Аляксей Садоўскі: “Сёння мы выбіраем сваю будучыню”
З самага ранку на Заводскім участку для галасавання № 24 было вельмі людна. Сюды ішлі і ішлі шчучынцы, каб аддаць голас за будучыню роднай Беларусі.
Свой грамадзянскі абавязак выканаў і старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.
-- Я традыцыйна галасую менавіта ў асноўны дзень, -- дзеліцца Аляксей Валянцінавіч. – Для мяне гэта сапраўднае свята! Ганаруся тым, што шчучынцы падышлі да галасавання адказна, узважана і актыўна наведваюць ўчасткі для галасавання. На дыялогавых пляцоўках, праводзячы прыёмы грамадзян і сустрэчы з працоўнымі калектывамі, я адчуў, наколькі землякі зацікаўлены правядзеннем рэферэндума. Адметна, што большасць змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон носіць сацыяльны характар і накіравана на ўстойлівае развіццё роднай Беларусі і павышэнне дабрабыту кожнага беларуса. Сёння мы выбіраем сваю будучыню!
Сярод тых, хто прагаласаваў менавіта ў дзень правядзення рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, быў і вадзіцель Шчучынскага філіяла “Малочны Мір” Андрэй Антановіч.
-- Я аддаю голас за незалежнасць і росквіт нашай краіны, -- зазначае Андрэй Віктаравіч. – Упэўнены, са мной салідарны большасць беларусаў.
З Андрэем Антановічам цалкам згодны скрутчык Шчучынскага завода “Аўтапровад” Аляксандр Забароўскі, які заглянуў на выбарчы ўчастак разам з двума сынамі Даніілам і Уладам. Ён на сваім прыкладзе прадэманстраваў дзецям, наколькі важна займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Сям’я Вайцяхоўскіх прыйшла галасаваць і ўвогуле ў поўным складзе.
-- Сёння мы з жонкай і трыма сынамі прыйшлі на ўчастак для галасавання, каб вызначыць далейшую будучыню рэспублікі. Гэта выдатная магчымасць прывіць дзецям разуменне, што толькі ад нас саміх залежыць, па якім шляху будзе развівацца любімая Беларусь.
-- На нашым участку для галасавання налічваецца больш за 1800 выбаршчыкаў, многія з якіх прагаласавалі датэрмінова, -- канстатуе сакратар участковай камісіі Заводскага ўчастка для галасавання № 24 Вольга Варлухіна. – Асноўная ж маса вырашыла галасаваць менавіта ў дзень правядзення рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Людзі прыходзяць цэлымі сем’ямі, ва ўсіх пазітыўны настрой.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.