Савет раённага аб’яднання прафсаюзаў падвёў вынікі работы за год і далучыўся да Дэкларацыі ў падтрымку рэферэндуму
Пад такім дэвізам адбылося пасяджэнне савета Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, удзельнікі якога падвялі вынікі прафсаюзнай работы за мінулы год і вызначылі задачы на перспектыву.
З прывітальным словам да прысутных у зале звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.
– Мы з вамі знаходзімся на парозе вельмі важнай падзеі – усенароднага рэферэндуму па прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у яе новай рэдакцыі. Ужо на наступным тыдні ў краіне пачнецца датэрміновае галасаванне, і ўсе мы, прыйшоўшы на свой участак, зможам выказаць уласную пазіцыю і аддаць голас за моцную, суверэнную, незалежную Беларусь, – адзначыў у сваёй прамове Аляксей Валянцінавіч.
Са справаздачным дакладам выступіў старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук. Ён падкрэсліў, што ў склад аб’яднання зараз уваходзяць 103 “пярвічкі”, якія аб’ядноўваюць больш за 12 тысяч працаўнікоў раёна. Прафсаюзы займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, абараняюць інтарэсы простых людзей і краіны ў цэлым. Напрыклад, пад адкрытым пісьмом аб сваёй нязгодзе з увядзеннем эканамічных санкцый супраць Беларусі падпісаліся 5,5 тысячы членаў прафсаюзных арганізацый Шчучыншчыны.
Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, на прадпрыемствах раёна ўдаецца павышаць зарплату, выконваць усе ўмовы калектыўных дагавораў, падтрымліваць людзей у складаных жыццёвых сітуацыях. Да прыкладу, з касаў узаемадапамогі прафсаюзнымі арганізацыямі АПК аказана матэрыяльнай дапамогі, у тым ліку звязанай з захворваннем на кавід, на суму каля 4,5 тысячы рублёў. Прафсаюзная арганізацыя РУП ЖКГ выплаціла такой дапамогі больш чым на 7 тысяч рублёў, Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” – больш за 6 тысяч. І падобных прыкладаў нямала.
Прававая абарона і юрыдычная падтрымка, кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму, метадычная і практычная дапамога арганізацыям па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы – усё гэта ў цэнтры ўвагі раённага аб’яднання прафсаюзаў. Да таго ж прафсаюзныя актывісты ўключыліся ў маніторынг цэн у гандлёвых кропках і аптэках, накіроўваючы свае назіранні ў ФПБ і райвыканкам для аналізу сітуацыі, удзельнічалі ў акцыях і грамадска-палітычных мерапрыемствах, удзялялі і ўдзяляюць увагу маладым спецыялістам і руху настаўніцтва. Асабліва яскрава гэта тэндэнцыя адчуваецца ў ЦРБ, дзе вопытныя ўрачы дапамагаюць у прафесійным станаўленні калегам-пачаткоўцам.
– Летась у нас быў адноўлены агляд-конкурс на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Пераможцамі сталі “пярвічкі” Шчучынскага вузла паштовай сувязі, завода “Аўтапровад”, РУП ЖКГ. Спадзяваемся, што ў гэты конкурс і сёлета актыўна ўключацца нашы прафсаюзы, – выказаў пажаданне Юрый Пашук.
Падчас мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк падзялілася з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад Паслання Прэзідэнта да беларускага народа і Парламента краіны, бо была непасрэдным удзельнікам гэтай падзеі ў Палацы Рэспублікі. Ганна Станіславаўна прааналізавала і тыя змяненні, якія ўнесены ў Асноўны Закон краіны, выказала меркаванне, што абноўленая Канстытуцыя дазволіць забяспечыць гібкасць палітычнай сістэмы, яшчэ больш умацуе інстытут дзяржаўнасці і сацыяльны вектар дзяржавы.
Удзельнікі форума аднагалосна падтрымалі Дэкларацыю аб падтрымцы рэферэндуму па ўнясенні дапаўненняў ў Канстытуцыю, прынятую на V пленуме Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Прыемным момантам стала ўзнагароджанне граматамі лепшых прафсаюзных актывістаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.