Сёлета першае дзіця ў Орлеўскім сельсавеце нарадзілася ў сям’і Някрэвічаў. Даведаліся, чым жывуць і як спраўляюцца з новымі прыемнымі клопатамі маладыя бацькі

 

Кожны новы год дае надзею на цуд і здзяйсненне самых жаданых мараў. 2023-ці ўжо паспеў прынесці Валерыю і Анжаліцы Някрэвічам бадай што самы галоўны падарунак у іхнім жыцці – маленькую дачушку Сафію. Дзяўчынка нарадзілася 3 студзеня і стала першынцам у сям’і, а таксама першым дзіцём, народжаным у новым годзе ў Орлеўскім сельсавеце. Мы вырашылі даведацца, чым жыве сям’я Някрэвічаў і як спраўляецца з новымі прыемнымі клопатамі.

 

Маладыя бацькі Някрэвічы працуюць у ААТ “Орля”. Валерый – кіроўцам, а Анжаліка – аграномам.

 

 – Сам я родам з гэтых мясцін, з вёскі Галынка, – кажа Валерый Някрэвіч. – Мой бацька аддаў 50 гадоў гэтай гаспадарцы, таму і я вырашыў працягнуць ягоны шлях. Адвучыўся ў Жыровічах на механіка, але пацягнула ў вадзіцельскую сферу. Работа гэта цікавая і падабаецца за тое, што яна разнастайная: адвожу розныя грузы на розных маршрутах.

 

На працы Валерыя цэняць як добрага работніка. У мінулым годзе ён быў адзначаны на абласным узроўні за перавозку кармоў і, як кажуць калегі, адносіцца да працы сумленна і з вялікай адказнасцю. Таксама Валерый займаецца спортам.

 

– Люблю спорт, гуляў у футбол за школьныя, калгасныя і сельсавецкія каманды, – дзеліцца ён. – Таксама выступаў на раённых і абласных спаборніцтвах. Зараз моладзі і дзяцей у нас паменшала, таму гуляюць радзей. Бывае, што збіраемся з сябрамі-аднагодкамі і ў вольны час пасля працы гуляем.

 

Анжаліка Някрэвіч родам з Пружанаў, там адвучылася ў аграрна-тэхнічным каледжы па спецыяльнасці “Аграномія” і прыехала ў Орлю на адпрацоўку.

 

– З мужам пазнаёміліся на працы на нарыхтоўцы кармоў. Знайшлі агульныя тэмы для размовы, часта перасякаліся і неяк закруцілася ў нас. Не выключаю, што гэта было каханне з першага погляду. Можна сказаць, агранамічная служба нас пазнаёміла і звяла, за што мы ёй шчыра ўдзячныя, – распавядае Анжаліка.

 

Як прызнаюцца маладыя бацькі, з выбарам імя для дачкі пытанняў у іх не ўзнікла. Валерый і Анжаліка вельмі хацелі дзяўчынку і пасля УГД цвёрда вырашылі, што назавуць дачушку Сафіяй.

 

– Нараджэнне дзіцяці для нашай сям’і стала вялікай радасцю, можна сказаць, што жыццё падзялілася на да і пасля. Цяпер яно мае іншы, больш значны сэнс, – кажа бацька Сафіі.

 

Орлеўскія мясціны Валерыю і Анжаліцы падабаюцца, тут добра жыць, а асабліва прыгожа ўлетку, калі ўсё квітнее і зелянее. Добрае месца для таго, каб вырасціць дзіцё ў камфорце і на прыродзе. Непадалёку цячэ магутны і спакойны Нёман. А пакуль маладыя бацькі ўспамінаюць словы калыханкі для дачушкі-першынца. Жадаем сям’і Някрэвічаў шчасця і здароўя, няхай дабрабыт павялічваецца, а хваробы абыходзяць іхні дом бокам.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!