Актыўна праходзіць датэрміновае галасаванне ў Ражанцы. Жыхары аграгарадка душой хварэюць за лёс краіны

 

На Ражанкаўскім участку для галасавання №19 амаль заўсёды ёсць наведвальнікі. Больш мнагалюдна вечарам, калі жыхары аграгарадка вяртаюцца з работы. Ёсць жадаючыя прагаласаваць і ў абедзенны перапынак.

 

– Галасаванне праходзіць даволі актыўна, – расказвае старшыня участковай камісіі па рэферэндуме Ала Цівінская. – Многія вырашылі наведацца на ўчастак датэрмінова. А ёсць вяскоўцы, хто мэтанакіравана чакае асноўны дзень галасавання – 27 лютага, каб адчуць гэту асаблівую ўрачыстую атмасферу і сваю асабістую прыналежнасць да вялікай дзяржаўнай падзеі. Некаторыя прыходзяць галасаваць сем’ямі.

 

Першымі, з кім мы пагутарылі на ўчастку для галасавання, былі Міхаіл і Анастасія Клімянковы. Жывуць яны ў Ражанцы, а галасаваць прыйшлі са сваімі траімі дзеткамі. Міхаіл працуе майстрам лесу ў Ражанкаўскім лясніцтве, а Анастасія пакуль у водпуску па доглядзе дзіцяці. Іх старэйшы сын Раман вучыцца ў другім класе, захапляецца матэматыкай і шахматамі. Маргарытка, якой толькі пяць годзікаў, ходзіць у дзіцячы садок. Дзяўчынка любіць спяваць і танцаваць. А маленькаму Мірону – год і пяць месяцаў.

 

Для гэтай маладой сям’і галасаванне – сур’ёзная падзея. І іх большыя дзеткі абавязкова будуць помніць гэты дзень, калі разам з татам і мамай прыходзілі на ўчастак для галасавання: у той важны момант ад рашэння іх бацькоў залежала і іх будучыня.  

 

– У Асноўным Законе нашай краіны ўтрымліваюцца многія палажэнні, якія важныя для нас, – гавораць Алёна і Міхаіл. – Адно з іх – захаванне сямейных каштоўнасцей. Сёння мы адчуваем рэальную падтрымку нашай дзяржавы: для будаўніцтва жылля атрымалі субсідыі, а ў недалёкай будучыні плануем скарыстацца сямейным капіталам для пагашэння часткі кошту новай кватэры. У выніку застанецца невялікая сума, якую нам трэба будзе выплачваць самім.

 

 

Датэрмінова вырашыла прагаласаваць і Ядвіга Уладзіміраўна Марцінкевіч.

 

– Я хачу толькі аднаго, – ледзь стрымліваючы хваляванне, падзялілася сталая жанчына. – Каб быў мір і спакой на нашай Зямлі, у нашай     роднай Беларусі.

 

 Выканаць свой грамадзянскі абавязак прыйшоў на ўчастак для галасавання і Аляксандр Павядайка, камандзір аддзялення патрульна-паставой службы міліцыі Шчучынскага РАУС.

 

– У дзень правядзення рэферэндуму я буду заняты па службе, – патлумачыў Аляксандр. – Таму вырашыў прагаласаваць датэрмінова. Лічу, што кожны сапраўдны грамадзянін нашай краіны павінен душой хварэць за яе лёс. Гэта ж наша Радзіма, тут будуць жыць нашы дзеці і ўнукі. Яе далейшы шлях развіцця сёння залежыць ад кожнага з нас.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!