Пісьмо спадчынніку

Як удыхнуць новае жыццё ў старыя сядзібы, ведаюць у Шчучынскім сельвыканкаме

На дварэ яшчэ мала прыроднай зеляніны, але колеравая гама ўжо радуе вока. Першыя вясновыя дажджы памылі сядзібы, сонейка і ветрык абсушылі іх, а многія гаспадары, як запраўскія візажысты, тут жа ўзяліся накладваць “макіяж”. Абнавілі фарбы на фасадах дамоў, вымелі падворкі, адпаліравалі шыбы ў вокнах, падправілі платы, парыхлілі клумбы з першацветамі... 

Прынамсі, прыхарошанымі і святочнымі ўжо глядзяцца аграгарадок Тур’я, вёскі Янчукі, Буйвічы, Дамуцеўцы і іншыя. Прыгажосць, створаную рукамі працавітых людзей, на свае вочы пабачылі ўдзельнікі дзеючага семінара са старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў, які днямі праходзіў на базе Шчучынскага сельсавета. Калегіяльна была абмеркавана вельмі актуальная і надзённая тэма – арганізацыя работы па падтрыманні ў належным стане сельскіх населеных пунктаў. 

– У гэтым сельскім Савеце ёсць пэўная сістэма работы. Яна вядзецца з улікам дзвюх асаблівасцей: блізкасці да горада і наяўнасці прыродных “разынак” – прыгожых мясцін і азёр, – лічыць старшыня райсавета дэпутатаў Іван Юльянавіч Сакалоўскі.

Навядзенне, падтрыманне парадку і чысціні ў аграгарадках і вёсках – працэс пастаянны і вельмі аб’ёмны, падкрэсліў, выступаючы перад калегамі, старшыня Шчучынскага сельвыканкама С.Я. Возны. Сельсавецкая ўлада – яго актыўны ўдзельнік і каардынатар сумесных дзеянняў. А галоўныя ігракі на грамадскім “полі” – ААТ “Шчучынаграпрадукт”, мясцовыя жыхары і старасты, арганізацыі і ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета. Старшыня падзяліўся сваімі напрацоўкамі, на канкрэтных прыкладах расказаў, якіх рэзультатаў атрымалася дасягнуць.

Сапраўды, прыгарадны статус сельсавета і добрыя шляхі зносін з абласным цэнтрам даюць шэраг пераваг. Так, як грыбы пасля дажджу, вырастаюць новыя дамы: у Тур’і з 25 выдзеленых пад індывідуальнае будаўніцтва участкаў свабоднымі застаюцца толькі пяць. Да таго ж многія “асірацелыя” вясковыя сядзібы хутка знаходзяць новых гаспадароў: іх ахвотна набываюць па дэмакратычнай цане пад жыллё і дачы жыхары Шчучына, Гродна, іншых рэгіёнаў краіны і нават блізкага замежжа. “За дзесяць год куплена 100 дамоў”, – задаволены С.Я. Возны. У сельсавеце ёсць база даных новых уласнікаў і кантакты для сувязі.

Новыя гаспадары старых сядзіб наводзяць марафет на ўчастках, рамантуюць і рэканструююць дамы, ператвараючы іх у казачныя церамкі, аздабляюць падворкі. Ад асобных цяпер вачэй не адвесці. А грамадзянам, якія забылі пра абавязак падтрымліваць чысціню і парадак, улада абавязкова нагадае пра гэта. Добра дзейнічаюць прадпісанні і нават звычайныя лісткі-напаміны, прымацаваныя на веснічках ці дзвярах. 

Каб вясковыя сядзібы, гаспадары якіх завяршылі свой зямны шлях, не ператварыліся ў непрыглядныя, зарослыя астраўкі, у сельвыканкаме наладжаны іх дакладны ўлік (цяпер на тэрыторыі 115 такіх дамоў). Прадстаўнікі органа ўлады пастаянна цікавяцца планамі спадчыннікаў па іх выкарыстанні – накіроўваюць пісьмы, у якіх нагадваюць аб праве і абавязку вызначыцца з далейшым лёсам радавых гнёздаў. Вырашылі самі асталявацца, падтрымліваць у парадку, – калі ласка, пісьмова пацвердзіце намер: такі падыход сельвыканкам толькі вітае. Няма сіл або жадання прадоўжыць жыццё бацькаўшчыне ці дзедзіне, значыць, прыміце іншае рашэнне – прадайце. Дарэчы, С.Я. Возны яшчэ і патэнцыяльнага пакупніка накіруе, бо ў сельвыканкам з просьбай купіць дом у вёсцы часта звяртаюцца гараджане. Як варыянт – дазвольце суседу карыстацца, разабраць на дровы, а не то і знесці... Галоўнае, каб не рос бур’ян ажно да страхі, не ўваліўся дах, не гніла агароджа. І не сціскалася сэрца пры выглядзе акінутай спадчыны.

Такой практыцы работы сельсавецкай улады ўжо з дзясятак год. І.Ю. Сакалоўскі ўхваляе яе:

– Шчучынскі сельскі Савет не толькі фіксуе факты здзелак куплі-продажу на тэрыторыі, але і сам актыўна шукае пакупнікоў на апусцелыя домаўладанні. Знесці сядзібы – самы апошні выхад, а тут стараюцца ўдыхнуць у іх новае жыццё. Таму населеныя пункты тут “жывыя”. Дарэчы, такая ж добрая тэндэнцыя ёсць у Каменскім і Жалудоцкім сельсаветах.

На прыгожай зямлі не месца і стыхійным звалкам. Пасля зімы іх абавязкова ліквідуюць. У Тур’і і Навасёлках устаноўлены кантэйнеры для збору смецця, з Янчукоў, Тур’і і Буйвічаў раз на тыдзень яго вывозіць РУП ЖКГ, з іншых вёсак – транспарт ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Дапамагае гаспадарка і пры навядзенні парадку на могілках у Будраўцах і Барташах, адзначае С.Я. Возны. Старшыня задаволены, што трое з 14 стараст вёсак – загадчыкі ўчасткаў, а гэта моцнае плячо ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

Станоўча ацаніла работу сельсавецкай улады і іншых зацікаўленых бакоў па навядзенні парадку на зямлі ўрач-гігіеніст ЦГЭ Т.М. Івашка. Па яе словах, тут заўжды аператыўна рэагуюць на рэкамендацыі і заўвагі санітарнай службы. Між тым варта больш актыўна падключаць да добраўпарадкавання тэрыторый працоўныя калектывы і школьнікаў, лічыць Таццяна Мікалаеўна.

– Для навядзення чысціні і парадку на зямлі трэба шырэй практыкаваць калектыўныя формы работы, у прыватнасці, суботнікі, – падтрымлівае спецыяліста і І.Ю. Сакалоўскі. – Лобныя месцы павінны быць прыведзены ў парадак агульнымі сіламі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!