Тур па малой радзіме ўручылі ўсім камбайнерам-тысячнікам Шчучынскага раёна
Сёння пад адкрытым небам, на адным з хлебных палеткаў ААТ "Васілішкі" адбылося прыгожае дзейства. Героямі ўрачыстасці сталі лепшыя з лепшых камбайнераў з ААТ "Васілішкі", "Дэмбрава", "Шчучынаграпрадукт", філіял "Жалудоцкі агракомплекс" і КСУП "Саўгас "Вялікае Мажэйкава", якія намалацілі больш за тысячу тон зерня. У гэтай элітнай хлебаробскай камандзе 21 чалавек, 11 з якіх – гаспадары васілішкаўскай нівы.
Ушанаваць лідараў жніва прыехалі старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Ложэчнік, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў А.А. Дзесятнічэнка, старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук, прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Г.Ф. Шандроха, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў.
Хвіліна славы для галоўных удзельнікаў жніва распачалася з кранальных слоў вядучай: "Добры дзень, людзі, песень дастойныя!". А старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік ад усёй душы падзякаваў працавітым людзям з шурпатымі, як зямля-матухна, далонямі за дастойную працу. "Мы адчуваем да вас самую глыбокую павагу, – звярнуўся да камбайнераў-тысячнікаў кіраўнік раёна. – Я упэўнены, што дзякуючы такім, як вы, будзем мець добры ўраджай у будучым годзе".
Прывітала шчучынскіх аграрыяў і кіраўнік банкаўскага прафсаюза А.А. Дзесятнічэнка. Яна ўручыла ўсім камбайнерам-тысячнікам падарунак – пуцёўку-тур па малой радзіме, пры гэтым адзначыла: "Уборачная ў гэтым годзе не з лёгкіх, тым не менш, нашы хлебаробы сабралі ўсё да зярнятка. Дзякуючы іх працы жніво на Гродзеншчына ўжо набліжаецца да фінішу. І хаця наперадзе яшчэ многа работ, ужо можна задумацца пра адпачынак".
Дарэчы, спецыяльны маршрут выхаднога дня для камбайнераў падрыхтаваў прафсаюзны тураператар, а скарыстацца ім можна будзе тады, калі аграрыі завершаць сельгасработы. У Год малой радзімы было вырашана паказаць механізатарам брэндавыя беларускія славутасці, унесеныя ў спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, – Мірскі і Нясвіжскі палацы.
Шчучынцы не толькі падзякавалі госці за ўвагу і шчодрасць, але і ўручылі ёй "золата шчучынскай зямлі" – торбачку са збожжам новага ўраджаю.
Жніўныя здабыткі аграрыяў Шчучыншчыны сёлета – гэта больш за 72 тысячы тон зерня. Што яны беражліва сабраны і апынуліся ў засеках, заслуга вялікай арміі хлебаробаў. Дастойны ўнёсак зрабілі і камбайнеры-тысячнікі – Ю.І. Жолік і Д.К. Тарасевіч з ААТ "Васілішкі", С.І. Кахновіч з ААТ "Шчучынаграпрадукт", экіпаж у складзе Д.А. Віткоўскага і П.Я. Арлукевіча з КСУП "Саўгас "Вялікае Мажэйкава" і многія іншыя іх калегі. Для ўсіх гэтых дастойных людзей сёння гучалі душэўныя песні ў выкананні калектыву "Васільковая раніца". Вецер разносіў прыгожыя галасы па васілішкаўскіх прасторах. Здавалася, дырыжыравалі спевакамі сваімі размашыстымі крыламі буслы, якія дружна зляцеліся на ніву і ўнеслі асаблівы прыродны штрых у палявую ўрачыстасць.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.