У Шчучыне завяршаецца будаўніцтва новага дзіцячага садка

Будаўніцтва дзіцячага садка на 170 месцаў знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю, як і абяцалі будаўнікі, у жніўні месяцы. Так што новы сучасны дзіцячы сад стане выдатным падарункам маленькім гараджанам і іх бацькам да пачатку новага навучальнага года.
– Двухпавярховы дзіцячы садок агульнай плошчай 5444 кв. метры у маладым мікрараёне ўзведзены па сучасным праекце, - адзначае намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей. - Будаўнікі працуюць на аб’екце з асаблівай педантычнасцю, імкнуцца ўлічыць усе магчымыя нюансы і выканаць работы з найвышэйшай якасцю. Пры праектаванні і будаўніцтве выкарыстаны сучасныя падыходы да стварэння бяспечных і камфортных умоў знаходжання дзяцей і забеспячэння высокай якасці дашкольнай адукацыі.
Будаўнічыя работы на аб’екце практычна завершаны, засталося наладзіць частку абсталявання, добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, расставіць новую мэблю. Актыўна ідуць работы па арганізацыі транспартных і пешаходных дарог, аўтастаянак, завяршаецца ўстаноўка малых архітэктурных формаў і азеляненне тэрыторыі.
– З уводам у эксплуатацыю гэтай установы ў горадзе будзе вырашана праблема з забяспечанасцю месцамі ў дзіцячых дашкольных установах. А жыхары новага мікрараёна пазбавяцца ад клопатаў, звязаных з дастаўкай дзяцей у дзіцячыя сады, якія размешчаны на аддаленні ад месца жыхарства, - гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок. - Працаваць у новым дзіцячым садку будзе калектыў д/с №4, а ў гэту установу адукацыі па вуліцы Зялёнай пераедзе калектыў д/с №3. На 170 месц ужо паступіла 145 заяў ад бацькоў з просьбай навучаць іх дзяцей у новай і сучаснай дашкольнай установе.
Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!