Пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за дзевяць месяцаў бягучага года абмеркавалі на чарговым пасяджэнні райвыканкама
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за 9 месяцаў бягучага года сталі асноўнай тэмай для разгляду на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
Як адзначыў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі, большасць паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна па выніках 2022 года цалкам выканальныя, нават нягледзячы на няпростыя ўмовы, звязаныя са знешнім санкцыйным ціскам. Ва ўсякім разе такі прагноз можна зрабіць на аснове аналізу работы народнагаспадарчага комплексу раёна ў студзені-верасні. Аднак для вырашэння пастаўленых задач спатрэбіцца сур'ёзнае напружанне сіл і рэсурсаў, асабліва па некаторых напрамках.
-- Мы бачым, што прадпрыемствы працуюць эканамічна эфектыўна. Асабліва гэта датычыцца знешнегандлёвай дзейнасці, дзе назіраецца рост станоўчага сальда гандлю таварамі. Калі браць напаўняльнасць бюджэту, то лічбы вышэйшыя за прагноз, што дазваляе фарміраваць падушку бяспекі і выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы перад бюджэтнай сферай, -- падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч.
Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі праінфармаваў, што па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў з трох ключавых паказчыкаў у поўным аб'ёме выкананы два. Тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 115,6% пры даведзеным паказчыку 109,5%, сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна склалі 116,7% пры гадавым плане 102,9%. За кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкаваны 54 чалавекі.
За 9 месяцаў вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла да адпаведнага перыяду мінулага года на 35,9%. Абарот знешняга гандлю таварамі за студзень-жнівень склаў 72,9 млн долараў ЗША, што на 5,8% вышэй за ўзровень мінулага года. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 46,8 млн долараў ЗША пры тэмпе росту 121%. Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 20,8 млн долараў ЗША. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 27 краін свету.
Міхаіл Вітольдавіч таксама звярнуў увагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць. Не выкананы мэтавы паказчык па асваенні інвестыцый у асноўны капітал: пры заданні за студзень-верасень 102% тэмп росту склаў 66,4%. Індэкс фізічнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 100,2% пры заданні 101,5%. Не забяспечана выкананне паказчыкаў груза- і пасажыраабароту. Сітуацыя на спажывецкім рынку складваецца няпроста. Нягледзячы на гэта, галіна спраўляецца з пастаўленымі задачамі па забеспячэнні спажыўца таварамі, звыклымі для яго, прапанове альтэрнатыў, захаванні цэнавай даступнасці.
Першы намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка акцэнтаваў увагу на выніках работы сельскагаспадарчай галіны рэгіёна. У студзені-верасні тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 101,1% пры даведзеным заданні 102,3%.
-- Валавая вытворчасць малака па раёне не выканана і склала 97,2%. Сярэдні надой малака ад каровы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 47 кг і склаў 5666 кг, -- адзначыў Ігар Уладзіміравіч. -- Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 9,9 тыс. тон, або 98,1% да ўзроўню мінулага года. Па выніках 9 месяцаў прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна атрымалі выручку ад рэалізацыі прадукцыі на суму 257,6 млн рублёў, што вышэй за ўзровень мінулага года на 36,2 млн. Чысты прыбытак павялічыўся на 12 млн рублёў і склаў 22,2 млн рублёў.
Сельгаспрадпрыемствамі раёна намалочана звыш 130 тысяч тон зернебабовых культур, што складае 133,8% да ўзроўню мінулага года пры ураджайнасці 55,6 ц/га. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 34,4 цэнтнера кармавых адзінак. Як адзначыў Ігар Аверка, у цэлым па выніках года праглядаецца выкананне даведзенага прагнознага паказчыка па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.
Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі акцэнтаваў увагу на завяршэнні ўборкі цукровых буракоў і кукурузы на зерне, павелічэнні вытворчасці малака, павышэнні яго таварнасці і якасці, аднаўленні пагалоўя буйной рагатай жывёлы, зніжэнні працэнта непрадукцыйнага выбыцця БРЖ. Разам з тым кіраўнік раёна адзначыў, што за ўсімі вынікамі, якіх мы дасягаем, стаіць вялікая праца людзей. “Хачу сказаць дзякуй усім за работу і ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі нашай краіны”, -- сказаў кіраўнік раёна.
Як расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Аліна Бібікава, за студзень-верасень бягучага года бюджэт раёна выкананы з прафіцытам. Што тычыцца расходаў, то па функцыянальнай структуры асноўную долю ў расходах бюджэту раёна займае сацыяльная сфера, на яе фінансаванне накіравана 38,5 млн рублёў, што складае 70,5% ад агульнага аб’ёму расходаў бюджэту раёна. У поўным аб'ёме прафінансаваны расходы на выплату заработнай платы. У першачарговым парадку фінансаваліся расходы на аплату лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, прадуктаў харчавання, камунальных паслуг, выплату трансфертаў насельніцтву.
-- Нягледзячы на санкцыі і звязаныя з імі складанасці, нашы суб'екты гаспадарання змаглі скарэкціраваць сваю работу і не толькі не здаць заваяваных пазіцый, але і прадоўжыць развіццё, -- адзначыў кіраўнік раёна.
-- У выніку ўсім разам нам удалося забяспечыць фінансаванне першачарговых сацыяльных абавязацельстваў, далейшы рост дабрабыту жыхароў рэгіёна. Да канца года ёсць яшчэ час, каб палепшыць існуючую ў асобных арганізацыях і на прадпрыемствах сітуацыю і выканаць даведзеныя заданні і планы. Кіраўнікам усіх суб'ектаў гаспадарання, прадстаўнікам органаў улады неабходна пастаянна трымаць руку на пульсе падзей, якія адбываюцца ў розных галінах эканомікі рэгіёна, і аператыўна рэагаваць на абстаноўку.
У завяршэнні пасяджэння намеснік начальніка Гродзенскай пагранічнай групы Аляксандр Круглы ўручыў Падзякі ад імя старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі за сумеснае ўзаемадзеянне дырэктару РУП ЖКГ Ігару Вішнеўскаму і дырэктару ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вользе Патапчык.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.