З якім настроем і якімі думкамі ўдзельнічаюць шчучынцы ў рэферэндуме даведаліся на Ленінскім участку для галасавання №29

На Ленінскім участку для галасавання №29, які знаходзіцца ў СШ №1 г. Шчучына, ажыўлена з моманту яго адкрыцця. Адчуваецца, што шчучынцы хочуць прыняць непасрэдны ўдзел у вырашэнні лёсу сваёй краіны, таму з самага рання спяшаюцца зрабіць свой выбар.

 

– У нас вельмі актыўна праходзіла і датэрміновае галасаванне, – расказвае старшыня камісіі па рэферэндуме Марына Адашчык. – Кожны мог выбраць зручны для сябе час, каб выказаць сваё меркаванне. Дарэчы, да нашага ўчастка адносяцца больш за 1900 выбаршчыкаў. Шчучынцы, якія не могуць прыйсці прагаласаваць асабіста, паведамілі пра гэта камісіі, і два яе члены ў дзевяць гадзін накіраваліся з пераноснай урнай для галасавання па ўказаных адрасах.

 

З выдатным настроем прыйшлі галасаваць Зоя Мар'янаўна Шклярэцкая з мужам Віктарам Антонавічам.

 

– Мы ўважліва слухалі па тэлевізары перадачы, у якіх расказвалі пра змяненні, што ўносяцца ў Канстытуцыю нашай краіны, каб ва ўсім разабрацца і мець сваё меркаванне, – гаворыць Зоя Мар'янаўна. – Самае галоўнае для нас – мір у нашай роднай Беларусі, спакой. Мы марым толькі пра тое, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі маглі жыць і радавацца мірнаму небу над галавой, каб наша краіна толькі квітнела. За гэта мы з мужам і аддалі свае галасы.

 

Літаральна некалькі хвілінак было ў маладой мамы Ірыны Бачко, каб падзяліцца сваімі думкамі.

 

– Ведаеце, я не магла застацца ўбаку ад такой важнай падзеі, – не стрымліваючы свае пачуцці расказала маладая жанчына. – У мяне нядаўна нарадзіўся сынок Максімка, цяпер яму толькі два месячыкі. І мяне вельмі хвалюе, у якой краіне ён будзе жыць. Я вельмі люблю сваю Беларусь і хачу, каб яна заўсёды заставалася самай лепшай краінай для жыцця нашых дзяцей і ўсіх наступных пакаленняў. Мы мірныя, свабодныя, працалюбівыя людзі і ў нашых сілах зрабіць нашу родную Беларусь квітнеючай.

 

 

Дзень 27 лютага стаў асаблівым, і, напэўна, надоўга запомніцца  Арцемію Місюку, які сёння галасаваў упершыню. Арцемій –  студэнт трэцяга курса  Гродзенскага філіяла УА "БІП – Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій". Юнак вывучае правазнаўства.

 

Старшыня камісіі па рэферэндуме Марына Адашчык павіншавала Арцемія з важнай падзеяй у жыцці і ўручыла падарунак – сертыфікат на наведванне басейна ў Васілішках і настольны каляндар.

 

– Вельмі ўважліва слухала ўсю інфармацыю, якая гучала па тэлевізары і радыё пра ўносімыя змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон нашай краіны, – расказала Ганна Францаўна Ліпская. – Згодна з усімі прапановамі! Я ўсё сваё жыццё – 38 год – адпрацавала на Шчучынскім заводзе "Аўтапровад". І хачу сказаць, што ў нашай краіне чалавек працы – заўсёды ў пашане. Сёння я радуюся кожнаму дню, сваім чацвярым унукам і вельмі шчаслівая, што дачакалася праўнучка. Хачу толькі, каб заўсёды быў мір у цэлым свеце і ў нашай роднай Беларусі, каб людзі былі здаровымі.

 

Галасаванне працягваецца. Да васьмі гадзін вечара яшчэ ёсць час, каб зрабіць свой выбар і прыняць непасрэдны ўдзел у вызначэнні будучыні сваёй краіны.

 

 

Дарэчы, у 14.00 у фае школы адбудзецца канцэрт народнага ансамбля духоўных спеваў “Преображение”, які падорыць шчучынцам цудоўныя песні.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!