Пачалося датэрміновае галасаванне на рэспубліканскім рэферэндуме. Голас ганаровага грамадзяніна Шчучына – за шчаслівую будучыню краіны

Не маючы звычкі адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, ганаровы грамадзянін нашага горада, дэпутат раённага Савета дэпутатаў  Валяр’ян Лявонавіч Жоль разам з жонкай Святланай Андрэеўнай першым прыйшоў 22 лютага на свой Паўднёва-Заходні ўчастак для галасавання №27, што размясціўся ў светлым і прасторным памяшканні трэцяй гарадской школы. Патомны будаўнік, Валяр’ян Лявонавіч калісь кіраваў будаўніцтвам гэтай навучальнай установы, што ўзводзілася ўжо падчас суверэннай Беларусі. А Святлана Андрэеўна з першых дзён адкрыцця СШ №3 г. Шчучына, выкладала тут рускую мову і літаратуру, працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

 

Гэтыя людзі на свае вочы бачылі і бачаць, як разам з усёй краінай імкліва развіваецца наш рэгіён. На працягу 26 год В.Л. Жоль узначальваў Шчучынскую МПМК-167, а ўвогуле ў будаўнічай галіне прапрацаваў 46 год! Новыя жылыя мікрараёны, вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, добраўпарадкаваныя тэрыторыі горада і аграгарадкоў раёна  -- да ўсяго гэтага мае непасрэднае дачыненне ганаровы грамадзянін Шчучына Валяр’ян Жоль. Будучы на заслужаным адпачынку, гэты чалавек па-ранейшаму займае актыўную грамадзянскую пазіцыю.

 

-- Як можна прапусціць важнейшую палітычную падзею года? – здзіўляецца наш суразмоўца. – Паколькі 27 лютага, у асноўны дзень рэферэндуму, у нас мяркуецца шэраг сямейных сустрэч, то вырашылі са Святланай Андрэеўнай прыйсці на галасаванне сёння. Мы аддаем свае галасы за шчаслівую будучыню нашай Беларусі. Змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю прадыктаваны новым узроўнем беларускага грамадства, дынамікай развіцця грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў. Упэўнены, адноўлены Асноўны Закон будзе садзейнічаць захаванню міра і стабільнасці ў нашай краіне, умацаванню сацыяльнай справядлівасці і народаўладдзя, гарантыі захавання сям’і і традыцыйных каштоўнасцей, вернасці нашай гістарычнай памяці.

 

-- Дый магія “люстэркавых лічбаў”, калі ў даце сышліся ажно шэсць двоек, дыктуе зрабіць сёння штосьці лёсавызначальнае, -- усміхаецца Святлана Андрэеўна. – Запомніцца гэты дзень назаўжды. Будзем расказваць пра яго сваім унукам -- іх у нас чацвёра. Вельмі хочацца, каб жылі яны ў мірнай, свабоднай, заможнай краіне, дзе ёсць перспектывы для моладзі.  

 

Да пачатку галасавання на Паўднёва-Заходнім участку №27 усё было гатова.

 

-- Усе 11 членаў камісіі прыбылі сёння на ўчастак для галасавання ў 9.30, публічна, у прысутнасці назіральнікаў, апламбавалі скрыню для бюлетэняў. Роўна ў дзесяць сталі прымаць першых выбаршчыкаў, -- гаворыць старшыня ўчастковай камісіі Валянціна Мілінкевіч. -- Упэўнены, што галасаванне пройдзе ў спакойнай абстаноўцы, з выкананнем усіх нюансаў дзеючага заканадаўства.

 

Члены камісіі сустракалі шчучынцаў прыветна і добразычліва, хутка адшуквалі ў спісах прозвішча жадаючага прагаласаваць, звяралі дадзеныя з пашпартнымі, пад асабісты подпіс уручалі бюлетэнь. Людзі заходзілі ў кабінкі для галасавання, каб афіцыйна зафіксаваць свой выбар.  

 

Апусціла ў ўрну свае бюлетэні супружная пара Жоль.

 

-- Абавязкова трэба прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць за будучыню сваёй краіны, сваіх дзяцей і ўнукаў. Няхай яна будзе шчаслівай і мірнай, -- пажадалі Валяр’ян Лявонавіч і Святлана Андрэеўна.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!