Вясной шчучынскія энергетыкі справяць наваселле
Сёлета адміністрацыйны будынак Шчучынскага РЭС значна павялічыцца: будаўнікі МПМК-167 актыўна ўзводзяць тут двухпавярховую прыбудову агульнай плошчай звыш 1000 метраў квадратных. Штодзень на аб’екце працуюць каля 30 чалавек і 5 адзінак спецыялізаванай тэхнікі.
-- Мы ўжо цалкам злажылі з цэглы сцены, уставілі вокны і зараз робім страпільны каркас, каб накрыць будынак дахам, -- гаворыць майстар МПМК-167 Аляксандр Сяргеевіч Мурзак. – Таксама праклалі вадаправод і электрыку, усталявалі ў памяшканнях батарэі. Як толькі запусцім ацяпленне, накіруем на аб’ект тынкоўшчыкаў, маляроў, плітачнікаў і іншых спецыялістаў, якія будуць займацца ўнутранай аддзелкай.
Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, на першым паверсе новай прыбудовы кампактна размесцяцца прахадная, весцібюль, электрашчытавая, санвузлы, пакой для прыёма ежы і рабочыя кабінеты. Другі паверх займуць холл, актавая зала, архіў, а таксама тэхнічныя памяшканні.
-- Прывядзём у парадак і стары будынак адміністрацыі Шчучынскага РЭС, -- зазначае А.С. Мурзак. – Ужо замянілі ў ім усе старыя вокны на сучасныя шклопакеты, уцяплілі звонку сцены. Калі дазволіць надвор’е, патынкуем і пафарбуем абодва будынка ў адзін колер, каб яны выглядалі як адно цэлае. Таксама добраўпарадкуем прылеглую тэрыторыю: установім бардзюры, пракладзём тратуарныя дарожкі. Усяго на реалізацыю праекта будзе затрачана прыкладна 1,45 мільёна рублёў. Здаць пад ключ аб’ект плануем у красавіку бягучага года.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.