Душэўна, у цёплай сяброўскай атмасферы, прайшоў у Ракавічах раённы фестываль фальклору "Матуліна хата песнямі багата"

 

У ўдзельнікаў гэтага цудоўнага свята была ўнікальная магчымасць акунуцца ў прыгажосць народных песень і побытавых танцаў, музыкі і баек. Фестываль у Ракавічах аб'яднаў людзей розных інтарэсаў і ўзростаў, якія з гарачым жаданнем імкнуліся падзяліцца скарбамі фальклорнага мастацтва, прапаноўвалі зноў і зноў дакрануцца да найбольш патаемных яго крыніц.

 

Перад пачаткам фестывалю ўсе мелі магчымасць палюбавацца ўнікальнымі работамі народных майстроў нашай шчучынскай зямлі Ванды Машкевіч і Марыі Карповіч.

 

 

Артыстаў і гасцей свята вітаў намеснік дырэктара Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрый Паноў:

 

– Захаванне народных традыцый вельмі важна для нашага народа. І мы павінны не толькі іх берагчы, але і распаўсюджваць. Наша зямля багатая на таленавітых спевакоў і танцораў. І менавіта яны шануюць гэты скарб зямлі беларускай. Сённяшні фестываль – яркае таго пацвярджэнне.

 

Вядучая свята – вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасія Тарас, аб'яўляе першых удзельнікаў фестывалю. Гэта, безумоўна, самая душэўная і непаўторная фальклорная група наша раёна – “Вяргіні”.

 

 

За "Вяргінямі" адны за аднымі на сцэну паднімаюцца хор ветэранаў працы і Узброеных Сіл, вакальная група народнага хору польскай песні “Промень”,  народны ансамбль народнай песні “Сябрына” Жалудокскага Дома культуры.

 

Наступныя выканаўцы – гэта ўдзельніцы аматарскага аб’яднання, якое працуе ў Першамайскім Доме культуры. Яны займаюцца адраджэннем народных свят, вывучаюць гісторыю абрадаў і народных традыцыі і ўсе разам жывуць у маленькай вёсцы. На сцэне – “Куляшоўскія сяброўкі”.

 

Выступленне кожнага ўдзельніка гледачы сустракалі гучнымі апладысментамі. Таксама віталі і народны ансамбль песні “Васільковая раніца”, вакальную групу Навадворскага Дома культуры.

 

 

Пакарылі ўсіх сваім выступленнем Валянціна Андрушкевіч з аг. Орля, дуэт у складзе Станіслава Трусіла і Леаніда Румянцава з аграгарадка Каменка з песняю “Бабка Дар’я”, Аляксандр Чучва з Астрыны, які расказаў кранальную байку, Алена Павукова і Лідзія Малмыга з Першамайска, Леанід Румянцаў.

 

Здаецца, у самую душу пранікалі гукі музыкі, якую выконваў Міхаіл Абухоўскі, далёка-далёка несліся думкі пад дзіўную мелодыю.

 

 

Яркім завяршальным акордам фестывалю стала выступленне танцавальнага калектыву "Скарбоначка" з Дэмбрава. Хлопцы і дзяўчаты не толькі выканалі беларускія танцы, але і падзяліліся сваім майстэрствам – прапанавалі майстар-клас для ўсіх жадаючых.

 

 

Мы ўсе павінны ганарыцца тым, што наша шчучынская зямля багатая вось на такіх спевакоў, танцораў ды іншых артыстаў. Людзі, традыцыі, наша родная зямля – гэта і ёсць наш сапраўды самы дарагі скарб.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!