З батлейкай і традыцыйнымі калядкамі. Даведаліся, як у Шчучынскім раёне праходзіць дабрачынная акцыя “Раство прыходзіць да кожнага”

 

На гэтым тыдні святары Шчучынскага благачыння з падарункамі і віншавальнай праграмай наведалі Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Галавічполі і Шчучынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у Ляшчанцы. Візіты былі прымеркаваны да дабрачыннай акцыі “Раство прыходзіць да кожнага”.

 

Акцыя “Раство прыходзіць да кожнага” праводзіцца ў нашай краіне па благаслаўленню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Падчас каляднага паста прыхаджане шчучынскіх цэркваў збіралі і ахвяравалі неабходныя для камплектацыі падарункаў рэчы, якія святары перадалі ў інтэрнаты.

 

Шчырыя віншаванні дзеткам і дарослым адрасаваў благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк. Таксама ўдзел у дабрачынным свяце прынялі святары Шчучынскага благачыння Сергій Сямашка, Дзмітрый Галамбоўскі і айцец Ігар Каласоўскі.

 

Практыка наведвання інтэрнатаў пасля свята Раства Хрыстова святарамі Шчучынскага благачыння мае ўжо шматгадовую традыцыю. Былі гады, калі прыязджалі дзеткі з нядзельнай школы. Нават падчас пандэміі практыка  наведванняў не гублялася.

 

Разам са святарамі павіншаваць людзей штогод прыязджаюць члены народнага ансамбля духоўных спеваў “Праабражэнне” пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч. Гэты год не стаў выключэннем, і таму актавыя залы напоўніліся цудоўнымі спевамі калядак, якія, безумоўна, парадавалі дзяцей і дарослых, што пражываюць у інтэрнатах.

 

 

Вось ужо другі год як віншавальная праграма ўключае ў сябе сцэнкі маленькага батлеечнага тэатра, які быў прыдбаны па прапанове і пры падтрымцы айца Фёдара Поўнага ў Мінску. Усяго ў Шчучыне дзве такія батлейкі: адна знаходзіцца ў сценах гімназіі, а другую айцец Ігар набыў ва ўласнае карыстанне і таму часта са сваімі дзеткамі ставіць сцэнкі. Сёлета для ўдзелу ў пастаноўцы батлеечнага тэатра былі запрошаны панамары, якія прыслужваюць пры храме Богаяўлення горада Шчучына. Хлопчыкі па ролях чыталі рэплікі і сінхронна кіравалі фігурамі персанажаў. За кожным іхнім рухам уважліва сачылі зацікаўленыя гледачы.

 

У гэтым годзе для батлеечнай пастаноўкі была абрана сцэнка пад назвай “Цар Ірад”. Існуе шмат версій гэтай сцэнкі, кожная з іх, безумоўна, перапрацавана ўжо некалькі разоў, але ўсе яны базуюцца на старажытных сюжэтах XVI-XVII стагоддзя. Таму можна казаць, што гэтыя сцэнкі адносяць гледача да традыцый старых беларускіх батлеечных тэатраў, якія з’яўляюцца выдатным прыкладам нашай культурнай спадчыны.

 

 

Вельмі добра, што спазнаць радасць святочных урачыстасцяў могуць людзі, якія маюць у гэтым вялікую патрэбу. Таму вельмі важна несці святло дабрыні ў гэты свет, рабіць яго больш духоўным, чым і займаюцца ўдзельнікі акцыі “Раство прыходзіць у кожны дом”.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!