Як інавацыйныя распрацоўкі Купалаўскага ўніверсітэта ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі
ГрДУ імя Янкі Купалы — цэнтр навукі і інавацый Гродзенскага рэгіёна. Ён валодае сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай, на аснове якой выконваюцца як фундаментальныя, так і прыкладныя даследаванні па шырокім спектры кірункаў. А ўдзел у эксперыментальным праекце па ўкараненні канцэпцыі «Універсітэт 3.0» якраз і скіраваны на прадпрымальніцтва. Гэта прадугледжвае і стратэгія інавацыйнай дзейнасці, якая распрацавана ва ўніверсітэце да 2030 года.
Яе называюць стратэгіяй апераджальнага развіцця. Згодна з ёю, вышэйшая навучальная ўстанова выбрала не працэсавы, а праектны падыход, рэалізоўваючы, у першую чаргу, праекты ў рамках канцэпцыі «Інавацыйна-ўспрымальны ўніверсітэт».
У значнай ступені гэтаму садзейнічае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», якое атрымала статус тэхнапарка. Сёння Цэнтр трансферу тэхналогій універсітэта з'яўляецца мосцікам паміж ВНУ і вытворчымі прадпрыемствамі, распрацоўкамі і іх укараненнем.
У сярэдзіне студзеня на базе тэхнапарка з'явіліся яшчэ два новыя інавацыйныя прадпрыемствы, якія сталі яго рэзідэнтамі. Дарэчы, трэцяя частка рэзідэнтаў — студэнты, выпускнікі альбо выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Цікавыя ідэі заўсёды знаходзяць дапамогу з боку кіраўніцтва ВНУ. У 2019 годзе створаны фонд інавацыйнага развіцця для падтрымкі прадпрымальніцтва. Фонд фінансуе работы студэнтаў і выкладчыкаў па стварэнні прадукту для яго далейшай камерцыялізацыі. Навука павінна прыносіць даход. Такі прынцып, дарэчы, з'яўляецца адным з кірункаў стратэгіі інавацыйнай дзейнасці на найбліжэйшыя сем гадоў. Менавіта такі падыход павінен забяспечыць універсітэту ўстойлівае развіццё, лічаць у ВНУ. Гаспадарча-дагаворная дзейнасць у тым ліку разлічана і на работу з замежнымі заказчыкамі. Напрыклад, праект у нафтагазавай сферы распрацаваны для расійскіх партнёраў, навуковае абсталяванне — для ўніверсітэта Казахстана.
Адукацыя — навука — вытворчасць: менавіта такі ланцужок прадугледжвае эксперыментальны праект Мінадукацыі «Універсітэт 3:0». А тэхнапарк стварае пэўную інфраструктуру для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва, дапамагае навукоўцам даводзіць іх прадукт да прадпрыемстваў. Тут размешчана высокатэхналагічнае абсталяванне, якое даецца ў арэнду рэзідэнтам парка па аказанні паслуг у 3D-мадэляванні, 3D-прата- тыпіраванні, лазернай рэзцы, інфармацыйных паслуг і іншых.
Але не толькі. Тут могуць аказаць неабходную кансультацыйную дапамогу ў ажыццяўленні распрацовак.
— Пры Цэнтры трансферу тэхналогій універсітэта створана студыя праектаў і стартапаў, дзе студэнтаў навучаюць інавацыйнаму прадпрымальніцтву на гадавых курсах. Як правіла, многія прыходзяць са сваімі праектамі, якія ў далейшым бяруць удзел у конкурсе «ІнНаСтарт», дзе кожны год прапанавана да 70-80 інавацыйных студэнцкіх праектаў, — расказаў прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Праневіч.
Якія гэта праекты? Аказалася, абмежаванняў не існуе. Праекты могуць быць у розных сферах — сацыяльнай, вытворчай; ІТ- і бізнес-праекты; ажыццяўляюцца нават футурыстычныя ідэі. У далейшым найбольш цікавыя з іх універсітэт накіроўвае на конкурс «100 ідэй для Беларусі». Напрыклад, сёлета на міжуніверсітэцкі конкурс «купалаўцы» заявілі ажно 16 праектаў, пяць з якіх прадставяць Гродзеншчыну на заключным рэспубліканскім этапе. Праект «Праметэй» — адзін з сацыяльна арыентаваных.
— Прылада распрацавана студэнтам для людзей з інваліднасцю па зроку, — тлумачыць Андрэй Францавіч. — Дзякуючы відэакамеры чалавек з інваліднасцю па зроку можа самастойна хадзіць па горадзе. Трэба толькі задаць шлях, а весці яго будзе галасавы памочнік. Калі ўзнікае праблема, можна звязацца з валанцёрам, які ў рэжыме анлайн падкажа, як яе вырашыць. Сацыяльны праект створаны пры ўзаемадзеянні з таварыствам людзей з інваліднасцю па зроку.
Пакуль гэта толькі прапанова. Галоўнае дасягненне ў навуковых распрацоўках — эканамічны эфект. Толькі за мінулы год тут заключана і рэалізавана 180 гаспадарчых дагавораў з агульным аб'ёмам фінансавання 150 тысяч рублёў.
У ліку найбольш значных называюць устаноўку сістэмы біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў прамысловых прадпрыемстваў, якая зроблена на ААТ «Гродна Азот».
Па заказе прадпрыемства «Радыёхваля» выканана трохвымернае сканіраванне, прататыпіраванне і распрацоўка канструктарскай дакументацыі на прамысловыя дэталі і вырабы. Для рэспубліканскіх ландшафтных заказнікаў «Котра» і «Азёры» распрацавана стратэгія па развіцці экалагічнага турызму і ўладкавання экалагічнай сцежкі.
Ёсць у «купалаўцаў» і знакавы ці нават брэндавы навукова-тэхнічны праект, у межах якога распрацаваны вакуумныя пакрыцці на аснове карбідаў і вугляродных нанаструктур, што дазваляе павялічыць устойлівасць металаапрацоўчых інструментаў. Як паказалі выпрабаванні на прадпрыемстве «Белкард», інструменты аказаліся ў 3,5 раза больш устойлівымі, чым без пакрыцця. Атрыманыя вынікі даюць падставу для стварэння новых нанатэхналагічных абаронных пакрыццяў для іншых вырабаў. Распрацоўка была прадэманстравана на рэспубліканскіх і міжнародных выставах-кірмашах і выклікала зацікаўленасць прамысловых прадпрыемстваў Расійскай Федэрацыі. А летась на конкурсе ў Санкт-Пецярбургу праект атрымаў сярэбраны медаль і дыплом ІІ ступені.
Цяпер у межах дзяржаўнай праграмы праводзіцца работа па распрацоўцы апаратна-праграмнага комплексу па вывучэнні метадаў і тэхналогій аналізу атмасфернага паветра і паветра, якое выдыхаецца. Для ўдзелу ў абласным конкурсе інавацыйных праектаў ГрДУ рыхтуе прадставіць праект кардыякампрэсара для масажу сэрца пры транспарціроўцы пацыента, а таксама апарат для інтэнсіўнага лячэння отарыналарынгалагічных захворванняў. Пры атрыманні сродкаў абласнога інавацыйнага фонду, навукоўцы гатовыя выпусціць доследную партыю прэпаратаў.
На чарзе — новы праект, які ў ВНУ лічаць прарыўным, бо ён звязаны са стварэннем электрамабіляў і праводзіцца сумесна з Універсітэтам грамадзянскай абароны МНС.
— Мы будзем распрацоўваць трэнажор для навучання ратавальнікаў дзейнічаць па ліквідацыі надзвычайных сітуацый ва ўмовах ДТЗ з удзелам электрамабіляў. Трэба ведаць, як пазбегнуць наступстваў пры здарэнні, напрыклад, пры замыканні, — тлумачыць суразмоўнік. — Праект складаецца з ІТ-начынкі ў фармаце 3D, каб супрацоўнік МНС на планшэце мог з гэтым аўтамабілем папрацаваць, паглядзець на стан правадоў і прыняць правільнае рашэнне ў канкрэтнай сітуацыі. Начынкай 3D будзе займацца наш студэнт, які з'яўляецца таксама і рэзідэнтам тэхнапарка. Гэта першы навуковы праект, звязаны з электратранспартам. Такі кірунак стаў магчымы дзякуючы адкрыццю ў ГрДУ імя Янкі Купалы спецыяльнасці «аўтаномны электратранспарт». Для студэнтаў закуплены адзіны ў Беларусі трэнажор для навучання — гэта рэальны электрамабіль, які можна разабраць і сабраць.
Праект ажыццяўляецца ў межах дзяржаўнай праграмы, прайшоў дзяржэкспертызу і сёлета плануецца да рэалізацыі.