Як праходзіць рэферэндум у Васілішках? Наведаліся на першы і другі ўчасткі для галасавання
-- Васілішкаўцы дэманструюць высокую актыўнасць. І гэта вельмі прыемна, -- канстатуе старшыня ўчастковай камісіі па рэферэндуме Віктар Маркевіч. – А сёння літаральна за першых пару гадзін з пачатку работы ўчастка прагаласавалі больш за сотню чалавек.
-- У нас выдатны аграгарадок з добра развітай інфраструктурай, сучасны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці, а ў працаўнікоў ААТ “Васілішкі” дастойныя не толькі заробкі, але і сацыяльны пакет, -- гавораць жыхары аграгарадка. – Зразумела, што аддаючы свой голас за прагрэсіўныя змены ў Канстытуцыі, мы галасуем за далейшае развіццё сваёй краіны і сваёй мясцовасці.
У будынку цэнтра культуры, дзе размясціўся Васілішкаўскі ўчастак для галасавання №1, пануе святочная атмасфера. Народны ансамбль “Васільковая раніца” і таленавітыя салісты падрыхтавалі для сяльчан цудоўны канцэрт. І хоць гэтых артыстаў прынята называць самадзейнымі, паверце, пяюць яны, як сапраўдныя прафесіяналы. Больш таго, стартуючы з праграмай “Люблю цябе, мая Радзіма!” у Васілішках, іх гастролі сёння будуць працягвацца на выбарчых участках у аграгарадках Галавічполе і Вялікае Мажэйкава.
Крочым на ўчастак для галасавання №2, што знаходзіцца ў будынку Васілішкаўскай СШ. Тут знаёмімся з супружнай парай Каранеўскіх. Ірына Іосіфаўна – лабарант МТК “Бакшты”, Генрых Іосіфавіч – вадзіцель.
-- Як жа не выказаць сваё меркаванне і сваю пазіцыю ў такі адказны момант, калі на ўсенародным рэферэндуме вырашаецца, па якіх законах будзем жыць, у якім напрамку рухацца?! -- кажуць нашы суразмоўцы. – Усім нам вельмі хочацца жыць лепш, будаваць сацыяльна арыентаваную дзяржаву, дзе створаны роўныя магчымасці для людзей. Стабільнасці хочацца, упэўненасці ў заўтрашнім дні і, вядома, міру для ўсіх народаў. Вось таму мы на рэферэндуме. Сёння галасуюць і нашы дарослыя дзеці. Жывуць і працуюць яны ў Гродне. Сын – інжынер, дачка – медык. У нас ужо чацвёра ўнукаў, для будучыні якіх мы жадаем дабрабыту і шчаслівага жыцця, мірнага неба. А адноўленая Канстытуцыя гарантуе гэтыя самыя галоўныя для простых людзей каштоўнасці.
Васілішкаўскі ўчастак для галасавання №2 уключае ў сябе мноства навакольных вёсак і вёсачак. Многія з пажылых людзей, што жывуць там, патэлефанавалі, каб члены камісіі па рэферэндуме прыехалі непасрэдна да іх дамоў. Згодна з заканадаўствам такая магчымасць прадугледжана менавіта ў асноўны дзень рэферэндуму. Узяўшы апламбіраваную урну і ўсе неабходныя атрыбуты, група з членаў камісіі сабралася на выезд. Заяўкі на галасаванне на даму паступілі са Старога Двара, Вайшчукоў, Дзегцяроў і іншых вёсак.
-- Рэферэндум на нашым участку праходзіць на высокім арганізацыйным узроўні. Члены камісіі вельмі прынцыповыя, строга прытрымліваюцца Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, -- падкрэслілі назіральнікі Здзіслаў Янкевіч і Яніна Сяргей.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.