеснікі, старшыні грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, члены Маладзёжнага парламенту, удзельнікі абласнога праекта “Металу вартасці адной медаль за працу і за бой”, ганаровыя госці – старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна.

 

 

Ролю мадэратара узяў на сябе начальнік аддзела адукацыі Павел Тарчынскі. Для пачатку ён прапанаваў усім разам паглядзець відэафільм пра тое, як і з чаго фарміруецца… бюджэт, самім правесці матэматычныя падлікі і ўнікнуць, у якія насамрэч сумы абходзіцца дзяржаве адзін дзень работы сістэмы адукацыі Шчучынскага раёна, дзённае знаходжанне ва ўстанове кожнага выхаванца дзіцячага садка або школьніка. Магчыма, мы не заўсёды задумваемся пра гэта і недастаткова цэнім істотныя датацыі нашай сацыяльна арыентаванай краіны. Між іншым, у Гродзенскай вобласці на патрэбы сацыяльнай сферы накіроўваецца 80 працэнтаў бюджэтных сродкаў! Паўнавартасна фінансуюцца сацыяльныя праекты і ў нашым раёне. На пераканаўчых прыкладах аб гэтым расказалі Алена Пасюта і Ганна Хвядзюк.

 

 

– Такія простыя рэчы важна даносіць і да вучняў, і да іх бацькоў. Мы ўсе павінны разумець, што складальнікі нашага дабрабыту бяруцца з рэальнага сектару эканомікі, – канстатавалі прамоўцы. – Таму неабходна садзейнічаць прафесійнаму самавызначэнню маладых людзей, іх арыентацыі на рабочыя спецыяльнасці.

 

 

Дарэчы, на Шчучыншчыне рэалізуецца цікавы праект, у рамках якога школьнікі наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі, увачавідкі бачаць высокатэхналагічныя вытворчасці, знаёмяцца з работай занальнага інстытута раслінаводства, назіраюць, на якой сучаснай тэхніцы зараз працуюць камбайнеры – прадстаўнікі адной з самых паважаных у нашым грамадстве прафесій. Па словах Алены Васільеўны, такі вопыт у сістэме адукацыі дарагога каштуе.

 

 

Яшчэ пра адзін цікавы эксперымент расказала дырэктар СШ № 1 горада Шчучына Марына Адашчык. Як вядома, там са студзеня дзейнічала рэспубліканская пілотная пляцоўка па ўдасканаленні арганізацыі харчавання вучняў. У выніку было распрацавана 36 новых страў для школьнай сталовай – і ўсе любімыя дзятвой! У харчблоку істотна абноўлена тэхналагічнае абсталяванне. Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна падзялілася, як вопыт і напрацоўкі першай гарадской школы сёлета будуць укараняцца ў іншых установах адукацыі рэгіёна.

 

 

Безумоўна, не абышлі ўдзельнікі мерапрыемства і тэму замацавання педагагічных кадраў. Сёлета ва ўстановы адукацыі нашага раёна прыехалі працаваць 20  маладых спецыялістаў, 15 з іх у свой час бралі мэтавыя накіраванні на вучобу і зараз вярнуліся ў родныя мясціны. Дарэчы, сёння ўсе яны таксама сабраліся на дыялогавай пляцоўцы. Задача – замацаваць новую педагагічную змену, дапамагчы і падтрымаць з боку вопытных калег. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вашчыла расказала, якія ўмовы ствараюцца для самарэалізацыі пачаткоўцаў, якія прэферэнцыі і льготы прадугледжаны для маладых спецыялістаў.

 

 

Бадай, кульмінацыяй сустрэчы стала абмеркаванне тэмы духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Аб ролі настаўніка ў жыцці чалавека і грамадства, любові да дзяцей, прызванні, гістарычнай памяці эмацыянальна і пранікнёна разважаў дырэктар дзяржаўнай гімназіі Уладзімір Дубок, “сарваўшы” апладысменты аднадумцаў. Сваім 30-гадовым (!) педагагічным вопытам у ваенна-патрыятычным выхаванні вучняў падзяліўся настаўнік другой гарадской школы Аляксандр Ярмалаў – у мінулым ваенны лётчык, які перш за ўсё на ўласным прыкладзе вучыць рабят горача любіць Радзіму, заўжды быць гатовым абараняць яе рубяжы, прыходзіць на дапамогу людзям.

 

 

 

На дыялогавай пляцоўцы было ажыўлена і цікава, працаваў свабодны мікрафон, педагогі задавалі хвалюючыя пытанні, абменьваліся досведам. Нефармальная сустрэча напярэдадні новага навучальнага года атрымалася насычанай, цікавай і карыснай. Яна паказала, што педагагічная грамадскасць Шчучыншчыны адкрыта для ўсяго новага і прагрэсіўнага на карысць нашым дзецям, іх духоўнаму і інтэлектуальнаму развіццю.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!