Ваша свята – вясною, вы самі – вясна!

 

Вялікая дэлегацыя жанчын Шчучыншчыны – актыўных, ініцыятыўных, дзелавых і творчых – у першы дзень вясны брала ўдзел у абласным форуме “Беларускі саюз жанчын: 30 год разам з краінай”. Свята сабрала прадстаўніц чароўнай паловы чалавецтва з усіх рэгіёнаў Прынеманскага краю ў Гродзенскай філармоніі і было напоўнена пазітывам і прыгажосцю.

 

Ганаровымі гасцямі жаночага форуму сталі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка.

 

– За сваю 30-гадовую гісторыю Гродзенская абласная арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” стала адной з самых масавых, – падкрэсліла лідар жаночага руху Гродзеншчыны Ірына Сцепаненка. – Сёння нашы шэрагі аб’ядноўваюць каля 850 “пярвічак” і больш за 30 тысяч жанчын, якія прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх грамадскіх справах і палітычных кампаніях, імкнуцца сваёй працай зрабіць краіну мацнейшай.

 

Сімвалічна, што на гэтым форуме Святлане Шанчук, старшыні Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “БСЖ”, за паспяховае развіццё лепшых традыцый жаночага руху была ўручана Ганаровая грамата саюза. А дырэктара Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірэну Дзегцярову ўшаноўвалі як лаўрэата абласнога этапу конкурсу “Жанчына года-2021” у намінацыі “Духоўнасць і культура”.

 

– Мы атрымалі падчас гэтага мерапрыемства мноства станоўчых эмоцый, – гавораць удзельніцы форуму. – Прэзентацыя новага праекта “Жаночы твар Перамогі”, цікавыя сустрэчы з легендарнымі людзьмі, яркая канцэртная праграма – усё гэта акрыляе і натхняе.

 

“Аб’ядноўваючы нашы намаганні, мы вызначаем будучыню!” – менавіта пад такім дэвізам праходзіў форум жанчын Гродзеншчыны, і, мабыць, кожная з яго ўдзельніц адчувала сябе часцінкай вялікай супольнасці, дзе ёсць месца дабрыні і прыгажосці. Той самай прыгажосці, што выратуе свет.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!