Як спрацавалі ў 2021 годзе. У Шчучынскім раёне падвялі вынікі работы і абазначылі задачы на перспектыву
На чарговай сесіі, як і на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, у мінулую пятніцу былі падведзены вынікі работы галін народнай гаспадаркі за мінулы год.
-- Год быў складаным, але разам з тым насычаным і плённым. За межамі Беларусі адбываліся падзеі, якія не маглі не адбіцца на сітуацыі ў свеце ў цэлым і ў нашай краіне ў прыватнасці. Аднак, нягледзячы на шматлікія негатыўныя прагнозы, эканамічныя паказчыкі дэманструюць нядрэнныя тэмпы, -- адзначыў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.
Прамысловасць, экспарт, зарплата
Выступаючы з дакладам, начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама Святлана Калашнікава расказала, што ў 2021 годзе сукупныя паступленні даходаў у бюджэт Шчучынскага раёна склалі 115,3% пры прагнозе на год 108,9%. Важны паказчык эканамічнага развіцця раёна -- рост намінальнай сярэднямесячнай зарплаты. Яна павялічылася на 16,1% і склала 1131,3 рубля. Выкананы паказчыкі па груза- і пасажыраабароце. За кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкавана 97 чалавек.
-- Вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла на 24,5% да адпаведнага перыяду мінулага года. Аб’ём знешняга гандлю таварамі склаў 97,4 млн долараў ЗША, -- адзначыла Святлана Тадэвушаўна. -- На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 55,7 млн долараў ЗША, тэмп росту склаў 122,7%. Забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 14 млн долараў ЗША.
Дакладчык таксама звярнула ўвагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць. Так, інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 115,4 млн рублёў, або 102,9% пры даведзеным заданні 104,4%. Ключавым пытаннем застаецца выкананне індэкса фізічнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, які склаў 104,3% пры заданні 105%. Найбольш істотны ўплыў на невыкананне паказчыка ІФА аказала зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці Шчучынскім філіялам ААТ "Малочны Мір" у сувязі з недапастаўкай і пераразмеркаваннем малочнай сыравіны. Не выкананы паказчык па рознічным тавараабароце (101,8% пры заданні 102%).
На кантролі -- сельская гаспадарка
Глыбокі аналіз стану спраў у сельскагаспадарчай галіне з разборам усіх недахопаў утрымліваўся ў выступленні першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігара Аверкі.
У мінулым годзе тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі склаў 100,4% (па вобласці – 97,2%) пры даведзеным заданні 103,3%. Неспрыяльныя ўмовы надвор'я не дазволілі дасягнуць тых высокіх паказчыкаў у раслінаводстве, якія былі атрыманы ў папярэднім годзе. У жывёлагадоўлі зніжэнне вытворчасці абумоўлена недаборам прадукцыі ў вытворчасці буйной рагатай жывёлы за кошт зніжэння прадуктыўнасці і колькасці жывёлы. Даведзеныя заданні ў такі няпросты год выканалі тры гаспадаркі: ААТ "Дэмбрава" (тэмп росту – 104,4%), ААТ "Васілішкі" (тэмп росту -- 108,6%) і СВУ "Пратасаўшчына" (тэмп росту -- 102,5%).
Заданне па вытворчасці малака па раёне не выканана і склала 96,8%. Сярэдні надой малака ад каровы ў параўнанні з мінулым годам зніжаны на 38 кг і склаў 7402 кг (па вобласці 6320 кг). У трох сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна прадуктыўнасць малочных кароў перавысіла 8000 кг малака. Вытворчасць буйной рагатай жывёлы склала 96,9% да даведзенага задання. У раёне выраблена 28 млн штук яек, або 103,4% да ўзроўню мінулага года. Вытворчасць свіней склала 21 тыс. тон, што на 27,6% больш за ўзровень 2020 года і 107,9% да запланаванага.
Па выніках года прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна атрымалі выручку ад рэалізацыі прадукцыі на суму 301,5 млн рублёў, што вышэй за ўзровень 2020 года на 54,6 млн. Чысты прыбытак за мінулы год павялічыўся ў параўнанні з 2020 годам на 1,1 млн рублёў і склаў 12,9 млн рублёў.
Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі акцэнтаваў увагу на павышэнні валавой вытворчасці, таварнасці і якасці малака, эфектыўнай рабоце малочнатаварных комплексаў. Пытанне захаванасці буйной рагатай жывёлы пастаўлена на асабісты кантроль кіраўнікоў усіх гаспадарак. У цэнтры ўвагі былі пытанні падрыхтоўкі сельгаспрадпрыемстваў да вясення-палявых работ.
Будаўніцтва: спрацавалі плённа
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шкіндзераў зазначыў, што асноўны паказчык у будаўнічай галіне -- узвядзенне жылля -- шчучынцы выканалі дастойна. У 2021 годзе пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 9208 кв. м жылля (100,1% ад гадавога задання). Гэта 60-кватэрны жылы дом у Шчучыне, 24 індывідуальныя жылыя дамы, 67 жылых дамоў пасля рэканструкцыі, 2 жылыя дамы ў сельгасарганізацыях. Увогуле ў мінулым годзе на будаўнічых аб'ектах раёна асвоена больш за 32,3 млн рублёў пры заданні 32,1 млн. Удзельная вага будаўніча-мантажных работ у агульным аб'ёме інвестыцый склала 28%.
Андрэй Валер’евіч звярнуў увагу прысутных на пытанні зносу пустуючых і старых дамоў, капрамонту жылля, выкананні плана па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Сацыяльнай сферы – асаблівая ўвага
Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта прывяла шмат цікавых фактаў і прыкладаў аб развіцці сацыяльнай сферы Шчучыншчыны, умацаванні інфраструктуры. На ўтрыманне ўстаноў адукацыі і спорту, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы ў 2021 годзе накіравана больш за 25 млн рублёў. Многае зроблена па рамонце Жалудоцкай СШ, стадыёна “Алімп” у рамках рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва. Летась у сферы аховы здароўя завершаны капітальны рамонт прыёмнага аддзялення. На выплату надбавак за працу ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі, работнікам аховы здароўя накіравана 1,7 млн рублёў. У полі зроку раённай улады пастаянна знаходзяцца пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва.
Бюджэт з прафіцытам
-- Даходы бюджэту Шчучынскага раёна ў мінулым годзе склалі 71,2 млн рублёў. У фарміраванні ўласных даходаў бюджэту раёна найбольшую ўдзельную вагу займаюць паступленні ад ААТ “Васілішкі” (8,5%), Шчучынскага філіяла ААТ "Малочны Мір" (5,7%), ТАА «Праймілк» (3,2%) і РУП ЖКГ (2,8%). Бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту склалі 30,4 млн рублёў. У цэлым бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у суме 998 тыс. рублёў. 71,5% выдаткаў -- гэта фінансаванне сацыяльнай сферы, - праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Аліна Бібікава.
Захоўваць станоўчую дынаміку
Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі акцэнтаваў увагу на асноўных задачах у 2022 годзе. У першую чаргу -- гэта захаванне станоўчай дынамікі і забеспячэнне далейшага росту эканомікі шчучынскага рэгіёна. Прагнозныя заданні, меры і рэзервы па іх дасягненні былі вызначаны яшчэ ў снежні мінулага года. Было адзначана, што па шэрагу фактараў у аграрнай галіне не ўдалося дасягнуць пастаўленых мэт. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці, з якімі сутыкнуліся сельгасвытворцы ў 2021 годзе, галоўная задача на 2022 год -- не страціць патэнцыял, забяспечыць станоўчую дынаміку развіцця як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.
-- Паспяховая работа эканомікі раёна -- гэта не толькі залог забеспячэння харчовай бяспекі краіны, але і прыток валютнай выручкі, павелічэння паступлення падаткаў і дывідэндаў у бюджэт, дастойная заработная плата работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый і, адпаведна, павелічэнне іх дабрабыту, -- падкрэсліў кіраўнік раёна.
"Наша работа накіравана на забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве"
У справаздачы старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк чырвонай ніткай праходзіла думка: дэпутацкі корпус унёс сваю лепту ў рэалізацыю стваральных планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, ажыццяўленне комплексу мер па далейшым удасканаленні формаў і метадаў работы з насельніцтвам.
Ганна Станіславаўна засяродзіла ўвагу на тым, што дзейсную дапамогу ў гэтым аказваюць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, якія маюць немалы жыццёвы вопыт і карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у аднавяскоўцаў. Працягваецца сумесная работа з моладдзю. У лістападзе 2021 года пачаў работу Маладзёжны парламент пятага склікання, створаны пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў. Гэта ў сваю чаргу будзе ў значнай ступені садзейнічаць рэалізацыі розных маладзёжных ініцыятыў. Як паказала першая сесія новага склікання, іх у нашых дзяцей, як заўжды, шмат.
-- Год гістарычнай памяці, які аб’яўлены ў краіне ў 2022-м, паставіў нам новыя задачы, значныя задачы мы ўсе разам вызначылі пры зацвярджэнні планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы год і на пяцігодку. У шчучынцаў заўжды была добрая традыцыя -- рабіць заўтрашні дзень лепшым, чым сённяшні, -- падкрэсліла Ганна Хвядзюк. -- Няхай гэты прынцып і далей дапамагае нам паспяхова будаваць сваё жыццё, вырашаць няпростыя эканамічныя задачы, удасканальвацца і рабіць квітнеючым свой родны край.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.