Рэферэндум-2022: сёння - асноўны дзень галасавання. Жыхары Шчучыншчыны праяўляюць высокую актыўнасць у галасаванні на рэферэндуме

 

У нядзелю ўчасткі для галасавання па рэферэндуме адчынілі свае дзверы з васьмі гадзін раніцы. Пачаўся асноўны дзень галасавання па рэферэндуме. На рэферэндум вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? І сёння кожны павінен разумець адказнасць і значнасць выбару, які мае адбыцца.

 

Першым карэспандэнты "Дзянніцы" наведалі Астроўскі-прыазёрны ўчастак № 23, які размясціўся ў палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

Раней за ўсіх на ўчастак для галасавання прыбылі члены камісіі і назіральнікі. Асноўны дзень галасавання па рэферэндуме пачаўся з апячатвання скрыняў. Гэта абавязковая працэдура, якая ўстаноўлена Выбарчым кодэксам. Бюлетэні пералічылі, расклалі. Участак да правядзення асноўнага дня галасавання гатовы.

 

-- Пасля таго, як пломба пастаўлена, можна галасаваць. Для гэтага трэба прад'явіць пашпарт ці даведку аб страце. Ваеннаслужачыя могуць галасаваць па ваенным білеце, служачыя - па службовым пасведчанні. Таксама бюлетэнь выдадуць па ідэнтыфікацыйнай карты і біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, правах кіроўцы, студэнцкім білеце або пенсійным пасведчанні, але абавязкова з фота, -- тлумачыць старшыня камісіі Андрэй Місюк.

 

На гадзінніку 8 гадзін, галасаванне пачалося. На ўчастку для галасавання ўжо з'явіўся першы галасуючы. Ім стаў Сяргей Сасноўскі.

-- Я прыйшоў на рэферэндум, таму што абноўлены Асноўны Закон краiны абараняе ўсё тое, што так дорага кожнаму з нас: незалежнасць i мiр, сямейныя i нацыянальныя каштоўнасцi, павагу i памяць да продкаў, нашых каранёў i гiсторыi, -- гаворыць Сяргей Іванавіч. -- Рэферэндум - вельмі важная падзея ў жыцці нашай краіны і кожнага яе грамадзяніна, нельга заставацца ўбаку. Калісьці наша дзяржава выбрала шлях стварэння. Каб з яго не збочыць, нам і трэба падкарэкціраваць Асноўны Закон. Змяненні прапаноўваліся ўсенародна, зараз сваімі галасамі, сваім выбарам людзі павінны іх зацвердзіць”.

 

Зрабіць свой выбар на ўчастак для галасавання прыйшоў і Віктар Цыбульскі: “Хачу адзначыць, што нашы грамадзяне заўсёды разумелі значнасць падзей палітычнага маштабу і заўсёды праяўлялі актыўную грамадзянскую пазіцыю. Упэўнены, што рэферэндум пройдзе на дастойным узроўні. Бо мы галасуем сёння не толькі за абноўленую Канстытуцыю, мы выбіраем будучыню нашай краіны для нашых дзяцей і ўнукаў. Прычым будучыню на дзесяцігоддзі наперад".

 

За працэсам галасавання на момант нашага знаходжання на ўчастку сачылі пяць назіральнікаў. У іх ліку Вольга Бялецкая, якая ўжо мае вопыт работы назіральнікам на ўчастку для галасавання. Паводле яе слоў, участак адпавядае ўсім неабходным нормам, для людзей тут усё прадугледжана:

 

-- Самае галоўнае -- добразычлівая атмасфера, а таксама гатоўнасць членаў камісіі дапамагчы галасуючаму ў любым, нават самым нязначным пытанні, -- падкрэсліла яна. -- Усё ў адпаведнасці з патрабаваннямі: і супрацьэпідэмічныя нормы, і размяшчэнне кабінак для галасавання. Выкананы ўсе ўмовы. Наша функцыя назіраць, каб усё адпавядала заканадаўству – і сам працэс галасавання, і работа камісіі.

 

 27 лютага ў 8.00 гадзін пачалі сваю працу ўсе 30 участкаў для галасавання па рэферэндуме, створаных у Шчучынскім раёне.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!