Азімы рапс заняў палеткі

Яшчэ нядаўна механізатар ААТ “Орля” Сяргей Міхайлавіч Піліпчык на зернеўборачным камбайне “Ліда-1600” убіраў хлеб, а пасля перасеў на трактар МТЗ-1221 і пры дапамозе прычапной шасціметровай сеялкі закладваў новы ўраджай азімага рапсу. 

 

– У бункер змяшчаецца тона насення, але я яго цалкам не напаўняў, каб насеннеправоды не забіваліся, – гаворыць Сяргей Міхайлавіч. – Згодна з распрацаванымі нормамі высяваў 5 кілаграмаў зерня на гектар. Глыбіня задзелкі складае прыкладна 2 сантыметры. 

 

Каб завяршыць сяўбу азімага рапсу ў аптымальны тэрмін, работа ў полі працягвалася амаль увесь светлавы дзень і спынялася толькі на кароткі абед, які механізатарам дастаўлялі прама ў поле.

 

– Перад тым, як сеяць азімы рапс, мы ўзаралі глебу і ўнеслі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў: па 100 кілаграмаў фосфару і 250 кілаграмаў калію на кожны гектар, – зазначае загадчык вытворчага ўчастка “Ракавічы” ААТ “Орля” Аляксандр Іванавіч Шэршань. – Пры закладцы новага ўраджаю выкарыстоўвалі элітнае насенне, якое набылі ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства. Таму ў наступным сезоне не без падстаў разлічваем атрымаць багаты ўраджай.

 

Усяго ў ААТ “Орля” пад алейныя культуры адведзена 505 гектараў, якія цалкам засеяны. Мясцовыя аграрыі ўжо пераключыліся на сяўбу іншых азімых культур. Акрамя таго, у гаспадарцы актыўна рыхтуюцца да ўборкі кукурузы. Адным словам, ні хвіліны спакою!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!